Вы тут

Нясвіж адзначае 800-годдзе


Сёння адзін з найстарэйшых і найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі — Нясвіж — адзначае 800-годдзе, паведамляе БелТА.


Першым згадваннем Нясвіжа прынята лічыць 1223 год. У гэты час, паводле легенды, у бітве з мангола-татарамі на рацэ Калцы прымаў удзел нейкі Юрый Нясвежскі. Найбольш ранняя дакументальная згадка пра населены пункт адносіцца да 1446 года.

Сэрцам горада з’яўляецца Нясвіжскі замак. Ён быў закладзены князем Мікалаем Хрыстафорам Радзівілам Сіроткам у 1582-1583 гадах. Будынак з’явіўся на месцы драўлянага замка. На працягу ХVI-ХІХ стагоддзяў ён неаднаразова перабудоўваўся. Так ён ператварыўся ў спалучэнне розных прыёмаў і стыляў: сярэднявечнага дойлідства, позняга рэнесансу, барока, класіцызму, каларытных ідэй мясцовых майстроў.

Да канца ХХ стагоддзя замак прыйшоў у запусценне. Са стварэннем музея-запаведніка «Нясвіж» у 1993 годзе пачаўся новы этап яго адраджэння. Рэстаўрацыя палацава-паркавага ансамбля вялася з 1997 года, Нясвіжскага замка — з 2004 года. Работы праводзіліся за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. У 2005 годзе палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы быў унесены ў спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ у ліпені 2012 года экспазіцыя музея-запаведніка «Нясвіж» цалкам адкрылася для наведвальнікаў.

Акрамя Нясвіжскага замка ў горадзе Нясвіжы да цяперашняга часу захаваліся і іншыя ўнікальныя помнікі архітэктуры. У 1587-1593 гадах у горадзе па праекце Джавані Бернардоні быў узведзены першы на беларускіх землях храм у стылі барока — касцёл Божага Цела. Касцёл і ў цяперашні час з’яўляецца дзеючым. У 1982 годзе на пляцоўцы за агароджай паўднёвага фасада касцёла пастаўлены помнік вядомаму дзеячу Рэфармацыі XVI стагоддзя Сымону Буднаму.

У 1596 годзе была пабудавана Нясвіжская ратуша, помнік архітэктуры XVI-XVIII стагоддзяў, які з’яўляецца найстаражытным сярод ратушных пабудоў, якія захаваліся на тэрыторыі Беларусі. З 1997 па 2004 год на помніку праводзіліся рэстаўрацыйныя работы. У выніку фасады будынка набылі сваё першапачатковае аблічча, адноўлены верхнія ярусы вежы, зноў (як і ў XVI стагоддзі) вежу ўпрыгожылі гарадскі гадзіннік і назіральная пляцоўка.

Гарадская Слуцкая брама з’яўляецца ўнікальным помнікам беларускага барока. Гэта адзіная з пяці гарадскіх варот, пабудаваных у сістэме гарадскіх умацаваннняў у канцы XVI — пачатку XVII стагоддзяў, якія захаваліся ў Нясвіжы. У 2006-2007 гадах праведзены капітальны рамонт Слуцкай брамы, добраўпарадкавана тэрыторыя вакол помніка. Работы праводзіліся за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

У паўднёвай частцы горада размяшчаецца комплекс пабудоў былога кляштара бенедыктынак. Яго заснаванне адносіцца да 1590-1595 гадоў. Гэта быў першы ў Беларусі жаночы каталіцкі манастыр.

Нясвіж вядомы як месца правядзення буйных культурных мерапрыемстваў. З 1996 года ў горадзе праводзіцца рэспубліканскі фестываль старадаўняй і камернай музыкі «Музы Нясвіжа». З 2010 года штогод праходзяць Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў.

У 2012 годзе Нясвіж быў культурнай сталіцай Беларусі. Гэта сведчыць аб высокай ацэнцы дасягненняў горада ў сферы культуры як у мінулым, так і ў сучаснасці.

У ліпені 2023 года ў горадзе ўпершыню прайшоў двухдзённы летні фестываль музыкі «Джаз у горадзе N», сумесны праект Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я.Фінберга і гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж».

Свой 800-гадовы юбілей горад плануе адзначыць з вялікім размахам. У Нясвіжы пройдзе фестываль гістарычных рэканструкцый «Нясвіжская фартэцыя». Будуць разыграны эпізоды перыяду XIV-XIX стагоддзяў (конны турнір, пешыя паядынкі, турніры лучнікаў, бітвы пяцёрак). Разгорнецца горад майстроў, для гасцей арганізуюць майстар-класы, выступяць прафесійныя і аматарскія калектывы мастацкай творчасці.

У Дзень горада адбудзецца парад стылізаванай тэхнікі арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна «Нясвіж: 800 гадоў у шляху», упершыню адбудуцца фестывалі сыру і марожанага. Пройдуць кніжныя выставы, спаборніцтвы па пляжным валейболе. Гулянні пройдуць на 16 пляцоўках. Завершыцца свята феерверкам на Ратушнай плошчы, дыскатэкай і лазерна-прамянёвым шоу.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Якія прынцыпы закладвае ў выхаванне сваіх дзяцей лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года»?

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.