Вы тут

Якія магчымыя змены КаАП закрануць кіроўцаў


Парламент разглядае законапраект з прапановай Міністэрства ўнутраных спраў перапрацаваць шэраг артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. У прыватнасці, змены закрануць і вадзіцеляў: пакаранне за некаторыя віды парушэнняў правілаў дарожнага руху можа стаць менш суровым, а за іншыя — больш строгім.


Так, забытыя дома дакументы больш не будуць прычынай атрымаць папярэджанне або заплаціць штраф памерам у дзве базавыя велічыні. Дадатковая адказнасць не настане і за паўторнае на працягу года перавышэнне хуткасці больш чым на 20 км/гадз. Але гэта не значыць, што парушальнік застанецца беспакараны: ён павінен будзе заплаціць належны штраф ад 5 да 15 базавых велічынь, але правоў не пазбавіцца. Штраф за адсутнасць страхоўкі ў выпадку аварыі можа скласці ад 5 да 10 базавых, у той час як цяпер лічба дакладная — 10 БВ.

Ёсць у законапраекце і пункты, якія закліканы зрабіць адказнасць, наадварот, больш суровай. Так, прапануюць размежаваць пакаранне за перавышэнне хуткасці на 30 і больш кіламетраў у гадзіну. Пры перавышэнні ад 30 да 40 км/гадз. штраф застанецца ранейшы — ад 3 да 10 базавых, больш чым на 40 км/гадз. — штраф ужо ад 7 да 15 базавых велічынь.

Больш жорсткімі могуць стаць спагнанні і ў дачыненні да бяспраўнікаў за невыкананне патрабаванняў сігналаў рэгулявання, парушэнне правілаў перавозкі пасажыраў або іншых ПДР. Іх прапануюць караць таксама, як і кіроўцаў, якія стварылі аварыйную сітуацыю: штрафам ад 5 да 20 базавых велічынь з пазбаўленнем правоў на два гады альбо без пазбаўлення.

Аднак пакуль усе гэтыя пункты толькі частка законапраекта. Яшчэ не вядома, якія з іх увойдуць у канчатковую рэдакцыю. У парламенце спецыяльная група для абмеркавання прапаноў збярэцца ў лістападзе, пасля гэтага адбудзецца карэкціроўка законапраекта.

Дар'я КАСКО

kasko@zviazda.by

Загаловак у газеце: За няпамятлівасць не пакараюць

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.