Вы тут

Чатыры простыя спосабы сяўбы дробнага насення


Дробнае насенне складана раўнамерна размеркаваць у грунце пры сяўбе. У некаторых месцах яно ўзыходзіць рэдка, у іншых, наадварот, занадта часта. Можна звярнуцца да прарэджвання ўсходаў, але не ўсе культуры добра пераносяць такую працэдуру. Радыска пойдзе ў стрэлку, а морква і зусім спыніцца ў росце. Лепш выкарыстоўваць такія метады, якія забяспечаць раўнамернае размеркаванне насення на градцы.


Фота: pixabay.com

У сяўбе дробнага насення ёсць некаторыя нюансы, і яны вельмі важныя.

Першае — глыбіня сяўбы.

Не сейце яго глыбока! Больш за тое, у выпадку з дробным насеннем любая глыбіня будзе «глыбока». Таму вылажыце насенне на паверхню і злёгку прысыпце тонкім пластом глебы, або акуратна ўцісніце насенне ў паверхню. Гэта дазволіць парастку пачаць фотасінтэз адразу ж пасля выхаду з семечка, што будзе выдатным стартам.

Другое — склад глебы.

Вельмі важна падабраць правільны субстрат для сяўбы дробнанасенных раслін. Грунтасумесь можна прыгатаваць сваімі рукамі, а таксама набыць у садовых цэнтрах і крамах. Найлепшы варыянт для дробнанасенных раслін — субстраты на аснове торфу. Яны лёгкія, досыць рыхлыя, не ўсыхаюць пры недахопе паліву і не ўтвараюць на паверхні цвёрдую скарынку, якую мініяцюрным парасткам прабіць вельмі складана. Выбіраючы грунт для такіх культур, варта пазбягаць грунтасумесяў з перлітам. Ён можа значна запаволіць з'яўленне ўсходаў.

Разгледзім самыя папулярныя спосабы сяўбы дробнага насення:

Пры дапамозе зубачысткі

Каб правільна размясціць дробныя семечкі на субстраце і вытрымаць паміж ім дыстанцыю, можна сеяць з дапамогай зубачысткі. Такі спосаб сяўбы дробнага пасяўнога матэрыялу актуальны як для дражыраванага насення, так і для звычайнага. Для сяўбы варта намачыць зубачыстку у вадзе, а насенне вылажыць на далонь. Па адным семечку варта прымацоўваць на вільготную зубачыстку, прыўзнімаючы яго кончыкам прылады. Далей насенне адпраўляецца на пасадку. З дапамогай зубачысткі можна злёгку заглыбіць насенне ў глебу на некалькі міліметраў.

«Вадкая» сяўба

Растварыце 30 г крухмалу ў 100 мл халоднай вады. Тонкім струменьчыкам, пастаянна памешваючы, уліце разведзены крухмал у 900 мл кіпеню.

Ёмістасць з клейстарам пастаўце ў каструлю з кіпенем і прагрэйце масу да 95 °С. Гатовы клейстар астудзіце і прапусціце праз сіта, каб прыбраць плёнкі і камячкі, якія ўтварыліся.

У астуджаны клейстар асцярожна ўсыпце дробнае насенне з разліку 1,5-2 г насення на шклянку вадкасці. Пераліце клейстар з насеннем у імбрычак і праверце «густату» будучай сяўбы на паперы. Калі насенне лягло занадта шчыльна, дадайце яшчэ трохі клейстару. Калі ж адлегласць паміж семечкамі даволі вялікая, падсыпце яшчэ. Каб не панізілася ўсходжасць, пасеяць насенне ў клейстары неабходна на працягу дня прыгатавання.

Стужачны спосаб

Насыпце ў шклянку 3 ст. л. мукі і заліце яе 100 г халоднай вады, старанна перамяшайце. Затым заліце мучную масу шклянкай кіпеню і вымешайце. З туалетнай паперы ці сурвэтак нарэжце стужкі шырынёй 1-1,5 см. Шпрыцам нанясіце на падрыхтаваныя папяровыя палоскі маленькія кропелькі сумесі на абранай для сяўбы той ці іншай культуры адлегласці, прыклейце насенне. Зручней за ўсё падхопліваць дробныя семечкі з дапамогай драўлянай палачкі з намочаным кончыкам. Пакіньце стужкі да поўнага высыхання, а пасля скруціце іх у рулончыкі.

Дражыраванне

Адбярыце якаснае насенне і апрацуйце яго малочнай сыроваткай. Торф, перагной і дзярновую зямлю добра прасушыце, прасейце і насыпце ў шкляны слоік.

Асцярожна ўсыпце ў сухую сумесь яшчэ вільготнае пасля апрацоўкі насенне і лёгенька патрасіце ёмістасць. Затым прасейце змесціва слоіка скрозь сіта або марлю.

«Вылаўленае» дражыраванае насенне вылажыце на сухую паперу і дайце яму падсохнуць.

У такой абалонцы насенне зручней высяваць, бо яно большае па памерах. Да таго ж для пачатку росту, пакуль яшчэ не ўмацавалася каранёвая сістэма, расліне будзе дастаткова неабходных пажыўных рэчываў.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.