Вы тут

ЦВК устаноўлена сярэдняя колькасць выбаршчыкаў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў


Усяго ў краіне будзе сфарміравана 1284 Саветы дэпутатаў. Сярэдняя колькасць выбаршчыкаў на выбарчую акругу складзе 61 960 чалавек. Як паведаміў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, аналагічныя рашэнні прыняты на месцах, вызначана таксама колькасць акруг, якія будуць утварацца да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў. «Гэта лічба складзе 12 514 акруг, што на 5,5 тысячы менш у параўнанні з кампаніяй 2018 года, — дадаў ён падчас пасяджэння ЦВК. — Колькасць саветаў зменшылася на 25».


Пастанова Цэнтрвыбаркама змяшчае падрабязнае апісанне межаў кожнай акругі, а таксама яе найменне, нумар, колькасць выбаршчыкаў і месца знаходжання акруговых выбарчых камісій. Дакумент будзе апублікаваны на афіцыйным сайце Цэнтральнай камісіі, а таксама ў друкаваных сродках масавай інфармацыі. Праведзена работа па нанясенні межаў выбарчых акруг на публічную кадастравую карту Рэспублікі Беларусь.

Абноўлены сайт і падарунак для маладых выбаршчыкаў

Ажыццяўляецца поўная мадэрнізацыя сайта Цэнтральнай выбарчай камісіі, адпрацоўваюцца пытанні павышэння яго прапускной магчымасці. «Мы бачым, што на сайты дзяржорганаў нярэдка ідуць знешнія атакі, здольныя непадрыхтаваны сайт „пакласці“, — патлумачыў Ігар Карпенка прычыну гэтай работы. — Цудоўна разумеем, што ўсе месенджары, якія ў нас ёсць у сацыяльных сетках, могуць быць адключаныя, заблакіраваныя для нас і г. д. Таму будзем арыентаваць усіх на тое, што першая і самая дакладная інфармацыя Цэнтральнай выбарчай камісіі будзе размяшчацца на сайце ЦВК».

Маладым выбаршчыкам, якія ўпершыню прыйдуць на выбарчыя ўчасткі ў адзіны дзень галасавання, будуць уручаны падарункавыя выданні Канстытуцыі. Такое рашэнне было прынята на пасяджэнні ЦВК. Усяго будзе выпушчана каля 180 тысяч падарункавых выданняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь на рускай і беларускай мовах. Маладым людзям, якія ўпершыню прагаласуюць на выбарчых участках, падарункавае выданне ўручаць як у адзіны дзень галасавання, так і ў перыяд датэрміновага галасавання. Як удакладнілі ў ЦВК, да тых, хто галасуе ўпершыню, будуць адносіцца грамадзяне, якія дасягнулі ўзросту 18 гадоў у перыяд з 28 лютага 2022 года да 25 лютага 2024 года ўключна.

Выбарчыя ўчасткі за мяжой фарміравацца не будуць

У размове з журналістамі старшыня ЦВК Ігар Карпенка расказаў аб запрашэнні замежных наглядальнікаў на адзіны дзень галасавання. «Гэтае пытанне прапрацоўваецца тымі суб’ектамі, хто можа запрашаць замежных назіральнікаў, — адзначыў ён. — Акрамя ЦВК, такім правам валодаюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, абедзве палаты парламента, Савет Міністраў і МЗС. Але пакуль казаць аб запрашэнні, прынамсі афіцыйным, рана, бо трэба дачакацца выхаду ўказа кіраўніка дзяржавы ў сярэдзіне лістапада, які акрэсліць пачатак выбарчай кампаніі. З моманту з’яўлення ўказа пачнецца вылучэнне ў склады камісій — тэрытарыяльных, акруговых, участковых. Пачнецца збор подпісаў, рэгістрацыя груп, вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты». Ігар Карпенка расказаў, што на пасяджэнні Кансультатыўнага савета, які праходзіў ва Узбекістане ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў у гэтай краіне, ён запрасіў сваіх калег — старшыняў ЦВК краін СНД, якія ўваходзяць у Кансультатыўны савет выбарчых органаў краін СНД, — прыехаць і прыняць удзел у назіранні за адзіным днём галасавання.

Па меркаванні старшыні Цэнтрвыбаркама, рашэнне аб тым, што на выбарах не будуць фарміравацца выбарчыя ўчасткі за мяжой, не ўшчамляе правы грамадзян. Той, хто выехаў за мяжу па тых ці іншых прычынах, зможа прыехаць у Беларусь, прыйсці на ўчастак і прагаласаваць або ў перыяд датэрміновага галасавання з аўторка да суботы, або ў адзіны дзень галасавання — 25 лютага 2024.

Ігар Карпенка ўдакладніў: для таго каб прагаласаваць, патрэбны дакумент, які пацвярджае асобу. «Такім з’яўляецца пашпарт, але ЦВК традыцыйна прымае рашэнне аб тым, якія яшчэ дакументы могуць сведчыць асобу грамадзяніна, — заўважыў ён. — У выпадках, калі пашпарт, дапусцім, знаходзіцца на афармленні, пададзены на атрыманне візы і г. д. Да такіх дакументаў мы, як правіла, адносілі вадзіцельскае пасведчанне, пенсіённае пасведчанне, студэнцкі білет і іншыя. Гэта чыста працэдурныя пытанні».

Паводле БелТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.