Вы тут

Беларусы паўдзельнічалі ў фестывалі гістарычнай рэканструкцыі пад Масквой


2 — 3 верасня у падмаскоўным Барадзіно праходзіла маштабная рэканструкцыя бітвы, якая адбылася 211 год таму. На Барадзінскім полі сабраліся каля 700 рэканструктараў з усіх куткоў Расіі, а таксама з замежжа. Не абышлі ўвагай гэта мерапрыемства і беларусы: каля 20 чалавек, якія прадстаўлялі тры клубы гістарычнай рэканструкцыі з нашай краіны. Найбольш шырока быў прадстаўлены клуб «Фузілёры-грэнадзёры імператарскай гвардыі Напалеона», прыехалі таксама «Беларускія гусары» і пешыя егеры Рускай Імператарскай арміі. 


«Фузілёры-грэнадзёры падчас цэрыманіяла каля манумента»

На жаль, што надвор’е ўнесла свае карэктывы ў план фестываля. Амаль на працягу ўсёй суботы ліў марудны дождж, з-за чаго былі адменены трэніровачныя манёўры, якія праводзяцца звычайна перад асноўным днём рэканструкцыі Барадзінскай бітвы. Аднак удзельнікі мелі магчымасць адпачыць перад цяжкім боем, пабавіць час за прыемнымі размовамі пад навесамі, зробленымі па гістарычных узорах, як і ўсё ў лагеры. А ўвечары, калі дожд спыніўся, паспяваць разам песні каля вогнішча.

Дарэчы, лагер на такіх вялікіх фестывалях з’яўляецца сапраўдным паркам жывой гісторыі: усе ўдзельнікі быццам ператвараюцца ў гасцей з мінулага, вядуць быт, гатуюць ежу, прыбіраюцца і нават начуюць прыблізна так, як рабілі два стагоддзі таму. Гледачы могуць прагуляцца, паназіраць за працай маркітантак і фур’ераў, чыткай і падрыхтоўкай формы, салдацкімі заняткамі, сфатаграфавацца з рэканструктарамі і задаць ім пытанні. Лагер у гэтым годзе расцягнуўся амаль вакол усяго поля, а каля манумента героям бітвы на полі былі адкрыты для гледачоў інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе можна было даведацца пра паходную ваенную медыцыну, кавальскую справу, быт, асаблівасці ўніформы, размеркаванне сіл падчас вайны 1812 года. Усе, а асабліва дзеці, цікавіліся дзіўнымі прадметамі мінуўшых дзён, мелі магчымасць нават патрымаць у руках ці прымерыць абмундзіраванне ваяроў XIX стагоддзя. 

Маленькі барабаншчык Міраслаў Курыла з Беларусі

Беларускія «сапёры» (два справа) са сваімі расійскімі калегамі

А ўжо ў нядзелю, пры цудоўным сонечным надвор’і, адбыліся галоўныя падзеі фестываля. Беларускія рэканструктары прынялі ўдзел у цэрыманіяле каля Манумента героям Барадзінскай бітвы, дзе выступіў дырэктар Барадзінскага музея, а таксама прадстаўнікі Мажайскай раённай адміністрацыі і іншых устаноў і аб’яднанняў. Да манумента ўсклалі кветкі у тым ліку замежныя госці: прадстаўнікі Лівана, Егіпта, Бразіліі і ПАР, а манахіні Спаса-Барадзінскага манастыра правялі малебен у памяць тых, хто загінуў у гэтай бітве. 

Пасля цэрыманіяла пачалося тое, што чакалі ўсе, — рэканструкцыя бітвы! На вялікім полі паступова занялі свае пазіцыі артылерысты, вершнікі, пехотныя шыхты, некаторыя з якіх налічвалі адразу да 50 чалавек. Толькі ўявіце сабе такі калектыў у аднолькавых, як на падбор, яркіх і ладных мундзірах з начышчанымі да бляску гузікамі і металічнымі часткамі зброі! Бой пачаўся! Кавалерыйскія атакі шырокім строем і сшыбкі адбываліся непасрэдна перад трыбунамі, гучныя залпы артылерыі раз-пораз зацягвалі поле белым дымам, вялікія пехотныя шыхты перамяшчаліся, зладжана разварочваліся, сыходзіліся ў штыкавыя атакі... Перад вачыма гледачоў кіпела бітва, а яны з захапленнем назіралі за гэтым, то спачувалі аднаму боку, то падтрымлівалі другі, то ўскрыквалі ад нечаканых выбухаў і залпаў. Дзякуючы каментарам гісторыка Барыса Кіпніса нават тыя, хто зусім дрэнна ведае гісторыю, маглі разумець, дзе які полк ці атрад і што адбываецца на полі. А там бралі рэдуты, захаплялі пленных, арганізоўвалі і адбівалі атакі, сюды-туды ляталі на канях ад’ютанты і ардынарцы, каб перадаць чарговыя загады камандзіраў. Нават дасведчаныя рэканструктары пасля баталіі казалі, што ў гэты раз было асабліва горача. 

Зводны гвардзейскі шыхт пад кіраўніцтвам Зміцера Ракава

Артылерыйскі залп (Клуб «Залп» з Расіі)

Кірасіры (клуб «5 полк кірасір Вялікай арміі» з Расіі)

Дарэчы, зводным шыхтам Імператарскай гвардыі Напалеона, дзе дзейнічалі прадстаўнікі клуба «Фузілёры-грэнадзёры імператарскай гвардыі» з Мінска, камандаваў якраз беларус, кіраўнік клуба Зміцер Ракаў. Гэта быў першы для яго досвед камандавання настолькі вялікім шыхтам, наш земляк быў у захапленні ад аказанага яму даверу і гонару і выканаў усё, што ад яго чакалі. У выніку Зміцер, як прадстаўнік свайго клуба, быў узнагароджаны сярод іншых памятным медалём Барадзінскага музея-запаведніка. 

Кавалерыйская сшыбка

Пасля баталіі, аб’яўлення падзяк і ўзнагароджання, гледачы пэўны час не адпускалі ўдзельнікаў, усім хацелася сфатаграфавацца з імі. Аднак усё ж трэба было збіраць лагер і адпраўляцца дадому, каб у панядзелак ужо вярнуцца да сваіх звычайных штодзённых заняткаў.

Зводны гвардзейскі шыхт пад кіраўніцтвам Зміцера Ракава

Ганна РОВІНА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.