Вы тут

Дэбютная кінастужка Халецкага «Кіношнікі» з'явіцца ў шырокім пракаце


Дэбютная кінастужка «Кіношнікі» рэжысёра Кірыла Халецкага, якой сёлета адкрываўся ХХІХ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад», з 14 снежня з’явіцца ў шырокім пракаце. Фільм можна будзе ўбачыць як у сталічных, так і ў рэгіянальных кінатэатрах.


Поўны метр, зняты ў жанры камедыі на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», распавядае гісторыю маладога кінематаграфіста, які трапляе на сваё першае месца працы і гарыць жаданнем ствараць аўтарскае кіно. Аднак аказваецца, на практыцы ўсё не так проста, як уяўлялася юнаму творцу. Крок за крокам хлопец, асвойваючы сферу кінавытворчасці, па-новаму пачынае раскрывацца сам і глядзець на ўсё і ўсіх, хто побач з ім. Ці дастаткова ў фільме добрага, светлага і філасофскага зместу, прыпраўленага гумарам і выдатнай ігрой акцёраў — кожны, хто яшчэ не паспеў убачыць яго, вырашыць для сябе пасля прагляду. Магчыма, у прыгодах галоўных герояў хтосьці нават знойдзе паралелі з уласным жыццём. Але паглядзець яго дакладна варта, каб хоць мець уяўленне, кім пішуцца новыя старонкі беларускага кіно і якія пасылы адрасуюць шырокай аўдыторыі.

Дарэчы, днямі на YouTube на канале «Беларусьфільма» выйшаў міні-фільм пра «Кіношнікаў», дзе можна ўбачыць закадравыя моманты здымачнага працэсу, даведацца, як здымалі некаторыя эпізоды. Напрыклад, рэжысёр неяк распавядаў, што калі здымалі сцэну танца для мюзікла, то першапачаткова яму здавалася, што акцёры на здымках проста будуць імправізаваць, і ўсё адразу атрымаецца. Але прысутнасць на здымках харэографа і яго дапамога ў пастаноўцы танца галоўным героям дала значна лепшы вынік. А вось самымі маштабнымі эпізодамі Кірыл Халецкі называе здымкі двух сноў галоўнага героя, якія праходзілі на натуры. Таксама рэжысёр адзначае: «Цудоўна, што акцёры самі дапрацавалі свае вобразы, бо ў сцэнарыі ёсць толькі літары. А калі з’яўляюцца жывыя людзі, якія прыўносяць у вобразы свае фішачкі, то тады цікавае кіно атрымліваецца. У гэтым плане я даў акцёрам поўную свабоду, і кожны мог тварыць, што хацеў, і ў гэтым балагане атрымалася вельмі класнае кіно».

Юрый Цвірко, якому ў фільме дасталася роля аднаго з бацькоў маладых людзей, адзначае за кадрам: «Найбольш мне запомнілася атмасфера на пляцоўцы, дзе панавала добразычлівасць, узаемная дапамога і станоўчыя эмоцыі, — распавядае ён. — Персанаж мой такі крыху дзівакаваты ў добрым сэнсе гэтага слова, і ён ўплятаецца ў гэтую маладзёжную палітру. І ўсё гэта дзякуючы атмасферы, якая створана на здымачнай пляцоўцы. У тым, на мой погляд, вялікая заслуга рэжысёра. Як ён настройвае нас, як знаходзіць патрэбныя словы. У першыя дні, калі мы толькі пачалі здымацца, то мне здалося, што рэжысёр крыху да мяне прыглядаўся. А пасля на адным са здымачных дзён усё склалася...».

Падзяліўся сваімі ўражаннямі ад працы над «Кіношнікамі» і аператар-пастаноўшчык Уладзімір Казіятка, які ў кінастужцы таксама дэбютаваў: «Я лічу, у нас атрымаўся добры тандэм. Увогуле, уся наша каманда працавала вельмі зладжана, хоць мы яе і вельмі заганялі часам».

Станіслаў Пякарскі, акцёр, выканаўца галоўнай ролі, кажа так: «Я выматаўся маральна і фізічна. Але гэта вельмі прыемная стомленасць, і я нібыта стаў больш дарослым на гэтым фільме. Стаў больш падобным да майго героя Колі. Гэта выпрабаванне, якое было ўпершыню ў маім жыцці. І я вельмі рады, што яно было разам з Кірылам і з гэтай камандай».

Кінастужка, прымеркаваная да 100-годдзя беларускага кіно, на «Лістападзе» атрымала ўзнагароду «За шчырасць і жыццярадаснасць» у намінацыі «Кіно маладых» і была адзначана спецыяльным прызам Мінгарвыканкама. Трэба сказаць і пра тое, што ў каманды стваральнікаў фільма ёсць думкі зрабіць у перспектыве яго працяг. Як дзяліўся неяк Кірыл Халецкі, у кожнага, хто прыйдзе на паказ фільма ў пракаце, будзе магчымасць падаць заяўку і трапіць на здымачную пляцоўку «Кіношнікаў-2». Маладыя творцы гатовы разглядаць новых прэтэндэнтаў на папаўненне сваёй каманды, таму калі вы любіце кіно, а можа яшчэ пішаце музыку, сцэнарыі ці марыце пра акцёрскія будні, то дакладна скарыстайце шанц пазнаёміцца бліжэй з кінавытворцамі. Але ці з’явіцца працяг — тое ў многім найперш залежыць ад водгукаў, рэйтынгаў, рэакцыі аўдыторыі на кінастужку. Таму плануйце свой паход у кінатэатры і давайце зваротную сувязь.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Шчыра, жыццярадасна, з працягам

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».