Вы тут

Больш як 150 беларускіх прадпрыемстваў прыме ўдзел у выстаўцы ў Ташкенце


Больш за 150 беларускіх прадпрыемстваў прымуць удзел у маштабнай выстаўцы беларускіх вытворцаў Made in Belarus, якая пройдзе 14-19 верасня ў Ташкенце (Узбекістан), паведамілі ў выставачным унітарным прадпрыемстве "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.


Наведвальнікам прадэманструюць шэраг тэматычных экспазіцый. Вялікія прамысловыя прадпрыемствы Беларусі пакажуць узоры сельскагаспадарчай і камунальнай тэхнікі, інавацыйныя электробусы, горныя камбайны, распрацоўкі для абароннага комплексу. На выстаўцы будуць прадстаўлены кар'ерныя самазвалы "БелАЗ", інавацыйныя мадэлі трактароў BELARUS ад МТЗ, збожжаўборачныя камбайны, тэхніка для ўборкі бавоўны і комплексы для нарыхтоўкі кармоў у экстрэмальных умовах ад "Гомсельмаша". Касілкі для скошвання прыродных і сеяных траў, прэс-падборшчыкі для валкоў сена і саломы, а таксама кормараздатчыкі з электроннай сістэмай кантролю колькасці загружаных сумесей прапануе "Бабруйскаграмаш". "Амкадор" прэзентуе мадэлі ўніверсальных пагрузчыкаў, а МАЗ - аўтакран для пагрузачна-разгрузачных і будаўніча-мантажных работ, самазвальны аўтапоезд для перавозкі сыпкіх грузаў і пасажырскі нізкападлогавы аўтобус. Электробус мадэлі Е433 Vitovt Max Electro, што аб'ядноўвае ў сабе перавагі тралейбуса і аўтобуса, прадэманструе "Белкамунмаш". Інавацыйны транспарт бясшумны, здольны пераадольваць без падзарадкі да 15 км, аснашчаны сістэмамі відэаназірання, GPS-навігацыі і клімат-кантролю.

Экспазіцыя прадставіць шырокі асартымент камплектуючых, дэталей і тэхналагічнага абсталявання для розных галін прамысловасці. "Магілёўліфтмаш" прадэманструе кабіну пасажырскага ліфта палепшанай аддзелкі, мікрапрацэсарныя станцыі кіравання ліфтамі. Беларускія вытворцы гатовы прапанаваць узбекскім спажыўцам і сучасную бытавую тэхніку для дома і офіса.

Тэхніку спецыяльнага прызначэння прадставяць прадпрыемствы ваенна-прамысловага сектара. Разведвальна-агнявы модуль прадэманструе ААТ "АГАТ-сістэмы кіравання". У склад модуля на базе браніраванага аўтамабіля ўключаны беспілотны авіяцыйны і наземны рабатызаваны комплексы. Таксама ў экспазіцыі будуць прадстаўлены рухомая радыёрэлейная станцыя, пераносны комплекс кіравання агнём артылерыі і дарожны кантралёр БДКЛ-2 для кіравання святлафорнай сігналізацыяй. 

Прадпрыемствы канцэрна "Белнафтахім" прадэманструюць узоры нафтахімічнай і хімічнай прадукцыі, якая экспартуецца больш як у 100 краін. Вядомыя прадпрыемствы лёгкай прамысловасці Беларусі пакажуць модныя калекцыі штодзённага, дзелавога і спартыўнага адзення, дамашні тэкстыль, натуральны скураны абутак і спецэкіпіроўку.

"Беларуская лясная кампанія" прадставіць ізаляцыйныя драўнянавалакністыя пліты, "Бярозабудматэрыялы" - асартымент керамічнай пліткі, "Рэчыцадрэў" - наборы корпуснай мэблі для дома і офіса. Прадукцыю са шкла і хрусталю прэзентуе шклозавод "Нёман".

На выстаўцы таксама будуць шырока прадстаўлены беларускія прадукты харчавання: сыры, сметанковае масла, малочныя сумесі для дзяцей, тварожныя пасты, далікатэсы з ялавічыны, свініны і мяса птушкі, рыбныя кансервы і прэсервы, агароднінныя марынады, зефір, шакалад і цукеркі ручной работы, віны і моцныя алкагольныя напіткі.

Будуць прэзентаваны больш як 100 навукова-тэхнічных распрацовак ад арганізацый Міністэрства адукацыі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. БДУ прадставіць серыю ветэрынарных біяпрэпаратаў, арыгінальныя беларускія прэпараты для лячэння злаякасных пухлін. Ультрагукавыя тэхналогіі і абсталяванне медыцынскага прызначэння для кардыялогіі, анкалогіі і стаматалогіі прапануе навукова-тэхналагічны парк БНТУ "Політэхнік". Інтэлектуальныя біямедыцынскія сістэмы прадставіць Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі. Таксама пакажуць свае распрацоўкі БДУІР, НПЦ шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН.

Вядучыя класічныя і профільныя ўніверсітэты Беларусі - БДУ, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, БДУІР і іншыя - прапануюць адукацыйныя праграмы для замежных студэнтаў: вочнае і завочнае навучанне, курсы перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, семінары і трэнінгі.

Навінкі беларускага кнігавыдання прадставяць вялікія выдавецтвы краіны - "Мастацкая літаратура", "Беларусь", "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі", "Народная асвета", "Вышэйшая школа" і іншыя. На выстаўцы ў Ташкенце пройдзе прэзентацыя дапоўненага выдання "Францыск Скарына на мовах народаў свету" з перакладам прадмовы да кнігі "Юдзіф" на ўзбекскую мову.

Шырокі асартымент лекавых сродкаў, вітамінных комплексаў і біялагічна актыўных дабавак да ежы прадставяць падведамныя прадпрыемствы Міністэрства аховы здароўя і холдынг "Белфармпрам". Гэта проціпухлінныя прэпараты новага пакалення, сродкі для лячэння сардэчна-сасудзістых захворванняў і апорна-рухальнага апарату, процімікробныя і процівірусныя прэпараты.

На выстаўцы ў Ташкенце будуць прэзентаваны магчымасці адпачынку і аздараўлення ў Беларусі: санаторна-курортны адпачынак, туры па прыродных выдатных мясцінах Беларусі. Нацыянальнае агенцтва па турызме прапануе экскурсійныя туры па гістарычных славутасцях Беларусі, а таксама прэзентуе маючыя адбыцца вялікія спартыўныя падзеі міжнароднага ўзроўню - II Еўрапейскія гульні ў 2019 годзе і чэмпіянат свету па хакеі ў 2021-м. 

Выстаўку арганізуе Беларуская гандлёва-прамысловая палата пры падтрымцы Міністэрства знешняга гандлю Узбекістана, дзяржаўных органаў, пасольстваў і бізнес-асацыяцый дзвюх краін. Выставачным аператарам выступае прадпрыемства "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.