Вы тут

Фінішаваў конкурс эсэ, прысвечаных супрацоўніцтву Беларусі і Кітая


Узнагароджаны пераможцы конкурсу эсэ, прысвечаных беларуска-кітайскаму супрацоўніцтву.

У красавіку мінулага года Міжнароднае радыё «Беларусь» сумесна з пасольствам Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі, Беларускім таварыствам дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі і Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ абвясцілі конкурс творчых работ (эсэ) на тэму «Беларуска-кітайскае супрацоўніцтва. Шаўковы шлях і Індустрыяльны парк «Вялікі камень» маімі вачыма». Прыём работ завяршыўся 1 лютага, урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў днямі прайшла ў гатэлі «Пекін».


Так, журы разгледзела творчыя работы ўдзельнікаў ва ўзросце ад 9 да 66 гадоў, якія жывуць у Беларусі, Кітаі, Украіне, Польшчы. Яны даслалі эсэ, фотаэсэ, вершы, казкі і нават цэлыя кнігі, якія на рускай, беларускай, кітайскай мовах распавядаюць пра беларуска-кітайскія стасункі.

— Сімвалічна, што конкурс мы зладзілі разам у год 25-й гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Кітаем і Беларуссю, — падкрэсліў падчас цырымоніі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Цуй ЦЫМІН. — Таксама яго мэтай стала прыцягненне ўвагі грамадскасці да развіцця кітайска-беларускага партнёрства, а таксама перспектыў нашых адносін.

— Нашы краіны маюць велізарны патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва. Вельмі важна для яго рэалізацыі,  каб мы ведалі пра сваіх сяброў, больш даведваліся пра іх. Менавіта гэтай мэце і служыць наш конкурс, — зазначыў дырэктар Інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ Анатоль ТОЗІК.

Цырымонія падвядзення вынікаў сталася сапраўдным святам для ўдзельнікаў творчага спаборніцтва і гасцей імпрэзы. Так, гучалі песні на беларускай і кітайскай мовах, школьнікі чыталі вершы па-кітайску, магістранты ўніверсітэта фізкультуры дэманстравалі прыёмы ўсходніх адзінаборстваў.

— Калі мы толькі распачыналі конкурс, то вельмі хваляваліся. Хто будзе пісаць эсэ і дасылаць нам? Як адгукнуцца слухачы з Кітая? — разважае галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі міжнароднага вяшчання Беларускага радыё Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ. — Але тыя 60 работ, якія мы атрымалі для ўдзелу ў конкурсе, даказваюць, што ён адбыўся досыць паспяхова. Гэта першая ластаўка, першая магчымасць выказацца пра наша сяброўства для простых жыхароў Беларусі і Кітая. Спадзяюся, у будучыні мы зладзім падобныя сумесныя праекты.

Так, пераможцамі конкурсу сталі больш як дзясятак удзельнікаў з розных гарадоў Беларусі, Украіны. Яго актыўнымі ўдзельнікамі былі студэнты і магістранты з Кітая, якія вучацца ў нашай краіне, а таксама супрацоўнікі кампаніі ZTE — партнёра конкурсу. Дыпломы пераможцаў атрымалі аспірант з Кітая Ван Шывэй і выкладчыца з Мінска Святлана Кабачэўская. Менавіта іх работы журы конкурсу назвала самымі грунтоўнымі.

— Работы, дасланыя на конкурс, былі вельмі цікавыя, аналітычныя і эмацыянальныя адначасова, — кажа член журы, дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ Віктар ШАДУРСКІ. — Кожны ўдзельнік унёс свой маленькі каменьчык у наш «Вялікі камень» — дружбу Беларусі і Кітая.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Дружба Сінявокай і Паднябеснай

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.