Вы тут

На Гомельшчыне з пачатку года следчыя накіравалі ў суд 232 крымінальныя справы аб палавой недатыкальнасці непаўналетніх


На Гомельшчыне за 11 месяцаў бягучага года ахвярамі злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці сталі непаўналетнія ва ўзросце ад 8 да 17 гадоў. У 23 выпадках злачынствы ў адносінах да дзяцей здзейснілі сваякі або члены сям'і.


Аб асаблівасцях расследаванняў абуральных фактаў, прафілактыкі супрацьпраўных дзеянняў, прыкладах удзелу грамадзян у выкрыцці падобных злачынствах і псіхалагічнай рэабілітацыі пацярпелых журналістам расказалі ўдзельнікі круглага стала, арганізаванага ва УСК па Гомельскай вобласці.

— З пачатку года 141 непаўналетні з’яўляўся пацярпелым па накіраваных у суд справах аб гвалтоўных дзеяннях сэксуальнага характару. З аднаго боку, гэта сведчыць аб эфектыўнасці працы праваахоўных органаў, з другога — не можа не выклікаць занепакоенасць, — адзначыў намеснік начальніка УСК па Гомельскай вобласці Максім Спрынцын.

Ён падкрэсліў, што следчымі Гомельшчыны надаецца пільная ўвага праверцы паведамленняў па гэтай катэгорыі злачынстваў. З пачатку года ў падраздзяленні УСК па Гомельскай вобласці паступіла 410 такіх заяў. Гэта амаль на 100 больш у параўнанні з мінулым годам. За гэты перыяд следчымі рэгіёну накіравана ў суд 232 крымінальныя справы аб палавой недатыкальнасці непаўналетніх.

Як звяртаюць увагу следчыя, адзначаныя катэгорыі злачынстваў ў адносінах да дзяцей — згвалтаванне, гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару, уступленне асобы, якая дасягнула 18-гадовага ўзросту, у палавую сувязь з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага, распусныя дзеянні, прымушэнне да дзеянняў сэксуальнага характару, выкарыстанне непаўналетніх і малалетніх для вырабу парнаграфічных матэрыялаў. Асаблівасць такіх злачынстваў — іх высокая латэнтнасць, у тым ліку з-за нежадання, боязі і сораму ахвяры расказаць пра здарэнне.

У мінулым годзе следчыя Гомельскай вобласці ўпершыню ў рэспубліцы прымянілі на практыцы сістэму «Мабільнага комплексу». Яго спецыяльная аўдыё-відэа апаратура, устанаўліваецца ў памяшканні, дзе знаходзіцца пацярпелы непаўналетні разам са следчым або спецыялістам, які ўстанавіў даверны кантакт з дзіцём. У гэтым пакоі створаны ўмовы, каб дзіця магло гуляць, свабодна перамяшчацца, адчувала сябе не на допыце, а ў працэсе    сяброўскай гутаркі. У суседнім памяшканні за працэсам назіраюць і фіксуюць тое, што адбываецца, усе ўдзельнікі следчага дзеяння: акрамя следчага, гэта і законны прадстаўнік, псіхолаг. Улічваючы спецыфіку пытанняў і вялікую колькасць людзей, якія па законе павінны ўдзельнічаць у апытанні, вельмі цяжка разгаварыць дзіця. Адзін на адзін у спецыяліста з дзіцем атрымоўваецца ўсталяваць даверныя зносіны. Дзякуючы эфектыўнасці такой формы работы, у далейшым мінімізуюцца выклікі пацярпелага дзіцяці, у тым ліку ў суд для дачы паказанняў, каб яшчэ больш не траўміраваць дзіцячую псіхіку.

— На падставе нашага вопыту ў бліжэйшы час «Мабільны комплекс» будзе прымяняцца следчымі і ў іншых рэгіёнах краіны, — адзначыў намеснік начальніка УСК па Гомельскай вобласці.

На праведзеную вялізную прафілактычную работу па папярэджанні такіх катэгорый злачынстваў звярнуў увагу намеснік начальніка крымінальнай міліцыі УУС Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Чарткоў.

— Праведзена каля трох тысяч трэнінгаў, паўтары тысячы выступленняў, гутарак, лекцый, семінараў, на якіх супрацоўнікі УУС выразна патлумачылі, на што звяртаць увагу, якім чынам рэагаваць на падазрэнні ў здзяйсненні падобных злачынстваў, — адзначыў праваахоўнік.

Дзмітрый Чарткоў звярнуў увагу на актыўны водгук у гэтай рабоце суб'ектаў прафілактыкі. Ён таксама падкрэсліў, што ў рамках правядзення комплексных прафілактычных мерапрыемстваў у тым ліку праводзяцца папераджальныя гутаркі з асобамі, якія раней былі асуджаныя за ўчыненне адзначаных катэгорый злачынстваў.

— Закон аб аператыўна-вышуковай дзейнасці сёння дазваляе нам праводзіць увесь спектр аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у дачыненні да гэтых асоб. І мы гэтым інструментам актыўна карыстаемся, і вельмі шмат супрацоўнікамі УУС выяўляецца злачынстваў менавіта ад асобы ўчыненага злачынства, — адзначыў намеснік начальніка крымінальнай міліцыі УУС Гомельскага аблвыканкама.

Злачынствы супраць палавой недатыкальнасці наносяць непапраўную шкоду дзіцяці, уплываюць на яго фізічнае і псіхалагічнае здароўе. Ён увесь час вяртаецца ўспамінамі ў тую сітуацыю, адчувае сорам і віну. На гэтыя і іншыя праблемы, з якімі сутыкаюцца спецыялісты псіхалагічнай рэабілітацыі  непаўналетніх ахвяр сэксуальнага гвалту, звярнула ўвагу загадчык кафедры сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі факультэта псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Ф. Скарыны Таццяна Шацюк.

— Самае галоўнае — падтрымаць дзіця і растлумачыць, што яно не вінавата, яно — ахвяра злачынства. Для сямей, якія з гэтым сутыкнуліся, вялікая памылка спрабаваць вырашаць праблему самастойна. Неабходна абавязкова звярнуцца да спецыялістаў, якія змогуць аказаць прафесійную дапамогу. Калі дзіцяці, якое перажыло сэксуальны гвалт або эксплуатацыю, своечасова не была аказана рэабілітацыйная дапамога, пасля, стаўшы дарослым, яно можа праяўляць гвалтоўныя дзеянні ў адносінах да чужых і ўласных дзяцей, — падкрэсліла Таццяна Шацюк.

Наталля КАПРЫЛЕНКА,

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.