Вы тут

На фестывалі “Сябры” спявалі


У “мультыкультурным” эстонскім горадзе Пярну гучалі песні на беларускай мове


Ансамбль “Святкi” з гуртом беларускага таварыства “Сябры”

Летняя пара — своеасаблівае зацішша, “не надта высокі сезон” у працы беларускіх суполак замежжа. І тым не менш актыўнасць яны праяўляюць. Таму сведчаннем і допісы ў сацсетцы Фэйсбук.

На старонцы Беларускага таварыства "Сябры" з Нарвы — вестка: 2-4 жніўня ў Пярну прайшоў XІX Міжнародны фестываль нацыянальных культур “Мультыкультурны Пярну”. Больш за 180 удзельнікаў з Эстоніі, Латвіі, Беларусі ды Расіі паказвалі сваё мастацтва. Звыш 4 гадзін доўжыўся 3 жніўня канцэрт на галоўнай плошчы горада. На імпрэзе сярод ганаровых гасцей былі й беларусы. У прыватнасці, з вітальным словам да шматнацыянальнай грамады звярнуліся як памочнік мэра Пярну Марка Шорын, так і Першы сакратар Амбасады Беларусі ў Эстоніі Аляксандр Татаркін.

Вельмі цёпла сустрэлі гледачы ўзорны ансамбль народнай песні “Святкі” з Мінска. Юныя таленты, якімі кіруе Марына Рудкоўская, цудоўна спявалі беларускія народныя песні. Нарву ж на фестывалі прадстаўляў і ансамбль беларускай суполкі “Сябры”. “Хочацца ж нам асабліва падзякаваць Алене Гаранінай, арганізатарцы імпрэзы, — чытаем захапленне ў Фэйсбуку. — Вельмі ўразіла ўсіх удзельнікаў фестывалю яе несуцішная энергія! Ну адкуль гэта ў Алены столькі сіл, ды й цярпення, каб і весці канцэрт, і самой выступаць-саліраваць у ансамблі “Родные напевы”, і сачыць, каб усім гасцям было добра-камфортна? Вялікі дзякуй, Алена, за тваю дабрыню й клопат!”

Інтэрнэт падказвае, што сяброўка беларусаў Алена Гараніна — мастацкая кіраўніца ансамбля “Родные напевы”, які створаны пры Саюзе нацыянальных меншасцяў “Радуга”.

Алена Гараніна

А Зінаіда Клыга, кіраўніца суполкі “БЭЗ” з эстонскага павета Іда-Вірумаа, напісала пра каштоўны досвед — ужо традыцыйную штогадовую вучэбна-азнаямляльную паездку сяброў Круглага стала нацыянальна-культурных аб’яднанняў Іда-Вірумаа. Яе ладзіць Інтэграцыйны цэнтр Іда-Вірумаа пры падтрымцы Мінкультуры Эстоніі. На гэты раз прадстаўнікі дыяспар наведалі Вільяндзі й Паламузе. Бярыце такую справу на заметку, шаноўныя актывісты беларускіх суполак замежжа! Разам вандраваць — гэта заўсёды карысна.

Асабліва моцнае ўражанне выклікала ў спадарыні Зінаіды і не толькі ў яе наведванне ў Вільяндзі Цэнтра фальклорнай музыкі: “Група энтузіястаў, якія й заклалі традыцыю штогадовага фолк-фестывалю, для пашырэння дзейнасці вырашылі ўладкаваць былы свіран пры памешчыцкай сядзібе. Цяжка ўявіць, колькі сіл спатрэбілася і сродкаў, каб з вялізнага каменнага хлява зрабіць вельмі функцыянальны будынак, прыдатны для велізарных мерапрыемстваў, канцэртаў, канферэнцый ды іншых імпрэз, а яшчэ зладзіць там інфармацыйна-вучэбную базу. І самае важнае пры тым: цэнтр, які робіць вялікі ўнёсак у культурнае жыццё Вільяндзі, жыве па прынцыпе самаакупнасці, арандуючы ў горада будынак”.

А чым вас уразіла, здзівіла, захапіла лета? Пішыце ў рэдакцыю, шаноўныя сябры!

Іван Іванаў

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.