Вы тут

У Туркменістане — пра шляхту і не толькі


Адзін з сёлетніх нумароў туркменскага літаратурна­ мастацкага часопіса “Гарагум” (“Каракумы”) выйшаў з падборкай твораў беларускіх пісьменнікаў


Помнік Махтумкулі ў Ашхабадзе. Скульптар — беларус Віктар Папоў

У Туркменістана й Беларусі складваюцца добрыя сяброўскія стасункі ў галіне мастацкай літаратуры. Туркменскія аўтары друкуюцца ў перакладзе на беларускую мову. А прозу, паэзію беларускіх літаратараў — як класікаў, так і сучаснікаў — апошнім часам часта змяшчаюць на старонках туркменскай перыёдыкі. Вось і ў сёлетнім лютаўскім нумары літаратурна-мастацкага часопіса “Гарагум” (“Каракумы”) змешчаны “беларускі выпуск”. Цыкл “Шляхецкія апавяданні” Людмілы Рублеўскай пераклала Бягуль Анабаева, а вершы Валерыі Радунь-Саротнік — Чэмен Аннабердыева.

Прадстаўленне беларускай літаратуры на туркменскай мове — добрая традыцыя і для часопіса “Дунья эдэбіяты” (“Сусветная літаратура”). Пачынаючы з 2012 года на старонках выдання з’явіліся ў перакладзе на туркменскую мову апавяданне Якуба Коласа (перакладчыца — Агульгазель Шагулыева), аповесць Алега Ждана “Прынцэса” (перакладчык — Аразмурат Тачмамедаў). Друкаваліся вершы Янкі Купалы, Максіма Танка, Ніла Гілевіча, Адама Шостака, Міколы Мятліцкага, іншых беларускіх паэтаў. Над пераўвасабленнямі паэтычных твораў на туркменскую працавалі Набаткулі Рэджэпаў і Сейітмурад Гельдыеў. З інтэрв’ю ў часопісе выступала маладая беларуская пісьменніца Юлія Алейчанка, якая пабывала ў Ашхабадзе. Неаднойчы “Дунья эдэбіяты” друкаваў гутаркі з Алесем Карлюкевічам на тэму беларуска-туркменскіх літаратурных сувязяў. У часопісе выйшлі таксама ўспаміны беларускага літаратара пра туркменскіх пісьменнікаў Керыма Курбанняпесава, Каюма Тангрыкуліева, Какалы Бердыева ды іншых (пераклад на туркменскую — Аннакга Атаеў).

Як бачым, прастора ўяўленняў пра беларускую літаратуру ў Туркменістане пашыраецца. І як блізкая перспектыва відавочным падаецца выданне ў Ашхабадзе новых калектыўных зборнікаў — каб прадставіць туркменскім чытачам сучасную беларускую паэзію ды прозу.

Сяргей Шычко

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.