Вы тут

Леанід Шварцман: Я жыў на Ракаўскай вуліцы...


З Леанідам Аронавічам Шварцманам (1920 — 2022) мяне звязвае тоненькая стужачка ўспамінаў. Працуючы ў газеце «СБ. Беларусь сегодня», часам пісаў для беларуска-расійскай газеты «Союз: Беларусь — Россия», якая раз на тыдзень выходзіла ўкладкай і ў беларускай штодзённай газеце «СБ. Беларусь сегодня», і ў маскоўскай «Российской газете». І, канешне ж, тэмы стараўся шукаць тыя, якія маглі б зацікавіць чытача самага патрабавальнага... Так падрыхтаваў цыкл гутарак з добра вядомымі на агульнай постсавецкай прасторы дзеячамі культуры і мастацтва — пісьменнікамі Чынгізам Айтматавым, Давідам Кугульцінавым, Віктарам Бокавым, Ірынай Такмаковай, Барысам Дубровіным, Юрыем Рытхэу, акцёрамі Леанідам Невядомскім, Ірынай Мазуркевіч, скульптарам Эрнстам Неізвестным... Са сваімі суразмоўцамі гутарыў па тэлефоне. Здаралася, што даводзілася званіць па некалькі разоў. А з кімсьці проста перамаўляўся два-тры разы, а інтэрв’ю чамусьці не атрымлівалася. Мо настрой не адпавядаў, мо іншыя прычыны знаходзіліся, да некага, пэўна, не ў пару патэлефанаваў... Але і гэтыя размовы затрымаліся ў памяці — як, дарэчы, з Анатолем Алексіным, Мустаем Карымам... За некаторымі гутаркамі — даўняе сяброўства, сустрэчы ў розных гарадах і краінах. Як — з туркменскім кінарэжысёрам Хаджакулі Нарліевым. Мы з ім знаёмы былі па ашхабадскіх, туркменскіх гадах сярэдзіны 1980-х... А з паэтам і празаікам Барысам Дубровіным ці не паўтара дзесяцігоддзя перад інтэрв’ю ліставаліся... 


Фота storyfox.ru

Леанід Аронавіч Шварцман, якому пазваніў, даведаўшыся, што ён нараджэннем з Мінска, на гутарку пагадзіўся адразу. У выніку з’явілася інтэрв’ю, якое было надрукавана ў газеце «Союз» 20 лістапада 2003 года, — «Крёстный отец» Чебурашки«. Так, найбольшая вядомасць Шварцмана — гэта яго ўдзел як мастака-пастаноўшчыка ў стварэнні візуальнага вобраза Чабурашкі для мультфільма Рамана Качанава «Кракадзіл Гена» у 1969 годзе. А ў гутарцы для «Союза» народны мастак Расійскай Федэрацыі (званне Леанід Аронавіч атрымаў у 2002 годзе) заўважыў наступнае: «...Усе ведаюць выдатныя кнігі Эдуарда Успенскага. Але кнігі маглі б так кнігамі і застацца, пахаваўшы Чабурашку, які так яшчэ і не нарадзіўся... Справа ў тым, што пісьменнік, шмат чаго расказаўшы маленькім чытачам, не апісаў знешнасць Чабурашкі. І калі Раман Качанаў, рэжысёр фільма, запрасіў мяне папрацаваць мастаком-пастаноўшчыкам, я ўзяўся прыдумваць свайго Чабурашку. Няма ж у прыродзе такой істоты. Ды і кніга не падказвала яго партрэт. Спярша, задумаўшчы стварыць крыху мяккага, пухнатага чалавечага звярка, намаляваў свайго „вушасціка“ з нагамі, хвастом. Малюнкі паказаў Раману Качанаву, другім удзельнікам творчай групы. Стварыўся ўжо нейкі вобраз. Але разам з тым і шліфоўка працягвалася. Дзеля таго, каб палегчыць „падарожжа“ Чабурашкі па мультыплікацыйнай „шматстаронкавасці“, адмовіліся ад ножак, засталіся толькі ступні. Знік і хвост. Так нарадзіўся чалавечы звярок, гэтакае добрае мультыдзіва...» 

Інтэрв’ю надрукавалі, а вось для мяне засталіся яшчэ пытанні... Спытаўшы дазволу, ці магу я напісаць яшчэ і ліст, калі ўзнікнуць якія пытанні, атрымаў ад Леаніда Аронавіча станоўчы адказ, атрымаў і адрас: Масква, Сірэневы бульвар, дом 47, кватэра 77... Завязалася перапіска. Мастак даслаў мне паштоўкі з яго малюнкамі да розных мультфільмаў. Даслаў і арыгінальную, ім намаляваную паштоўку як віншаванне з Новым, 2004-м. годам. Малпа (успомніце: Шварцман — і мастак-пастаноўшчык, і рэжысёр цэлага цыкла мультфільмаў пра малп, якія выйшлі на экрнаы ў 1983 — 1997 гады!) трымае келіх з чырвоным напоем — шампанскім ці віном. Унізе як аўтограф: літары «Л. Ш.»

З ліста ад 8 студзеня 2004 года: «Паважаны Алесь! Віншую Вас з Новым годам. Вельмі рады, што Вы атрымалі мой заказны ліст з малюнкамі і фотаздымкамі. 

Раскажу крыху пра сябе і галоўных маіх фільмах. Сумесна з А. Вінакуравым, таксама мастаком-пастаноўшчыкам, і рэжысёрам Л. Атаманавым мы стварылі „Аленький цветочек“ у 1952 г., „Залатую антылопу“ — 1954 г. і „Снежную каралеву“ — 1956 г. Затым я шмат гадоў працаваў з рэжысёрам Р. Качанавым. „Згубілася ўнучка“ — 1966 г., „Рукавічка“ — 1967 г., „Кракадзіл Гена“ — 1969 г., „Чабурашка“ — 1971 г., „Шапакляк“ — 1973 г., „Аўрора“ — 1974 г. З рэжысёрам І. Уфімцавым мы зрабілі серыял „38 папугаяў“ (8 фільмаў) — 1976 — 1979 гг.

У 1976 г. я ізноў пачаў працаваць як мастак з рэжысёрам Л. Атаманавым над серыялам „Кацяня з імем Гаў“ (4 фільмы) — 1976 — 1981 гг. Калі Леў Канстанцінавіч памёр у 1981 годзе, я завершыў пяты фільм як рэжысёр і мастак. 

Затым я зрабіў фільм „Гірлянда з немаўлят“ — 1993 г. Да 1997 года я ўжо ствараў фільмы як рэжысёр і мастак. <...>

З 1954 года я член Саюза мастакоў СССР. 

З 1957 — член Саюза кінематаграфістаў СССР. 

У 2002 годзе мне прысвоена званне „Народны мастак Расіі“. 

Вось што мне хацелася вам паведаміць. 

З найлепшымі пажаданнямі — Л. Шварцман. 

Прабачце за дрэнны почырк. 

8. 01. 2004». 

Былі і іншыя лісты. Нешта, на вялікі жаль, згубілася. Ды і я саромеўся дакучаць мастаку, бо навідавоку было захворванне пальцаў, якімі ён, пэўна, з вялікай цяжкасцю выводзіў літары... Невыпадкова ж і прабачэння папрасіў «за дрэнны почырк». 

У адным з пісьмаў Леанід Аронавіч расказаў пра другога мінчаніна — Льва Мільчына... Я ўжо ведаў, што ёсць такі таленавіты мастак-пастаноўшчык і рэжысёр у савецкай мультыплікацыі, што нарадзіўся ён у Мінску... Але шмат цікавей было прачытаць пра яго ў лісце нашага земляка... «Паважаны Алесь, — напісаў Леанід Аронавіч. — з задавальненнем раскажу Вам пра майго сябра дзяцінства Льва Мільчына. 

Мы з ім нарадзіліся ў Мінску. Ён — 18 жніўня 1920 г. А я 30 жніўня 1920 г. абодва пайшлі ў „нулёўку“ у 1927 годзе ў школу N 5. Абодва малявалі з дзяцінства. Але так, як маляваў Лёва, у нас ніхто не маляваў. Ён маляваў на ўсіх уроках і маляваў заўсёды. Яго малюнкі — гэта шматфігурныя кампазіцыі; рыцарскія двубоі, марскія баі; грандыёзныя будоўлі дамоў і заводаў. Нас, яго аднакласнікаў, здзіўляла яго фантазія і яго хуткасць малявання. Мы абодва вучыліся ў мастацкай студыі ў выкладчыка Валянціна Віктаравіча Волкава. Закончыўшы дзесяцігодку ў школе N 42 у 1938 годзе, мы паехалі ў Ленінград паступаць у Акадэмію мастацтваў. Абодва не паступілі. Але я пайшоў вучыцца ў школу пры Акадэміі, а Леў Ісаакавіч паехаў у Маскву і паступіў на мастацкі факультэт „ВГИКа“. 

У 1943 годзе ён бліскуча абараніў дыплом на тэму „Ціль Уленшпігель“. У 1944 годзе працаваў мастаком-пастаноўшчыкам на фільме „Нашэсце“ з рэжысёрам Абрамам Роамам. У 1945 г. мастак-пастаноўшчык мультфільма „Канёк-гарбунок“ з рэжысёрам Івановым-Вано. Стварыў шмат мультфільмаў як мастак і рэжысёр. Паралельна выкладаў у „ВГИКе“. У 1945 г. я паступіў у „ВГИК“, ён выкладаў у нас карыкатуру і шарж. Бацька яго быў мастаком. Бацька, маці і сястрычка загінулі ў мінскім гета. Жылі яны на былой Шырокай вуліцы на беразе Свіслачы, насупраць тэатра Оперы і балета. Памёр Леў Ісаакавіч у 1987 годзе. 

<...> 

Я жыў на Ракаўскай вуліцы, у раёне Нямігі. Бацька мой з Вільнюса, а мама — мінчанка. Бацька працаваў на цагляным заводзе. Старэйшыя брат і сястра ўжо памерлі. Вось, здаецца, і ўсё...»

Леанід Аронавіч Шварцман памёр 2 ліпеня 2022 года ў адной з маскоўскіх бальніц. На 102-м годзе жыцця. Адпяванне прайшло ў царкве Мікалая Цудатворцы ў Новай Слабадзе. Развітваліся з мастаком мультыплікацыйнага кіно ў Маскоўскім Доме кіно. Пахаваны наш зямляк у вёсцы Зарэчча ў Кіржацкім раёне Уладзімірскай вобласці. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.