Вы тут

«Новая бібліятэка...» прадстаўляе Еўдакію Лось


Выдавецтва «Мастацкая літаратура» — адна з нямногіх айчынных кніжніц, дзе разумеюць вагу, мастацкую, асветніцкую ролю нацыянальнай паэзіі ў выхаванні грамадства, у развіцці беларускай культуры. Выяўляецца гэта і ў створанай у 2023 годзе серыі «Новая бібліятэка беларускай паэзіі». У межах гэтага праекта ўжо пабачылі свет кнігі Навума Гальпяровіча, Анатоля Грачанікава, Генадзя Пашкова, іншых вядомых паэтаў XX — XXI стагоддзяў.


Навінка, выданне якой ажыццёўлена па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, — зборнік вершаў (у яго ўключана яшчэ і паэма «З белых пялёсткаў») Еўдакіі Лось «Яснавокіі мальвы». Лёс не адмераў паэтэсе і палову века (нарадзілася ў 1929 годзе, пайшла з жыцця ў 1977-м). Але і зараз многія яе творы ў грамадзянскай і інтымнай лірыцы падаюцца ўражлівымі і прыцягальнымі. «Мая радзіма — / Жытні колас,/ Сінь мурагу, язміну цвет./ Яна — / Пілы гарачай голас,/ Калёс цяжкіх глыбокі след.../ Мая радзіма — /Дзе з-за бору/ Ўзыходзіць месяц уначы,/ Дзе ў братнім ладзе, ў дружным зборы/ Жылі калісьці крывічы...» — з верша «Продкі», які паэтэса прысвяціла свайму земляку — народнаму паэту Беларусі Петрусю Броўку (і Лось, і Броўка нарадзіліся на Віцебшчыне, ва Ушацкім раёне).

Вершы Еўдакіі Лось падобны на акіян, які прыцягвае, сведчыць пра велічнасць і вечнасць беларускіх слоў. Чытаеш паэзію гэтай яркай пеставанкі гераічнай Віцебскай старонкі і думаеш пра тое, што, відаць, варта часцей дакранацца зрокам, слыхам, усёй свядомасцю да такіх паэтычных твораў — тады паменей войнаў і бруду, тады адсунецца далей тая ці іншая катастрофа, страхі пра якую забіраюць наша мышленне. «...Як вам жылося, землякі,/ на пятачку зямлі чырвонай,/ калі даймалі не ваўкі,/ а зграі арміі шалёнай?!/ Мае сябры з гарэлых школ,/ як вам жылося, не кажыце:/ у сэрцы — ружжаў частакол/ і вашы курганочкі ў жыце./ Дык кіньце жартачкі, мадам,/ з усмешкай вашаю чужацкай:/ жылося нам не так, як вам, — / далёка ад бяды зямляцкай!..» — пісала паэтэса ў 1972-м...

Укладальнік кнігі Еўдакіі Лось «Яснавокія мальвы» — паэт, чуйны да мастацкага слова рэдактар, творца Алесь Бадак (дзяржава высока ацаніла яго літаратурную працу, адзначыўшы медалём Францыска Скарыны, ордэнам Францыска Скарыны). Агульнае афармленне серыі належыць таленавітаму кніжнаум графіку Міхаілу Дайлідаву. Мастак непасрэдна кнігі Еўдакіі Лось — Мая Пракаповіч.

Кастусь ХАДЫКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.