Вы тут

Вячоркі ў музеі


Імпрэза ў фальклорным стылі прайшла ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры


Мікола Котаў з гуртом “Суседзі”

Там зладзілі свята “Запрашаем на вячоркі ў хату спадара Міколы Котава і спадарыні Кацярыны Пяршлевіч”. Мікола Конанавіч сам запрасіў мяне на імпрэзу ў тэлефоннай размове. Харэографа, мастацкага кіраўніка Тэатра фальклору “Матуліна хата” завочна даўно ведаю, таму з радасцю пагадзіўся.

Вячоркаўцаў вітала Эліна Свірыдовіч, загадчыца навукова-асветніцкага аддзела музея. Затым і самі самадзейныя артысты ўзялі слова: спявалі, танцавалі, жартавалі. То былі ўдзельнікі народнага ансамбля “Суседзі” з вёскі Прылепы, што ў Смалявіцкім раёне (мастацкі кіраўнік Марыя Гулевіч) ды мінскія артысты з Тэатра фальклору “Матуліна хата”. Жвавы, вясёлы Мікола Котаў як знітоўваў нумары ў адзіную дзею. Мы даведаліся: артысты “Суседзяў”, у нацыянальных строях, не выпадкова такую назву гурту падабралі. Яны — ураджэнцы адселеных пасля Чарнобыльскай бяды вёсак Нараўлянскага раёна. У Прылепах знайшлі сваю другую малую радзіму, стварылі творчы калектыў. Хораша гучалі ў іх выкананні народныя песні “Цячэ вада ў ярок”, “Прымакі”, быў і танец “Бульба”. З салістаў адзначым Кацярыну Пяршлевіч, сясцёр Альвіру й Таццяну Корбут.

На “біс” пайшла песня Міколы Котава “Дранікі-бульбянікі”. Сам ён, амаль 78‑гадовы, у падтанцоўцы некалькі разоў зрабіў шпагат! Трымае сябе Мікалай Конанавіч, ведаю, спецыяльнымі практыкаваннямі, не патураючы ўласнай ляноце, у добрай фізічнай форме. Таксама ўжо маючы немаладыя гады за плячыма, я магу сцвярджаць: рэдка сустрэнеш чалавека з такой вытрымкай, загартаванасцю, любоўю да народнага мастацтва.

Прыемна было бачыць на музейных вячорках і спонсараў, якія дапамагаюць самадзейным артыстам здзяйсняць свае творчыя задумы, быць запатрабаванымі: гэта Валеры Сарока, Алег Курчэўскі, Францішак Жылка. Тым светлым людзям, што самі атрымліваюць немалую асалоду ад народнага мастацтва, Мікола Котаў шчыра дзякаваў за дапамогу. А напрыканцы вячорак у фае музея артысты разам з гледачамі зладзілі святочны карагод.

Лявон Целеш

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.