Да канца водпуску засталося пратрымацца нейкіх чатыры дні... Здавалася б, што такое чатыры дні? Але калі гаворка ідзе пра водпуск у такой вясёлай сям'і, як наша, гэта — цэлая вечнасць. Вось на рабоце так: чатыры дні пралятаюць незаўважна, а падчас адпачынку яны цягнуцца пакутліва доўга.
На жаль, у нас на рабоце водпускі вельмі вялікія, і, што яшчэ горш, калі сёлета ты водпуск недагуляў, то дні, якія засталіся, аўтаматычна пераносяцца на наступны. І нікуды ад гэтых водпускаў не дзецца, таму што калі ты не ідзеш у адпачынак, то парушаеш уласныя правы чалавека, а гэта ўжо можа закончыцца водпускам назаўсёды.
* * *
Сын з раніцы сабраўся ў ліцэй, прыносіць мне чысты ліст паперы:
— Тата, падпішы заяву.
— Ты хацеў сказаць: напішы заяву?
— Не, проста падпішы.
Гляджу на чысты ліст:
— А дзе заява?
— Заяву я потым напішу, цяпер няма часу.
— Цікава, і што ты там напішаш?
— Тата, я спазняюся. Ты можаш проста распісацца і ўсё.
Добра, у рэшце рэшт павінен жа бацька давяраць уласнаму сыну: распісаўся і аддаў чысты ліст са сваім подпісам дзіцяці.
Вельмі цікава, што ж ён там напіша: столькі прынадных варыянтаў, а подпіс усяго адзін. Нават неяк крыўдна.
P. S. А наогул, пара б у шаснаццаць гадоў ужо за тату навучыцца распісвацца. А то дзіцячы сад нейкі: «Тата, падпішы. Тата, падпішы». І чаму іх толькі вучаць у гэтым ліцэі?
* * *
Поля:
— Тата, толькі паабяцай, што ты пагодзішся.
— Пагаджуся на што?
— Не, ты спачатку паабяцай.
— Прабач, я ў такія гульні не гуляю.
(Я ў іх і праўда не гуляю.)
— Ну, калі ласка, там няма нічога складанага. Трэба проста сёе-тое ачысціць ад скуркі, каб мы маглі гэта з'есці.
— Добра, абяцаю.
— Ура! Вера, нясі какос!
* * *
Едзем вечарам з сынам дадому. абодва стомленыя: я — пасля работы, сын — пасля курсаў англійскай. У машыне іграе нейкая песня па радыё.
Раптам песня нечакана абрываецца, і раздражняльна вясёлы голас радыёвядучага вымаўляе:
— Ну што, спадзяюся, вы ўжо шчасліва дабраліся да дому і...
Не паспяваю пераключыць канал, як чуецца сумны бас сына:
— Калі б мы ўжо дабраліся да дому, мы б цябе цяпер не слухалі.
З павагай паглядзеў на сына: чалавеку толькі споўнілася шаснаццаць, а ён ужо разумнейшы за радыёвядучага.
P. S. Зрэшты, калі прыслухацца да таго, што звычайна гавораць радыёвядучыя, гэта не такое ўжо і вялікае дасягненне...
Павел ХОЛАД
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».