Вы тут

Што можна было ўбачыць на стэндах на кніжнай выстаўцы ў Мінску?


ХХХІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш прайшла ў сталіцы ў сярэдзіне сакавіка. На галоўным свяце аматараў кніг былі прадстаўлены як нацыянальныя, так і міжнародныя дасягненні ў сферы літаратуры і кніжнай справы. Мерапрыемсaтвы ладзілі ўстановы адукацыі, буйныя беларускія і вузкаспецыялізаваныя выдавецтвы, а таксама бібліятэкі сталіцы. Карэспандэнт «Чырвонкі. Чырвонай змены» наведаў некаторыя стэнды, падзяліўся ўражаннямі і склаў уласны спіс рэкамендацый.


Мы ведаем, мы ганарымся

Цэнтральнай падзеяй выстаўкі сталі мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У першы дзень прэзентавалі дакументальнае выданне «За цябе, Беларусь!». У ім распавядаецца пра лёс і вызваленне нашай краіны падчас Вялікай Айчыннай вайны. Кнігу можна назваць «дзённікам вызвалення», бо ў ёй паказаны кожны дзень вайны, пачынаючы з 22 чэрвеня і заканчваючы днём вызвалення Мінска. А дзякуючы Музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны кожны дзень баёў праілюстраваны рэдкімі фатаграфіямі і архіўнымі матэрыяламі, картамі баявых дзеянняў.

— Кніга хоць невялікая па фармаце, але вельмі змястоўная, — адзначыў намеснік дырэктара «Мастацкай літаратуры» Віктар Шніп. — Гэта падручнік гісторыі і мужнасці беларускага народа, усіх, хто змагаўся з акупантамі. Немцаў білі ў самыя першыя дні, і адпор захопнікам быў моцны. Няма ніводнага месца ў Беларусі, дзе б не адбываліся гэтыя падзеі…

Выданне раскажа чытачу і пра пачатак партызанскай вайны, і пра дзень выхаду першага падпольнага нумара газеты «Звязда», і пра знакаміты подзвіг экіпажа Маслава, а таксама пра многія іншыя знакавыя падзеі падчас вызвалення Беларусі, у якім прымала гераічны ўдзел і моладзь. Гэта подзвіг Марата Казея, Зоі Касмадзям’янскай і іншых падпольшчыкаў. Таксама да выдання выйдзе дадатак успамінаў ветэранаў «Ніколі не забудзем», які з 1948 года зведаў 20 перавыданняў…

Звярнула на сябе ўвагу і кніга «Выбары ў Беларусі. Коратка пра галоўнае», падрыхтаваная выдавецтвам «Беларусь» сумесна з ЦВК. Па словах аўтараў, распавесці чытачу пра выбарчы працэс простай мовай было складанай задачай, бо выбары — гэта закон, а кніга — творчасць. Аднак у прадстаўленым выданні выбарчы працэс і яго гісторыя пададзены зразумела і цікава для розных пластоў насельніцтва, нават з выкарыстаннем шрыфту Брайля і мультымедыйных QR-кодаў.

На скрыжаванні прыроды і навукі

Значную частку выставачнага павільёна займалі стэнды ўніверсітэтаў Беларусі і адукацыйныя праекты. Напрыклад, БДУ быў прадстаўлены Фундаментальнай бібліятэкай універсітэта. Найперш звярнулі на сябе ўвагу серыя кніг пра гісторыю навучальнай установы «Памяць і Слава», а таксама трылогія «Каштоўны свет сучаснага чалавека», якая распавядае пра трансфармацыю каштоўнасцяў беларусаў і еўрапейцаў. Прыемна было ўбачыць тут і альманах студэнцкай прозы і паэзіі «аБДУмана», у якім прадстаўлены вершы студэнтаў, іх разважанні пра пісьменнікаў і навукоўцаў мінулага.

А Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк прадставіў архітэктурныя праекты сваіх выхаванцаў — павільён «Белдрук» і выставачны павільён «Стужка». Тэхнапарк запрацаваў у пачатку 2021 года, і сёння ён прапануе 15 прыкладных напрамкаў для навучэнцаў 9–11 класаў, такіх як фізіка, хімія, робататэхніка і іншыя навукі. Абараніўшы выніковы праект, можна працягваць вывучэнне выбранага прадмета дыстанцыйна. Таксама тэхнапарк дазваляе паступіць у профільную ВНУ экстэрнам, атрымаўшы рэкамендацыйны ліст ад назіральнага савета установы.

Аб роднай прыродзе і адпачынку з равеснікамі расказаў праект Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства «Маладзёжны турызм у Рэспубліцы Беларусь». Праект функцыянуе як сістэма дадатковай адукацыі. Створаны прафарыентаваныя лагеры, праходзяць злёты ў рамках Саюзнай дзяржавы, экспедыцыі ў прыродныя запаведнікі. Яшчэ цэнтр праводзіць навуковыя конкурсы аб флоры і фаўне Беларусі. У сёлетнім 35-м конкурсе праектаў навучэнцаў удзельнічалі 113 работ у дзесяці секцыях. На стэндзе праекта былі прадстаўлены зборнікі мінулых навуковых конкурсаў і справаздачы з папярэдніх экспедыцый. У іх расказваецца, напрыклад, аб выкарыстанні дронаў для ўліку колькасці птушак, экспедыцыі да праваслаўнай крыніцы ў Дзяржынскім раёне. 

Кніга для сябе і сяброў

Вывучаючы адукацыйныя стэнды і наведваючы мерапрыемствы на галоўнай сцэне «БелЭкспа», мы не маглі не заўважыць мастацкую літаратуру, прадстаўленую беларускімі і замежнымі выдавецтвамі. Напрыклад, раман «Цыдулкі для Пеле» расказвае пра тое, як бацька працягвае быць у жыцці свайго сына нават пасля смерці і спрыяе яго развіццю і росту. Пеле, валодаючы фенаменальнай памяццю і веданнем энцыклапедычных фактаў, выкарыстоўвае іх у якасці апоры ў цяжкія моманты, якія дапамагаюць яму спраўляцца з горам і цяжкасцямі. «Казахскія народныя казкі» адрасаваны не толькі дзецям. Гэты зборнік ад казахскага выдання «Фаліянт» дапаможа паглыбіцца ў фальклор Казахстана і правесці вечар за вывучэннем урокаў старажытнай мудрасці і выпрабаванняў лёсу.

Падлеткавы раман маладога брытанскага пісьменніка Дафі Малкалма «Мама. Тата. Я» расказвае пра хлопца Дэні: на фоне праблем у маці і яе новага сябра Дэні адважваецца знайсці свайго бацьку, якога ніколі не ведаў. Кніга пра сталенне, пошук і сям’ю будзе цікавай і карыснай многім. Свежае выданне «Чароўны свет» ад «Белкнігі» дазволіць коратка і наглядна пазнаёміцца з беларускай міфалогіяй. 

А ўсім прыхільнікам беларускай культуры раю звярнуць увагу на выданне «Традыцыйны светалад беларусаў». 

Літаратура такая ж розная, як і людзі, якія яе ствараюць. І самае галоўнае, каб чытанне кніг заставалася часткай нашага жыцця. Чытайце, дзе атрымліваецца, і тое, да чаго ляжыць душа! Слухайце аўдыякніжкі, чытайце ў электронным фармаце, разглядайце коміксы і беражыце папяровую кнігу. І помніце, што кніга — люстэрка душы пісьменніка, а значыць, вас заўсёды чакаюць адкрыцці.

Аляксандр ПЯТРОЎСКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.