Вы тут

Самарскі тэатр паказаў на Калядным оперным форуме пастаноўку «Любоў да трох апельсінаў»


«Прачытаў „Любоў да трох апельсінаў“. А здорава! З гэтага можна тое-сёе зрабіць, толькі папярэдне перарабіць сюжэт наноў. Музыка — ясная, жывая і, па магчымасці, простая».


Так запісаў у сваім дзённіку 26 красавіка 1918 года кампазітар Сяргей Пракоф’еў, якому перад ад’ездам яго з Расіі Меерхольд даў часопіс са сцэнарыем па знакамітай п’есе драматурга васемнаццатага стагоддзя, венецыянца Карла Гоцы. І ўгаварыў паспрабаваць напісаць оперу.

І твор геніяльнага Пракоф’ева, натхнёны ідэяй меерхольдаўцаў, гарэзны, відовішчны, казачна-абсурдны і глыбока філасофскі, з’явіўся і дасюль займае асаблівае месца ў гісторыі музыкі. Упершыню быў пастаўлены на французскай мове ў 1921-м годзе ў Чыкага. Але звяртаюцца да яго не так часта, таму што пры ўяўнай простасці гэта вельмі складаны твор. Таму для беларускага гледача вялікім падарункам аказаўся прывезены Самарскім акадэмічным тэатрам оперы і балета імя Д. Д. Шастаковіча на XIII Мінскі міжнародны Калядны оперны форум спектакль «Любоў да трох апельсінаў». 

— Мы лічым, што гэта адзін з самых жыццесцвярджальных, аптымістычных і радасных спектакляў, таму што яго напісаў малады Пракоф’еў, які ў той час быў вельмі шчаслівы, шмат падарожнічаў, радаваўся жыццю. Музыка яркая, вобразная, задзірлівая... І мне здаецца, наш спектакль адпавядае музыцы, асабліва касцюмы і сцэнаграфія. Сам Пракоф’еў вельмі любіў гэты твор, — патлумачыў выбар менавіта такога спектаклю для паказу ў Мінску мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор самарскага тэатра Яўген Хахлоў. —Мы ўпэўненыя, што прывезлі тое, што вы ніколі раней не чулі, тое, чым мы маглі б здзівіць беларускую публіку.

Саліст самарскай оперы Іван Волкаў, які выконвае ў спектаклі партыю Прынца, прызнаўся, што для яго гэтая партыя была першай працай з музыкай Сяргея Пракоф’ева.

— Каб выконваць яго музыку, трэба зразумець яго філасофію, — сцвярджае малады спявак. —Музыка эмацыйная, вострахарактарная. Ёсць шмат складанасцяў, але што зробіш, тэнару трэба спраўляцца з усім, што напісана кампазітарам, нічога страшнага. Але музыка звязаная і з акторскім выкананнем — у музыцы ты павінен быць дакладным, а ў акторскай гульні ўвесь час шукаеш і знаходзіш новыя фарбы. Кожны спектакль атрымліваецца па-новаму.

Генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава адзначыла, што прыезд на Мінскі міжнародны Калядны оперны форум адразу двух значных тэатраў у поўным складзе — Вялікага тэатра Узбекістана імя А. Наваі і Самарскага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя Д. Д. Шастаковіча — вялікая падзея. Гэта сотні людзей, якія прывозяць сваю культуру, свой погляд на мастацтва. З Самарскім тэатрам Вялікі тэатр Беларусі падпісаў дамову аб супрацоўніцтве. У планах — не толькі гастролі, але і абмен салістамі, і нават сумесная пастаноўка, для якой абрана опера Міхаіла Глінкі «Руслан і Людміла».

Для самарскага тэатра гэта першы выезд у Беларусь, таму перад спектаклем усе артысты вельмі хваляваліся, і цалкам выкладваліся на сцэне. Але ўжо з першай сцэны кожны беларускі глядач, які ведае не толькі кантэкст сусветнага мастацтва, але і гісторыю беларускага, павінен быў адчуць нешта блізкае, роднае, што закране душу, бо адразу апынуўся ў свеце супрэматызму. Таго самага, што гадаваўся і расцвітаў у Віцебску. Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Наталля Дычэнка знайшла свой шлях паміж знакавымі сусветнымі інтэрпрэтацыямі «Любові да трох апельсінаў». Мы бачым, як ажываюць добра вядомыя вобразы Кандзінскага і Малевіча, мы пераносімся ў часы 1919-22 гадоў, калі ў Віцебску дзейнічаў УНОВІС. Бачым касцюмы, яркія, дзіўнаватыя, якія спалучаюць і дух супрэматызму, і дух італьянскага тэатра дэль артэ... Дадаць вобразы тэатра Меерхольда, з ягонымі канструкцыямі і пластыкай — і можаце ўявіць, якое ўнікальнае дзейства падарылі беларускім гледачам. Якія пабачылі і чорны Малевічаў квадрат, і чырвоны. Прычым на нашых вачах чырвоны квадрат ператвараецца ў круг — і робіцца супрэматычным сонцам... Ды нават славутыя тры апельсіны, якія як толькі не вырашаліся ў розных пастаноўках, тут ператвараюцца ў тры супрэматычныя карціны, якія Прынц вязе на ровары з кошыкам. І венецыянскі карнавал, і вулічны тэатр 1920-х з фізкультурнікамі і плыўчыхамі... І нават сённяшні час з персанажамі анімэ адгукаецца. Безумоўна, трэба адзначыць працу мастака-пастаноўшчыка Алены Салаўёвай і мастака па касцюмах Наталлі Земаліндзінавай. Але без зладжанай, адданай працы артыстаў дэкарацыі засталіся б на ўзроўні цікавай карцінкі... Ды стварыўся сапраўдны сінтэз, персанажы жывуць на сцэне, відаць, што артысты самі ўключыліся ў гульню. А дружны рогат залы, калі з’яўляецца магутная Кухарка, узброеная чарпаком (Рэнат Латыпаў), ці калі Труфальдзіна (лаўрэат Нацыянальнай прэміі «Анегін» Анатоль Няўдах) падскоквае пад жэстамі суразмоўцы, як мячык, ці сціскаецца, як складная папяровая цацка, — сведчыць, што ў гульню ўключылі і гледача. 

Спектакль самарцаў стварыў сапраўды святочны настрой. А 15 снежня Мінскі міжнародны Калядны оперны форум завяршаецца гала-канцэртам.

Людміла ІВАНОВА

Фота прадстаўлены тэатрам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.