Вы тут

Навошта садзілі «казу» ў човен?


Кніга Мікалая Маляўкі «Спадчына, або Каб не стаць манкуртам» расказвае пра штодзённы побыт нашых продкаў: як яны працавалі, святкавалі, апраналіся і размаўлялі... І што значылі для іх, на першы погляд, дробязі.


«Спадчына» Мікалая Маляўкі стала першым выданнем, прысвечаным Году малой разімы, якое выйшла па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі ў выдавецтве «Народная асвета». Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што кожны чалавек мае сваю маленькую Бацькаўшчыну, якая ў той жа час з'яўляецца часткай агульнай краіны:

— Гэты год дае нам добрую магчымасць не толькі ўспомніць пра родныя мясціны, але і зрабіць для іх нешта важнае і карыснае, нягледзячы на ўзрост, прафесію або пасаду. Вельмі сімвалічна, што першай кнігай, прысвечанай Году малой радзімы, стала менавіта «Спадчына», якая звяртаецца да вытокаў і традыцый нашага народа, без ведання якіх немагчыма будучыня нацыі. Мы будзем і далей падтрымліваць — у тым ліку фінансава — такія выдавецкія праекты, — запэўніў міністр.

Кніга разлічана на дзяцей і падлеткаў, таму аўтар звяртаецца да чытача на нязмушанай, вобразнай мове. У кнізе прыказкі, прымаўкі, загадкі, лірычныя аўтарскія адступленні, якімі Мікалай Маляўка малюе «абразкі» людзей мінулага часу. Але асноўная мэта кожнага раздзела — раскрыць перад чытачом тыя сэнсы, якія хаваліся ў побытавым жыцці вясковага чалавека мінулых вякоў. Чытач быццам праходзіць поруч з аўтарам па сялянскім падвор'і, зазірае ў хату і потым кіруецца яшчэ далей — на сенажаць, у поле, лес, на рэчку. Якімі бываюць сані? Што захоўвалі ў калодзежы? Як з дапамогай «казы» — своеасаблівай «лямпы» на носе чоўна — лавілі рыбу па начах? Пра ўсё гэта можна дазнацца на старонках «Спадчыны».

— Матэрыял для кнігі я збіраў даўно. Раней ужо была выдадзена кніга «Сядзіба, або Хата з матчынай душой», але праца так захапіла, што пасля выдання ніяк не мог спыніцца, усё назапашваў новую інфармацыю, — расказвае Мікалай Маляўка. — Вось тады сябры прапанавалі арганізаваць здабытак гэтых гадоў па раздзелах, скампанаваць і стварыць яшчэ адну кнігу. Хочацца падзякаваць музею старажытнабеларускай культуры за дазвол выкарыстаць фотаздымкі з іх калекцый, фатографам, мастакам, ілюстратарам выдавецтва — без іх кніга не атрымалася б такой яркай. Вёска Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна для мяне назаўсёды найпрыгажэйшы куток.

Кніга Мікалая Маляўкі прадстаўляла нашу краіну на міжнародных выставах, якія адбыліся нядаўна ў Празе, Варшаве, Санкт-Пецярбургу. Магчыма, яна стане той літаратурай, якая дазволіць іншаземным гасцям больш поўна пазнаёміцца з Беларуссю, убачыць не толькі вонкавы, але і духоўны свет нашых людзей.

— Са «Спадчыны» чытач даведаецца мноства цікавых рэчаў, з якімі б ён у іншых абставінах сутыкнуўся, бадай, толькі ў музеі, — лічыць Барыс Лазука, дырэктар музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі. — Музей старажытнабеларускай культуры валодае найбагацейшымі калекцыямі помнікаў этнаграфіі, народнага мастацтва, але яны маўклівыя, бо знаходзяцца на паліцах у выставачных залах. Патрэбен чалавек, які б стаў расказваць пра іх. А вось калі адкрываеш кнігу Міколы Аляксандравіча, музейныя рэчы там «атрымліваюць мову»: добрую, выразную, дапоўненую багатымі ілюстрацыямі.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Фота Канстанціна ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.