Вы тут

Яшчэ адзін аздараўленчы цэнтр падрыхтаваны для кітайскіх студэнтаў


Для кітайскіх студэнтаў, якія вяртаюцца ў Мінск, рыхтуюць яшчэ адзін аздараўленчы комплекс — «Загор'е». Тыдзень таму іх пачалі размяшчаць у САК «Брыганціна» Белдзяржуніверсітэта. На сёння ў Мінск прыбылі 174 студэнты. Як паведамлялася раней, па звестках Міністэрства адукацыі, на канікулы ў Кітай паехала 920 студэнтаў, якія вучацца ў беларускіх навучальных установах. Большая іх частка (у нас атрымлівае адукацыю каля чатырох тысяч студэнтаў з КНР) у сувязі з успышкай каранавіруса ў Кітай не выязджала і не пакідала тэрыторыі Беларусі.


Як паведаміла прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія БАРАДУН, для забеспячэння бесперапыннага медыцынскага назірання за студэнтамі з КНР, якія працягваюць навучанне ў беларускіх універсітэтах, наладжана іх аздараўленне ў САК «Брыганціна» БДУ і Мінскім абласным цэнтры медыцынскай рэабілітацыі «Загор'е».

— Размова ідзе пра дадатковыя меры для студэнтаў, якія не былі ў кантакце з хворымі і не наведвалі эпідэмічна-неспрыяльныя раёны, а таксама для тых, да каго прымяняліся меры каранціну ў КНР. На сёння ўсе 174 студэнты, якія прыбылі, знаходзяцца пад медыцынскім назіраннем, — удакладніла Юлія Барадун.

Зараз у аздараўленчым комплексе «Загор'е» завяршаецца падрыхтоўчая работа да прыёму студэнтаў. Усе супрацоўнікі, якія будуць тут працаваць, прайшлі дадатковую падрыхтоўку. Для студэнтаў будзе арганізавана індывідуальная форма навучання. Такія ж меры эпідэмічнай бяспекі ўведзены ва ўсіх абласцях краіны, дзе вучацца студэнты з КНР.

— Беларускім грамадзянам на гэты перыяд прапануюцца паслугі двух іншых рэабілітацыйных цэнтраў — у вёсках Аксакаўшчына і Атоліна, — адзначыла Юлія Барадун.

Інфармацыю пра ўсіх асоб, якія прыбываюць з КНР, спецыялісты Міністэрства аховы здароўя атрымліваюць ад дзяржаўных пагранічнага і мытнага камітэтаў, Міністэрства транспарту і камунікацый, праводзяцца іх лабараторнае абследаванне і аператыўная дастаўка ў аздараўленчыя цэнтры. За перыяд з 28 студзеня да 14 лютага санітарна-каранцінным кантролем было ахоплена больш за 300 тысяч чалавек, якія перасеклі мяжу Беларусі.

У цяперашні час у Беларусі не зарэгістравана выпадкаў захворвання інфекцыяй, выкліканай каранавірусам СОVІD-19. Аднак з 30 студзеня ў рэжым павышанай гатоўнасці пераведзена работа ўсёй санітарна-эпідэміялагічнай службы, хуткай медыцынскай дапамогі, амбулаторна-паліклінічных і бальнічных арганізацый аховы здароўя. Яны гатовы да прыёму пацыентаў з падазрэннем на каранавірус і правядзення медыцынскага назірання за кантактнымі асобамі.

Дыягнастычная лабараторыя РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, якая праводзіць даследаванні і тэсты, працуе ў кругласутачным рэжыме. Даследаваны матэрыял амаль тысячы чалавек. Ва ўсіх выпадках вынік праверкі на каранавірусную інфекцыю адмоўны.

Паводле звестак, якія прыводзіць Нацыянальная камісія па ахове здароўя Кітая, ад каранавіруснай інфекцыі ў краіне загінула 1380 чалавек. Заразіліся ёй больш за 63,8 тысячы, з якіх больш за 10 тысяч чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане. Выздаравелі 6723 чалавекі. Агульная колькасць тых, хто захварэў ва ўсім свеце, складае 64 434 чалавекі.

У Сусветнай арганізацыі аховы здароўя не выключаюць, што, калі не спыніць эпідэмію, заразіцца можа 2/3 насельніцтва Зямлі. Пра гэта заявіў саветнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя вірусолаг Айра Ланджыні. Эксперт зыходзіць са звестак, што кожны заражаны вірусам перадае яго двум-тром чалавекам. У Кітаі колькасць новых выпадкаў штодзень можа складаць 50 тысяч. Замарудзіць распаўсюджванне захворвання можа толькі каранцін.

Алена КРАВЕЦ

Прэв'ю: zagorje.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.