Вы тут

Што найграла скрыпка Страдывары?


Пры кожным згадванні інструмента, зробленага выдатным італьянскім майстрам, віртуозам Антоніа Страдывары, сэрца сапраўдных знаўцаў музыкі ўсхвалявана б’ецца. Усе ведаюць, што ў гэтым майстэрстве яму не было роўных у свеце. Калі ж з’яўляецца новае сведчанне, што захавалася яшчэ адна скрыпка, якой ён даў жыццё, гэта ўспрымаецца сенсацыяй. Часам, праўда, не ўсе вераць у магчымасць такога. Столькі часу прайшло, скрыпкі яго аўтарства даўно на ўліку. Яшчэ больш сумніўцаў, калі згадваецца скрыпка Страдывары, якая некалі існавала, але сталася так, што да нашых дзён не дайшла. Пацвердзіць, наколькі гэта праўда, па сутнасці, немагчыма. Але гледзячы ад каго такое чуеш.


Уладзімір Мішчанчук.

Хто стаў галоўным рэжысёрам

Каму-каму, а заслужанаму артысту Беларусі, лаўрэату многіх высокіх узнагарод, сярод якіх медаль і ордэн Францыска Скарыны, дэкану тэатральнага факультэта Беларускай дзяржанай акадэміі мастацтва Уладзіміру Мішчанчуку нельга не верыць. Уладзімір Андрэевіч — не з тых, хто можа хлусіць. Асабліва калі гаворка тычыцца такога сур’ёзнага факта. 

Скрыпка Страдывары, няхай сабе і з расколатай дэкай, у пасляваенны час захоўвалася ў яго дзядзькі Сямёна. У багатай калекцыі былі і іншыя даўнія музычныя інструменты, цаны якім няма: акардэоны, гармонікі, піяніна. Узрост некаторых з іх вымяраўся не гадамі і не дзясяткамі, а стагоддзямі. Праз музыку Уладзімір Андрэевіч і далучаўся да чароўнага свету мастацтва.

Нарадзіўся ў драгічынскай вёсцы Валавель. Сям’я была хоць і сялянская, але на іншыя не падобная. Не тым, што вялікая. На Палессі мала каго гэтым здзівіш. У многіх вяскоўцаў дзяцей — як таго гароху пры дарозе. Мішчанчукі вылучаліся іншым. Усе да аднаго яны любілі спяваць. 

Старэйшая сястра Валодзі пазней спявала ў царкве на клірасе. Ён таксама да спеваў быў здатны. А яшчэ вабіла яго ўсё тое, што ў аснове сваёй мае сцэнічнае дзейства. Як і спевы — з ранніх гадоў. У адным з інтэрв’ю прызнаўся: «Колькі сябе памятаю — абавязкова нешта пераймаю, разыгрываю і паказваю». Пры гэтым дадае, што «відаць, так было прадвызначана лёсам і тым галоўным рэжысёрам, якім з’яўляецца Гасподзь Бог». 

У гасцінную хату яго бацькоў часта завітвала мясцовая моладзь. Разам з гаспадарамі і іх дзецьмі юнакі і дзяўчаты спявалі, весяліліся. У цёплую пару года збіраліся ў двары. Месца ставала, таму і ладзілі штосьці накшталт спектакляў. Валодзя не адставаў ад іншых. Разам з імі што-небудзь разыгрываў. Аднак, па праўдзе кажучы, і аднаму хацелася засведчыць, на што здатны. Неяк падумалася яму: «А чаму б свой тэатр не стварыць?» Малады, энергічны, хутка і «сцэну» знайшоў. 

Даўно прыглядаўся да куфра, які стаяў у хаце каля акна. Падумаў-паразважаў і ўпэўніўся, што лепшай сцэнічнай пляцоўкі шукаць не трэба. Размясціўшыся тут, лёгка пераўвасобіцца ў якога хочаш персанажа. З’явіцца жаданне — можна які-небудзь твор прадэкламаваць. Закавыка была ў адным: як быць з глядзельнай залай? 

Прасцей, канешне, запрасіць ахвотных у хату. Аднак ці гэта выйсце? А калі іх з’явіцца шмат? Усе не размесцяцца. Падумаў Валодзя і здзівіўся, як да гэтага раней не дадумаўся. У глядзельную залу можна ператварыць двор. Гледачы з надворнага боку размесцяцца бліжэй да акна. Фіранкі на акне стануць заслонай. Перад пачаткам спектакля іх трэба рассунуць, а па заканчэнні — ссунуць. Каб стваралася ўражанне большай тэатральнай прасторы, куфар лепш адсунуць далей ад акна.

На акцёраў вучаць?

Валодзя Міншчанчук разважаў і дзейнічаў як вопытны рэжысёр. Прадугледзеў і тое, як «артыстаў» лепш пераўвасобіць у будучых персанажаў. Зрабіць так, каб яны выглядалі як мага больш праўдападобна. Канешне, грыму на той час ніколі не бачыў, але чуў пра яго і ведаў, для чаго ён неабходны. Крыху пафантазіраваўшы, хутка знайшоў. 

Можна грыміравацца сажай — гэтага дабра колькі заўгодна. Калі захочацца воблік таго, чыя роля будзе выконвацца, выпісаць лепш, больш праўдападобна і пераканаўча, падыдзе вугаль. У што апранаць персанажаў, таксама хутка вызначыўся. Выкарыстаў матчыны строі, бацькаў кажух. Можна надзець і як звычайную апратку, а можна і вывернуць.

З рэпертуарам вызначыўся раней, калі яшчэ толькі збіраўся ладзіць свае спектаклі. Падбіраў тое, што спадабалася ў кнігах, якіх прачытаў нямала. Разумеў, што больш падыдуць казкі. Ніхто з гледачоў не будзе супраць таго, каб убачыць Бабу Ягу, сустрэцца з Кашчэем Неўміручым, з іншымі знаёмымі ім персанажамі. А што на спектаклі будуць хадзіць гэтакія ж, як сам, школьнікі, не сумняваўся.

Хутка ў Валавелі толькі і размоў было пра тэатр Валодзі Мішчанчука. Калі ў чым і памыліўся, дык у тым, што не толькі вучні зацікавіліся ім. Наведвалася і нямала дарослых. Ён так праўдзіва пераўвасабляўся ў сваіх герояў, што ўсё ўспрымалася нібы ў сапраўднасці. Гледачы падбадзёрвалі яго, шчыра апладзіравалі. Калі ж што-небудзь не падабалася, маглі і асвістаць. Адмоўныя ж персанажы выклікалі непрыязь. Аднойчы пачалі кідаць каменьчыкі, адзін з якіх разбіў шыбу.

Бацьку давялося ўстаўляць новую. Хоць і моцна насварыўся на Валодзю, поспехам яго радаваўся. Ахвочы быў сын і да вучобы, у школу пайшоў у шэсць гадоў. Хай сабе не ў ладах з матэматыкай, затое па іншых школьных прадметах вучыўся добра. Між іншым матэматыку выкладаў той самы дзядзька Сямён. Як ні стараўся прывіць пляменніку любоў да яе, нічога не атрымлівалася. Тройкі ставіў, часам і двойкі — сістэма ацэнкі ведаў была пяцібальная. Бацькам паведамляў, каб паўшчувалі. Аднак і яны нічога не маглі зрабіць. 

А вось у школьнай мастацкай самадзейнасці яму роўных не было. Нярэдка вучні яго ўжо і не па імені клікалі, а называлі артыстам пагарэлага тэатра. Хто з усмешкай, хто з захапленнем поспехамі, а хто і зласліва, бо былі і зайздроснікі. Яму ж хоць бы што, бо ў гэтым найменні для яго святымі сталі два словы — артыст і тэатр. Адна настаўніца нават параіла яму, каб абавязкова вучыўся на акцёра. А ён, на свой сорам, і не ведаў, што і гэтая прафесія патрабуе навучання.

Праца і яшчэ раз праца

Здавалася б, павінен прыслухацца да гэтай слушнай парады. Аднак, на здзіўленне тых, хто яго ведаў, скончыўшы сярэднюю школу, падаў дакументы ў Гродзенскі медыцынскі інстытут. За кампанію з тымі, з кім разам вучыўся і хто вырашыў звязаць сваё жыццё з медыцынай. Калі даведаўся, што не паступіў, асабліва не засмуціўся, бо ўсё ж разумеў, што гэта не тая прафесія, да якой ляжыць душа. Аднак толькі праз некалькі гадоў канчаткова ўпэўніўся, што іншага шляху ў яго быць не павінна. Падаў дакументы ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, цяперашнюю Акадэмію мастацтваў. 

Трапіў на курс народнай артысткі Расіі Веры Рэдліх. Вучыцца ў яе, вучаніцы знакамітага Канстанціна Станіслаўскага, шчасцем лічылі ўсе студэнты. На ўсё жыццё застаўся ўдзячны Веры Паўлаўне за тое, што адкрыла сакрэты прафесійнага сцэнічнага жыцця. Заўсёды прытрымліваўся (і прытрымліваецца) таго, што Вера Рэдліх сказала ў пачатку сваёй першай лекцыі: «Акцёрская прафесія, дзеткі мае, — гэта праца, праца і яшчэ раз праца». Уладзімір Андрэевіч прызнаецца: «Гэтую фразу я, узорны вучань, запісаў у сшытак па майстэрстве акцёра. Болей у ім я не пісаў нічога. Але менавіта такая мудрая парада зрабілася падмуркам для майго творчага жыцця».

Пасля заканчэння інстытута атрымаў размеркаванне ў Гродна. Быў не толькі акцёрам абласнога драматычнага тэатра. Неўзабаве стаў і яго дырэктарам. Першым акцёрам-дырэктарам у Беларусі і самым маладым дырэктарам ва ўсім Савецкім Саюзе. А тут якраз пачалося будаўніцтва новага, сучаснага будынка тэатра. Адказнасці стала больш. Справіўся паспяхова не толькі дзякуючы вялікім арганізатарскім здольнасцям, але і таму, што словы Веры Паўлаўны «праца, праца і яшчэ раз праца» сталі яго дэвізам не толькі ў творчым жыцці, але і ва ўсім, чым займаўся. Не ў адным Гродне, а і тады, калі пераехаў у Мінск.

Уладзімір Мішчанчук у ролі пана Быкоўскага («Паўлінка» Я. Купалы). Гродзенскі абласны драматычны тэатр.

Трэнер, які іграе

У Мінску служыў не толькі акцёрам — узначаліў кафедру майстэрства акцёра і рэжысуры Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, потым стаў дэканам тэатральнага факультэта. Спачатку не ўсё было проста. З’ява звычайная: «творчых чужакоў» у сталіцы ніколі з абдымкамі не сустракалі. Не хавае гэтага і Уладзімір Андрэевіч: «Для многіх быў гэтакім Несцеркам з правінцыі». Аднак даказаў, што не багі гаршкі абпальваюць: «Толькі дзякуючы маёй утрапёнасці ўдалося ўтрымацца на плаву». Штосьці знаёмае? Канешне, іншымі словамі прамоўлена, а сэнс той жа, рэдліхаўскі: «Праца, праца і яшчэ раз праца». Не ў апошнюю чаргу — творчая.

Адзін з рэктараў Беларускай акадэміі мастацтваў назваў яго «гуляючым трэнерам». Трэнерам, бо шмат увагі ўдзяляў падрыхтоўцы маладых артыстаў. Многія з іх, самі стаўшы знакамітымі, памятаюць свайго выкладчыка і дэкана. Ёсць і тыя, хто праявіў талент далёка за межамі Беларусі. Адзін з першых вучняў Георгій Іваноў за мяжой стварыў сваю тэатральную студыю. Вячаслаў Барышэнка звязаў лёс з Італіяй. У яго таксама ўласны тэатр. Сам выступае ў ролі рэжысёра, сам утрымлівае трупу.

Уладзімір Андрэевіч сыграў звыш ста роляў у тэатры, кіно, на тэлебачанні, на радыё. Сярод тых, што ўвасоблены і беларускім рэпертуары, — пан Быкоўскі ў «Паўлінцы» і Лявон Зяблік у «Раскіданым гняздзе» Янкі Купалы, Несцерка ў аднайменным спектаклі па п’есе Віталя Вольскага, Жлукта ў «Мілым чалавеку» Кандрата Крапівы, Дзед Цыбулька ў «Таблетцы пад язык» Андрэя Макаёнка, Галоўчык у «Апошнім шансе» Васіля Быкава... Не чужы Уладзіміру Мішчанчуку і замежны рэпертуар. Ён паспяхова асвойвае ролі ў п’есах расійскіх драматургаў. 

І вобразы ў кіно яму даручаюць розныя. Для прыкладу, начальнік штаба маёр Самсонаў у фільме вядомага беларускага кінарэжысёра Вячаслава Нікіфарава «На безыменнай вышыні», дырэктар магазіна ювелірных вырабаў мафіёзі Аркадзь Сяроў у расійскім серыяле «Мужчыны не плачуць», віцэ-прэзідэнт буйной нафтавай карпарацыі Канстанцін Клыкаў, таксама ў расійскім серыяле, толькі дэтэктыўным — «Прызванне».

* * *

Хоць Уладзімір Андрэевіч і не стаў скрыпачом, хто ведае, як склаўся б яго творчы лёс, калі б не скрыпка Стадывары, якая, хай сабе і з расколатай дэкай, захоўвалася ў вясковай хаце.

Еўдакім ДРОМІН

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.