Вы тут

Догляд за малінай і птушкі-памочнікі. Карысныя парады ад дачніка


Чаму хварэюць маліны

У малін ёсць нямала хвароб, што з сезона ў сезон «вандруюць» па садах і агародах. Часам садаводы-аматары не надаюць гэтым хваробам асаблівага значэння, а часам проста не ведаюць, як пазбавіцца ад іх. Адразу скажу: не саджайце побач з малінай бульбу — гэта разносчык шматлікіх хвароб. Дарэчы, некаторыя з прычын устараніць даволі проста. Куды больш складана — вызначыць наяўнасць хвароб, выявіць канкрэтнае віруснае захворванне.


Зрэшты, разабрацца ў тым, што вашу расліну атакаваў усё той жа вертыцылёз, і таму яна марнее, можна і не будучы спецыялістам. У пачатку на пашкоджаных кустах малін пачынае сохнуць лісце, сцёблы набываюць блакітную афарбоўку, а потым і яны паступова засыхаюць разам з ягадамі. Узбуджальнікамі такога захворвання з'яўляюцца паслёнавыя культуры: бульба, таматы, баклажаны. Кожная хвароба малін выяўляецца па-свойму і мае свае адрозненні. Ёсць і такое віруснае захворванне, як «кучаравасць». Пры ім прожылкі на лісціках становяцца шклопадобнымі, а часткі ліста хутка закручваюцца бакамі ўніз. Ягады будуць кіслыя! Пры такой хваробе крона на кустах малін становіцца радзейшая, а потым, праз 3-4 гады, куст можа цалкам загінуць.

З вірусных хвароб часцей за ўсё малінніку пагражае «ведзьміна мятла». Яна прыводзіць да таго, што на галінках утвараецца шмат слабых і тонкіх атожылкаў. Лісце на сцёблах драбнее і святлее, моцна хворыя кусты не пладаносяць. У такім разе куст трэба выкапаць і спаліць, інакш казюркі разнясуць гэты вірус па ўсім малінніку! (Карані такой расліны нагадваюць мятлу, адсюль і назва.) Месца, дзе раслі хворыя маліны, павінна быць пустым 3—5 гадоў. Як вядома, асноўнымі пераносчыкамі большасці вірусаў з'яўляюцца тля, цыкадкі і іншыя насякомыя. Калі на кустах малін ці на лісці нізкарослых яблынь з'явіліся няпрошаныя госці, то позняй восенню, лепш да маразоў, трэба эфектыўна апрацаваць іх з распыляльніка растворам бардоскай вадкасці. Такую ж апрацоўку трэба будзе правесці і ранняй вясной да набракання пупышак. А яшчэ памятайце: увесь новы пасадачны матэрыял (кусты і высадкі) неабходна набываць толькі здаровымі, купляць у надзейных прадаўцоў ці проста ў гадавальніках!

Заражэнне малінніку ці пладовых дрэў адбываецца пры траплянні соку з хворай расліны на здаровую — шляхам пераносу насякомымі, а часам і рабочымі прыладамі пры абразанні раслін ці перакопванні глебы. Таму неабходна рэгулярна на працягу лета абследаваць усе насаджэнні. Не варта высаджваць новыя расліны на месца нядаўна выдаленых хворых кустоў. Непасрэднымі папярэднікамі для маліны могуць быць цыбуля на пяро, морква, буракі, радыска, салата і кроп.


Птушкі-памочнікі

З надыходам вясны і да самай восені дачныя сады напаўняюцца дзясяткамі відаў птушак і насякомых. Многія птушкі — добрыя памагатыя садаводаў і агароднікаў, бо знішчаюць шкоднікаў агароднінных, пладовых і ягадных культур, а яшчэ падтрымліваюць урадлівасць дачнай ці садовай глебы.

Да такіх відаў птушак мы, дачнікі-садаводы, павінны ставіцца вельмі беражліва, бо ў многіх выпадках гэта дазваляе скараціць прымяненне хіміі для барацьбы са шкоднікамі. Драпежныя птушкі, такія як сава, канюк і іншыя, знішчаюць велізарную колькасць грызуноў. Тыя ж вераб'і вельмі карысныя ўвесну і ў пачатку лета, бо сваіх птушанят кормяць шкоднымі насякомымі. Вароны, галкі і гракі знішчаюць шкоднікаў непасрэдна ў глебе, у садзе. Выдатна дапамагаюць стрыжы, ластаўкі, гарыхвосткі, ды і тыя ж шпакі, якія сілкуюцца казюркамі на працягу ўсяго года і імі ж частуюць сваіх дзяцей. Працавітыя сініцы, попаўзні, валасянкі і вераб'і здольныя ачысціць ад вусянят, шкодных жучкоў і чарвячкоў усе пладовыя дрэвы!

Асаблівую карысць для саду прыносіць сініца. Яна выключна насякомаедная і корміцца ў асноўным на пладовых дрэвах, знішчаючы ўсіх шкоднікаў. За суткі адна такая асобіна з'ядае столькі насякомых, колькі важыць сама! Парачка сініц можа за лета ачысціць каля 5—10 яблынь і іншых пладовых дрэў. Гэтыя птушкі здольныя змагацца з усімі шкоднікамі, напрыклад, склёўваючы яйкі кольчатага шаўкапрада, вусеняў залатагузкі і іншае. Многія насякомаедныя (сініца, попаўзень, дзяцел) застаюцца зімаваць у месцах свайго пастаяннага пасялення. Падкарміць птушак у халодныя зімнія дні — значыць не толькі захаваць ім жыццё, але і прыцягнуць іх у свой сад. Майце на ўвазе, што пры падкормах ні ў якім разе нельга пакідаць птушкам смажаныя і салёныя семачкі, салёнае сала, проса і сапсаваныя прадукты! Гэта вельмі шкодна, а часта небяспечна і нават смяротна.

А вось натуральнае насенне сланечніку, гарбуза, кавуна, канапель — любімы ласунак для многіх птушак. Хлебныя крошкі, тварог, кавалачкі несалёнага мяса, сала і тлушчу — усё ахвотна будзе прынята імі. Ну а ўлетку, застаўшыся там, дзе іх кармілі, яны па-свойму аддзякуюць вам, вызваліўшы сад ад шкодных насякомых.

Яўген САЛАНОВІЧ, дачнік са шматгадовым вопытам.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.