Прадаць непатрэбныя або былыя ва ўжыванні рэчы, каб вызваліць месца ў кватэры і атрымаць за іх хоць бы невялікую грашовую кампенсацыю — гэты занятак сёння ў трэндзе. Але часам як прадаўцы, так і пакупнікі сутыкаюцца з праблемнымі «контрагентамі». Якія «маячкі» сігналізуюць аб тым, што здзелка можа аказацца няўдалай ці вас проста абдураць?
Яны будуць весці з вамі бясконцую перапіску, раскажуць усе падрабязнасці свайго жыцця, будуць задаваць масу пытанняў, адбяруць час, але ў выніку нічога не купяць. Ну ці не прыйдуць атрымліваць пасылку на пошту.
Таксама не варта марнаваць час на тых, хто аддае перавагу зноcінам выключна па перапісцы на сайтах. Калі чалавек баіцца сказаць нумар свайго тэлефона — нешта тут не так. Самая простая сітуацыя: пакупнік спазняецца на сустрэчу, сам не тэлефануе, і вы яму не можаце патэлефанаваць.
Не кожнаму, хто марыць аб брэндавым адзенні і аксесуарах, яны па кішэні ў буціках. А вось тыя, што былі ва ўжыванні, прыкметна таннейшыя. Аднак не факт, што на папулярных гандлёвых пляцоўках будзе прадавацца сапраўды фірменная рэч, а не падробка высокай ці нізкай якасці.
У апісанні рэчы паведамляюць пра яе стан. Усё проста, калі гэта рэальна новая рэч, якую прадавец не выкарыстоўваў. А вось былыя ва ўжыванні прадметы гаспадар не заўсёды ацэньвае адэкватна. Перашкаджаюць эмоцыі, і таму тое, што для яго ідэальны стан, для пакупніка можа быць усяго толькі здавальняльным. Нездарма ж рэкамендуюць сумленна і падрабязна апісваць тавар.
Таму рэчы, якія былі ва ўжыванні, лепш за ўсё купляць у сваім населеным пункце, як кажуць, з рук у рукі, каб паглядзець рэч і пераканаецца, што яна адпавядае чаканням.
Пошук лохаў — вядомая забава. Напрыклад, уладальнік «вельмі якаснага мангала» прапануе абмяняць яго на знешні дыск (сярэдні кошт дыска 200 рублёў). І па патрабаванні гаспадара дыска дасылае фота мангала, найвялікшы кошт якому ў кірмашовы дзень 20 рублёў.
Адзін чалавек можа мець столькі акаўнтаў, колькі ў яго нумароў тэлефонаў. Дарэчы, не абавязкова самому мець некалькі нумароў, да такога «бізнесу» падключаюць сяброў, членаў сям'і. І вось хітры пакупнік знаходзіць тавар, які яго цікавіць. Дапусцім, той жа знешні дыск. З розных акаўнтаў пачынае «бамбіць» прадаўца: маўляў, куплю, але не за 200, а... за 50 рублёў. Калі на працягу дня прыходзіць тры-чатыры такія паведамленні, прадавец міжволі думае: можа, завышаю кошт? Пачынае маніторыць цэны на аналагічны тавар і бачыць, што не, не завышае. Таму не паддавайцеся такому прэсінгу.
Звычайна перасылка рэчаў ажыццяўляецца за кошт пакупніка. І нярэдка ён просіць: маўляў, не пазначайце, што далікатнае, ацаніце кошт у рубель, так перасылка атрымаецца таннейшый. Аднак калі рэч у дарозе разаб'ецца ці пасылка згубіцца, то ў першым выпадку пошта наогул не кампенсуе выдаткі, таму што не было адзнакі аб далікатнасці тавару. У другім выпадку пошта кампенсуе тую суму, у якую была ацэнена пасылка.
Дарэчы, некаторыя аператары аказваюць такую паслугу, як праверка камплектнасці. Гэтую опцыю варта ўключаць, каб пацвердзіць: вы даслалі тое, што абяцалі, і належнай якасці.
Усё проста, калі тавар перадаецца з рук у рукі. А калі яго даводзіцца адпраўляць па пошце ці кур'ерам, то аптымальныя варыянты — накладная плата ці перадаплата. Гэта калі вы прадавец.
А калі пакупнік, то ёсць рызыка. Вядомыя выпадкі, калі па перадаплаце замест абяцанага тавара высылалі якую-небудзь драбязу. Да моманту атрымання пасылкі нядобрасумленны прадавец выдаляў свой акаўнт з сайта.
Ну і нагадаем класіку. Для пераводу грошай на карту дастаткова ведаць яе нумар і тэрмін дзеяння. Калі вас просяць CVV-код (3 лічбы на абароце карты) або код з SMS-паведамлення з банка, значыць, дзейнічае махляр.
Калі рэчы прадаюць тэрмінова і прыкметна танней за рынкавы кошт, гэта павінна насцярожыць. Магчыма, яны крадзеныя. Нядаўна ГУУС Мінгарвыканкама паведамляла аб такім выпадку. Прадавец-кансультант «экспрапрыяваў» смартфоны з крамы, у якой працаваў, і прадаваў іх праз інтэрнэт.
Таксама танней за рынкавую цану прапануюць рэчы аферысты, якія абавязкова запатрабуюць перадаплату ці хаця б невялікую суму за «браніраванне».
Незнаёмец просіць апублікаваць за ўзнагароджанне яго аб'яву ад вашага імя. Потым просіць перадаваць яму кантакты пакупнікоў. Аферыст звязваецца з пакупнікамі праз розныя мэсэнджары, атрымлівае перадаплату ад некалькіх чалавек і хаваецца. Усе прэтэнзіі ў такім выпадку будуць да таго, у чыім акаўнце размешчана аб'ява.
Дарэчы, на сайтах усіх папулярных інтэрнэт-пляцовак-пасярэднікаў пры куплі-продажу рэчаў есць раздзелы аб бяспецы, аператыўна абнаўляецца інфармацыя аб новых відах махлярства — не лянуйцеся іх чытаць.
Ксенія КАВАЛЕЎСКА
Бяспека рэальная, віртуальная, у навальніцу і на адлегласці.
Яшчэ нядаўна поле сланечніку здавалася нам дзіўнай з'явай.
«Эфект шафёра» лічыцца адной з распаўсюджаных ментальных пастак.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?