Вы тут

Уражаннямі пра Беларусь дзеляцца башкартастанцы


Пасля заканчэння Дзён башкірскай літаратуры ў Беларусі мы звярнуліся да башкірскіх літаратараў, каб пачуць іх уражанні, разважанні пра гэтую падзею. І вось што пачулі ў адказ...


Айгіз Баймухаметаў, старшыня Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Башкартастан: 

— Уразілі многія адкрыцці, якія мы зрабілі за некалькі дзён. Асабліва — экскурсія ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, круглы стол пра беларуска-башкірскія стасункі ў сценах гэтага музея... З вялікай увагай мы слухалі выступленне беларускага публіцыста, палітолага Уладзіміра Макарава, які расказаў пра баявы шлях 112-й Башкірскай кавалерыйскай дывізіі па тэрыторыі Беларусі, удзел байцоў і камандзіраў гэтага ўнікальнага вайсковага злучэння, пра якое ведае кожны башкартастанец, у баях на Гомельшчыне, Магілёўшчыне. А калі загучала песня пра легендарнага генерала Шаймуратава, камандзіра гэтай дывізіі, ды яшчэ па-башкірску загучала, усе прысутныя ўсталі і падпявалі, хто як мог. Дзякуй нашай спявачцы, нашай зорцы Альфіі Юлчурынай, што была побач з намі. Мяркую, што разам з беларускімі пісьменнікамі мы здзейснім нямала добрых спраў. Выдадзім кнігі беларусаў у Башкартастане, башкірскіх паэтаў і празаікаў — у Беларусі. Ваша краіна застанецца ў нашых сэрцах... 

Як прапанова для беларускіх мастакоў слова, для беларускіх даследчыкаў гісторыі, культуры, літаратуры... Ёсць знакавыя імёны, ёсць даволі цікавыя лёсы, вывучэнне жыццяў, біяграфій якіх дапамагло б большаму нашаму яднанню. У Башкартастане працаваў аўтар кнігі «Беларускі казачны эпас», унікальны падарожнік па самай глыбінцы Башкартастана ў пошуках легенд і паданняў, славуты фалькларыст Леў Бараг, які надзвычай шмат зрабіў і для беларускай культуры. Чаму б нам разам не паяднацца ў стварэнні вартай кнігі пра гэтага вучонага, якога і сёння памятаюць, шануюць ва Уфе?! У Беларусі загінуў башкірскі паэт Зінат Куціп. Варта знайсці яго сляды, шырэй даследаваць яго франтавую біяграфію. Мне здаецца, што яго імя можа стаць сапраўдным сімвалам нашай літаратурнай дружбы!..

Зульфія Хананава, паэтэса, перакладчыца, публіцыст, лаўрэат Рэспубліканскай маладзёжнай прэміі імя Шайхзады Бабіч, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Башкартастан, прэміі імя Р. Хісамутдзінавай: 

— Даўно сябрую з Беларуссю, ведаю многіх паэтаў і перакладчыкаў. Мае творы на беларускую мову пераклалі Віктар Шніп, Святлана Быкава, Генадзь Аўласенка і шмат хто яшчэ з добрых беларускіх сяброў. Мару пра сваю асобную аўтарскую беларускую кнігу. Веру, што гэтая надзея спраўдзіцца. Ведаю, што ў Беларусі выходзіць серыя паэтычных зборнікаў на беларускай мове «Сябрына: паэзія народаў Расіі». У ёй выйшлі кнігі маіх старэйшых таварышаў з кагорты паэтаў Расіі — удмурта Вячаслава Ар-Сяргі, народнага паэта Татарстана, грамадскага і палітычнага дзеяча Роберта Мінуліна, чуваша Валеры Тургая... Мне здаецца, што сёння, асабліва пасля такога грандыёзнага літаратурнага свята дружбы, якім сталі Дні башкірскай літаратуры ў Беларусі, у нас, у нашых нацыянальных літаратур, ёсць усе падставы выбудаваць трывалы літаратурны мост дружбы. Гэтая паездка, спадзяюся, будзе не апошняй. Мы, зразумела, чакаем беларускіх пісьменнікаў ва Уфе.

Ларыса Абдуліна, дзіцячая пісьменніца, лаўрэат Прэміі Урада Расійскай Федэрацыі ў галіне сродкаў масавай інфармацыі, Рэспубліканскай маладзёжнай прэміі імя Шайхзады Бабіча: 

— Мы сёлета зрабілі з беларускім дзіцячым часопісам «Вясёлка» супольны праект. «Вясёлка» расказала пра Башкартастан, а мы ў сваім часопісе «Акбузат» надрукавалі і творы беларусаў, і малюнкі беларускіх дзетак. Мяркую, што трэба як мага болей супрацоўнічаць менавіта на дзіцячых творчых пляцоўках, прыцягваць да нашых творчых спраў маладых паэтаў і празаікаў, маладых перакладчыкаў. Я пабывала ў гасцях у рэдакцыі часопіса «Вясёлка», парадавалася, наколькі аўтарытэтнае выданне адрасуецца ў Беларусі малодшым школьнікам, пазнаёмілася з галоўным рэдактарам часопіса публіцыстам Анастасіяй Радзікевіч. Была ўражана нашай размовай, веру, што многія планы ў развіцці стасункаў і нашых выданняў, і беларускіх і башкірскіх дзіцячых пісьменнікаў здзейсняцца. 

Вельмі важны кірунак супрацоўніцтва — кнігі, адрасаваныя дзецям, падлеткам. Ведаю, што ў Беларусі на высокім узроўні развіваецца дзіцячая літаратура для самых малодшых школьнікаў. Шмат выходзіць кніг менавіта з такім адрасам. Падказвайце, што нам перакладаць на башкірскую мову, на што звяртаць большую ўвагу. 

Я сябрую з перакладчыцай і паэтэсай Святланай Быкавай. Менавіта яна шмат зрабіла ў Беларусі для прадстаўлення башкірскай паэзіі. Праз яе працу беларускія чытачы і ў «Літаратуры і мастацтве», і ў іншых вашых выданнях адкрываюць свет башкірскай нацыянальнай літаратуры. Дзякуй Святлане Быкавай за гэтую сапраўды самаахвярную, напружаную творчую працу.

Зухра Буракаева, празаік, старшыня Саюза кінематаграфістаў Рэспублікі Башкартастан: 

— Столькі ўражанняў і эмоцый, гэтулькі знаёмстваў у час нашай паездкі ў Мінск!.. Адкрыла для сябе шмат новага, рада, што пазнаёмілася з кінастудыяй «Беларусьфільм». Многія творчыя праекты мы ўжо абмеркавалі ў дарозе, вяртаючыся з Беларусі. Канешне ж, было б выдатна, калі б хаця дакументальная стужка пра Башкартастан была знята на «Беларусьфільме». Прыкладам, пра нашых землякоў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Гульназ Кутуева, паэтэса: 

— Дні башкірскай літаратуры ў Беларусі натхнілі мяне на новыя паэтычныя творы. Ужо напісала першы верш. Выклала свае ўражанні і пра тое, як захоўваецца ў Беларусі гістарычная, ваенная памяць, і пра Мінск. У час паездкі некалькі разоў, не толькі ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, чула пра разбурэнні, руіны беларускай сталіцы, з якімі сустрэліся вызваліцелі ў 1944 годзе... Напісала пра тое, што ў Беларусі, у горадзе-героі Мінску жывуць людзі, якія трывала захоўваюць сілу, моц сваіх гістарычных каранёў. Зрабіла падрадкоўнік і пераслала верш сваім новым беларускім сябрам. Буду рада, калі мае вершаваныя радкі загучаць па-беларуску. Можа быць, з гэтага твора вырасце і немалы паэтычны «Беларускі сшытак»... Дзякуй беларусам за цёплы прыём!

Міляуша Кагарманава, патэса: 

— Адкрыла для сябе цікавых беларускіх паэтаў. Абавязкова перакладу на башкірскую мову вершы Канстанцыі Буйло, Яўгеніі Янішчыц, Эдзі Агняцвет, Еўдакіі Лось, Веры Вярбы, Раісы Баравіковай... У Башкартастане творы мастацкай літаратуры актыўна друкуюць і грамадска-палітычныя перыядычныя выданні. Шмат месца літаратуры аддае і наш башкартастанскі жаночы часопіс. Для яго і перакладу творы сваіх беларускіх паплечніц па літаратурным цэху — як з ліку тых, хто раней працаваў у літаратуры, так і маіх сучасніц.

Святлана Чураева, старшыня секцыі рускай літаратуры Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Башкартастан: 

— Даведалася, што ў вас, у Беларусі, актыўна развіваецца руская літаратура. Веру, што мы знойдзем кропкі судакранання ў супрацоўніцтве нашых паэтаў і перакладчыкаў.

Мунір КУНАФІН, празаік, галоўны рэдактар часопіса «Агідэль»: 

— Нашаму часопісу «Агідэль» сёлета споўнілася 100 гадоў. Мы беражліва ставімся да гэтага выдання і яго векавой гісторыі. Вашаму беларускаму часопісу «Полымя» яшчэ споўнілася сто гадоў. Канешне ж, бу- дзем абменьвацца перакладнымі публікацыямі. Я ўжо павёз з Беларусі частку творчага партфеля з паэтычнымі і празаічнымі здабыткамі сучасных беларускіх пісьменнікаў. Пазнаёмлюся сам, уважліва прачытаю ўсе творы і перадам калегам на пераклад. Штосьці і сам гатовы перакласці.

Юрый Гарухін, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Башкартастан, празаік, галоўны рэдактар часопіса «Бельские просторы»: 

— Рады, што пазнаёміўся з беларускім часопісам «Нёман», які выходзіць у Беларусі на рускай мове. Ведаю, што гэта выданне з багатай гісторыяй, часопіс, які ў свой час узначальваў народны пісьменнік Беларусі, добра вядомы на постсавецкай прасторы драматург Андрэй Макаёнак. Спадзяюся, што мы пасябруем з гэтым выданнем. Хацелася б падрыхтаваць абменныя нумары нашых часопісаў.

Танзіля Даўлетбердзіна, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Башкартастан: 

— Мы падаравалі ў час Дзён башкірскай літаратуры ў Беларусі ладны стос кніг Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. Так што башкірам можна смела шукаць у вашай галоўнай кніжніцы творы на роднай мове і ўспамінаць родны край. Дарэчы, і з сабою мы шмат беларускіх кніжных выданняў вязём. І на беларускай, і на рускай мовах. Абавязкова перададзім гэты скарб у нашу галоўную бібліятэку. Кнігі стануць тымі сябрамі, што будуць адкрываць новы мастацкі свет Беларусі ва Уфе, у Башкартастане.

Альфія Юлчурына, народная артыстка Рэспублікі Башкартастан: 

— Каб вы ведалі, як мне прыемна было ўдзельнічаць у Днях башкірскай літаратуры ў Беларусі!.. Я ў розных залах, у розных аўдыторыях з асаблівым хваляваннем выконвала песні, якія звязваюць мяне і ўсіх нас з гістарычнай памяццю. І бачыла слёзы, чула затоенае дыханне, калі спявала вашу родную «Белавежскую пушчу». Дзякуй вам, беларусы, што вы ёсць!.. Дзякуй Богу, што кіраўніком вашай краіны з’яўляецца такі працалюбівы, такі мудры палітык, як Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Мы шмат добрага ўбачылі ў вашай рэспубліцы. І цяпер, ужо ва Уфе, дома, жывём уражаннямі ад паездкі, ад таго цёплага прыёму, які нам аказалі беларускія пісьменнікі, Саюз пісьменнікаў Беларусі! Нізкі ўсім вам паклон!.. 

Запісаў Кастусь Лешніца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.