Вы тут

У сталічных ВНУ 1 красавіка пройдуць Дні адкрытых дзвярэй


Маштабным Фестывалем факультэтаў будзе сустракаць гасцей Белдзяржуніверсітэт.


Дэвіз свята, якое дае старт прыёмнай кампаніі — 2017, — «Я выбіраю БДУ». Месца правядзення ўсіх мерапрыемстваў — Ліцэй БДУ (вул. Ульянаўская, 8). Пачатак у 10.00. Урачыстае адкрыццё з удзелам рэктара акадэміка Сяргея Абламейкі запланавана на 11.00.

У зоне візуальнага стэнда «Абітурыент-2017» спецыялісты прыёмнай камісіі адкажуць на ўсе пытанні, якія цікавяць выпускнікоў. Акрамя «інфармацыйных» пляцовак тут будзе працаваць выстаўка навуковых распрацовак БДУ, пройдуць прэзентацыі спартыўнага жыцця студэнтаў БДУ і псіхалагічнай службы ўніверсітэта.

Навінкай фестывалю стане шэраг універсітэцкіх ініцыятыў. Упершыню адбудзецца афіцыйная прэзентацыя праектаў «Фэст інтэлектуальных гульняў школьнікаў» і «Студэнт на тыдзень», якія праводзіліся ў ВНУ цягам года. Таксама ўпершыню на фестывалі будзе працаваць пляцоўка «Твая паспяховая кар'ера распачынаецца ў БДУ», дзе абітурыенты даведаюцца аб карпарацыях, арганізацыях і кампаніях, у якіх працуюць выпускнікі БДУ.

Не менш грандыёзнае свята абяцаюць арганізаваць і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР). Старт — у 10.30 у вучэбным корпусе №2 па вуліцы Петруся Броўкі, 4. У фае разгорнецца інтэрактыўная кансультацыйная пляцоўка прыёмнай камісіі. Тут жа можна будзе зарэгістраваць свой асабісты электронны кабінет і навучыцца ім карыстацца. А аб 11-й гадзіне ў актавай зале з абітурыентамі сустрэнецца кіраўніцтва ўніверсітэта, адказны сакратар прыёмнай камісіі і выпускнікі БДУІР. Таксама перад будучымі студэнтамі галоўнага ІТ-універсітэта выступіць намеснік дырэктара адміністрацыі ПВТ Аляксандр Марцінкевіч. А ў 13.15 распачнуцца сустрэчы абітурыентаў з дэканамі факультэтаў.

на Дні адкрытых дзвярэй таксама будзе дадзены старт праекту «#Я ў БДУІР: стань студэнтам на адзін дзень». Па ўмовах праекта стаць яго ўдзельнікамі змогуць толькі тыя, хто быў на Дні адкрытых дзвярэй 1 красавіка і зрабіў на мерапрыемстве фота на памяць.

На Дзень адкрытых дзвярэй запрашаюць 1 красавіка таксама БДЭУ і БДПУ. Мерапрыемствы на факультэтах эканамічнага ўніверсітэта пройдуць па наступным графіку:

Улікова-эканамічны факультэт і факультэт права — 11.00, актавая зала навучальнага корпуса №5 (вул. Свярдлова, 7).

Факультэт камерцыі і турыстычнай індустрыі, факультэт міжнародных бізнес-камунікацый, інстытут сацыяльна-гуманітарнай адукацыі — 12.30, актавая зала навучальнага корпуса №5 (вул. Свярдлова, 7).

Факультэт фінансаў і банкаўскай справы, факультэт маркетынгу і лагістыкі — 11.00, актавая зала навучальнага корпуса №2 (пр-т Партызанскі, 26).

Факультэт менеджменту і факультэт міжнародных эканамічных адносін — 12.30, актавая зала навучальнага корпуса №2 (пр-т Партызанскі, 26).

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце (вул. Савецкая, 18) мерапрыемства стартуе аб 11-й гадзіне ў актавай зале. Абітурыентам і іх бацькам будзе прадастаўлена магчымасць сустрэцца з кіраўніцтвам універсітэта, выкладчыкамі, студэнтамі, а таксама з вядомымі выпускнікамі гэтай навучальнай установы.

Госці вядучай педагагічнай ВНУ змогуць азнаёміцца з мультысэрвісным інфармацыйным адукацыйным асяроддзем універсітэта, сучаснымі інтэрактыўнымі класамі, рэпазіторыем, электроннай бібліятэкай, залай рэдкай кнігі, планетарыем і спартыўным комплексам...

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Здзейсніць «разведку»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.