Вы тут

Пагадненне аб стварэнні кітайска-беларускай Асацыяцыі ўніверсітэтаў падпісана ў Мінску


Больш як 80 вышэйшых навучальных устаноў з дзвюх краін аб’яднала кітайска-беларуская Асацыяцыя ўніверсітэтаў. Пагадненне аб яе стварэнні было падпісана ў Мінску ў рамках І форуму рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і КНР.


Фота: БелТА

На базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прайшло пленарнае пасяджэнне форуму. З прывітальным словам перад яго ўдзельнікамі выступілі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Се Сяаюн і першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Бахановіч.

— Высокі ўзровень даверу паміж нашымі краінамі выліваецца ў канкрэтныя вынікі супрацоўніцтва у сферы адукацыі, асабліва ў вышэйшай адукацыі, — падкрэсліў у сваім выступленні Се Сяаюн. — Колькасць студэнтаў, якія едуць з Кітая ў Беларусь, пастаянна расце. У дадзены момант яна перавысіла ўжо 7 тысяч чалавек. Беларусь стала другой па папулярнасці краінай, дзе кітайскія студэнты хочуць вывучаць рускую мову.

Вывучэнне кітайскай мовы становіцца асабліва папулярным сярод беларусаў. У 35 школах і 11 універсітэтах кітайскую мову выкладаюць як вучэбную дысцыпліну, і ў 38 установах адукацыі яе выкладаюць у якасці факультатыўнай дысцыпліны Таксама кітайская мова з’яўляецца экзаменацыйнай дысцыплінай пры паступленні ў беларускія ўніверсітэты.

Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь заўважыў, што ўсё больш кітайскіх студэнтаў жадаюць вывучаць мову сяброўскай да нас краіны, знаёміцца з яе культурай. «Дзякуючы стварэнню асацыяцыі, мы зможам канцэнтраваць нашы сілы, — лічыць Се Сяаюн. — У нас ёсць усе падставы верыць, што створаная асацыяцыя стане ўвасабленнем культурнага супрацоўніцтва. Мы спадзяёмся, што вышэйшыя навучальныя ўстановы і работнікі адукацыі дзвюх краін будуць разглядаць асацыяцыю як магчымасць для разгортвання больш глыбокага супрацоўніцтва ў такіх сферах, як культурны абмен, сумесная падрыхтоўка спецыялістаў, правядзенне сумесных даследаванняў. Дзякуючы асацыяцыі мы працягнем пісаць нашу слаўную гісторыю кітайска-беларускіх адносін і супрацоўніцтва ў сферы адукацыі».

Першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч праінфармаваў удзельнікаў сустрэчы аб канкрэтных выніках кітайска-беларускага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі.

На сёння паміж установамі адукацыі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі падпісана больш за 560 прамых дагавораў аб супрацоўніцтве, пры гэтым больш як 100 з іх падпісаны за апошнія два гады. У рамках гэтых дагавораў рэалізоўваюцца двухбаковыя навуковыя і адукацыйныя праекты, акадэмічныя абмены, ствараюцца сумесныя структуры. Цяпер на базе ўстаноў адукацыі дзвюх краін функцыянуюць 10 сумесных адукацыйных і навуковых структур (два інстытуты, пяць цэнтраў і тры лабараторыі).

Установамі адукацыі Беларусі і Кітая рэалізоўваецца 40 сумесных адукацыйных праграм. У распрацоўцы знаходзіцца яшчэ 20 сумесных адукацыйных праграм і праграм падрыхтоўкі кадраў найвышэйшай навуковай кваліфікацыі. Важнай вяхой у гэтым напрамку з’яўляецца рэалізацыя вядучымі ўстановамі вышэйшай адукацыі дзвюх краін (Беларускім дзяржаўным універсітэтам і Пекінскім універсітэтам) з верасня 2022 года сумеснай праграмы бакалаўрыята па спецыяльнасці «Біятэхналогія».

— З мэтай развіцця дамоўленасцяў, дасягнутых лідарамі нашых краін у сакавіку 2023 года аб развіцці акадэмічных і навуковых абменаў паміж установамі адукацыі, у найбліжэйшы час плануецца падпісанне Плана рэалізацыі флагманскіх праектаў і нарошчвання культурна-гуманітарных абменаў у галіне адукацыі паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай, — падкрэсліў Аляксандр Бахановіч. — Акрамя таго, прапрацоўваецца магчымасць стварэння ў найбліжэйшы час сумесных адукацыйных праграм па спецыяльнасцях «Архітэктура» і «Архітэктурны дызайн» (паміж Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам і Універсітэтам Тунцзі) і «Інфармацыйныя тэхналогіі» (паміж Беларускім дзяржаўным універсітэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі і Навукова-тэхнічным універсітэтам Кітая, Харбінскім політэхнічным універсітэтам); сумеснага факультэта кітайскіх тэхналогій у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце з Паўночна-Усходнім універсітэтам; сумеснага інстытута Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і Далянскага тэхналагічнага ўніверсітэта.

На ўзаемнай сістэмнай аснове пашыраецца супрацоўніцтва ў галіне арганізацыі вывучэння кітайскай мовы ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь і беларускай мовы — ва ўстановах вышэйшай адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі.

У Беларусі цяпер паспяхова функцыянуюць шэсць інстытутаў кітаязнаўства імя Канфуцыя і восем класаў кітаязнаўства імя Канфуцыя. У сваю чаргу яны стварылі сетку сваіх філіялаў (кабінетаў Канфуцыя і цэнтраў па вывучэнні кітайскай мовы і культуры) у больш як 50 установах адукацыі.

На базе кітайскіх універсітэтаў адкрыта дванаццаць цэнтраў вывучэння Беларусі, таксама вядзецца работа па стварэнні яшчэ двух аналагічных цэнтраў.

Прадугледжваецца, што ў найбліжэйшы час атрымаюць новы імпульс наступныя кірункі ўзаемадзеяння: стварэнне інавацыйных аб’яднанняў паміж установамі адукацыі і высокатэхналагічнымі прадпрыемствамі дзвюх краін для правядзення сумесных навуковых даследаванняў і доследна-канструктарскіх работ з камерцыялізацыяй іх вынікаў, падрыхтоўка навуковых кадраў па запатрабаваных напрамках двухбаковага ўзаемадзеяння, аб’яднанне намаганняў па распрацоўцы норм і стандартаў лічбавізацыі адукацыі, у тым ліку з выкарыстаннем вопыту рэалізацыі ініцыятывы «Інтэрнэт+».

У падпісаным сёння Пагадненні аб стварэнні кітайска-беларускай Асацыяцыі ўніверсітэтаў ёсць шэраг ключавых пазіцый. Так, супрацоўніцтва будзе ўключаць садзейнічанне двухбаковым і шматбаковым міжуніверсітэцкім абменам і ўзаемадзеянню; мерапрыемствы па акадэмічным абмене, у тым ліку сумесныя семінары, форумы.

Размова ідзе таксама аб сумеснай падрыхтоўцы высакакласных прафесійных і міждысцыплінарных спецыялістаў, падачы заявак на фінансаванне навуковых даследаванняў, супрацоўніцтве ў арганізацыі сумесных праграм.

Дадзенае пагадненне ўступае ў сілу з моманту яго падпісання ўсімі ўніверсітэтамі-ўдзельнікамі і дзейнічае на працягу 5 гадоў з магчымасцю аўтаматычнага падаўжэння.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.