Вы тут

Хацунь — расійская сястра Хатыні


Беларускае зямляцтва ў Бранску, госці з Гомеля 22 сакавіка — у дзень, калі карнікі спалілі Хатынь —усклалі кветкі ў памяць пра нявінных ахвяр вайны на Мемарыяльным комплексе “Хацунь”


Беларусы Бранска на Мемарыяльным комплексе “Хацунь”

Мы памятаем той трагічны дзень з гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, калі знішчана была карнікамі, спалена разам з людзьмі вядомая па ўсім свеце беларуская вёска Хатынь. Чуйныя сэрцы адчуваюць і сёння той боль, а Званы Хатыні чутныя й на Браншчыне.

Як вядома, Хатынь пасля вайны не адрадзілася, стала Мемарыялам — магутным сімвалам “вогненных вёсак”, сімвалам памяці пра тысячы спаленых карнікамі ў вайну беларускіх паселішчаў. Цяпер мы рыхтуемся адзначаць 75‑годдзе Вялікай Перамогі савецкага народа над фашысцкай Германіяй. Згадваем не толькі радасць перамог, але й боль велізарных страт. Народы Беларусі ды Расіі паядноўвае як сумесная перамога над нацыстамі, так і трагічныя падзеі ваеннага часу. У тым ліку дата-боль: 22 сакавіка 1943 года. Тады карны атрад знішчыў на Міншчыне, у Лагойскім раёне, вёску Хатынь. Пры карнай аперацыі 149 жыхароў, у тым ліку 75 дзяцей, былі спаленыя жывымі. Усяго па Беларусі з 9200 населеных пунктаў, разбураных ці спаленых немцамі ды іх памагатымі розных нацыянальнасцяў, у тым ліку й здраднікамі з тэрыторыі СССР, 5295 былі знішчаны разам з усімі ці часткай жыхароў. Лёс Хатыні падзялілі 186 вёсак: сцёртыя ворагамі з твару зямлі, яны не адрадзіліся ў пасляваенны час.

Жорсткая праўда пра тых, хто паліў Хатынь, стала ўдакладняцца, калі адкрыўся мемарыял. Беларускія навукоўцы, іх расійскія калегі шмат намаганняў прыклалі, каб як мага дакладней устанавіць: хто былі тыя злачынцы. (Пра тое пісала наша газета: “Звоняць званы Хатыні” — ГР, 29.03.2018. — Рэд.) Менш ведаюць сёння людзі, што Хатынь падзяліла лёс вёскі Хацунь з расійскай Браншчыны. Яна таксама была спаленая карнікамі, прычым яшчэ раней: 25 кастрычніка 1941 года. І яе 318 мірных жыхароў карнікі знішчылі. Усяго ж у часе вайны на Браншчыне ад ворагаў пацярпела больш за 1000 вёсак, дзясяткі былі спалены. Згадаем іх назвы па-руску: Речечка, Семенцы, Матреновка, Бежань, Бересток, Горелково, Борисово, Упрусы, Мамаёвка, Парасочки, Белево ды многія іншыя.

На месцы знішчаных Хатыні ды Хацуні ўзведзены мемарыяльныя комплексы: як помнікі ўсім знішчаным вёскам Беларусі ды Расіі. Гэтыя святыя месцы часта наведваюць жыхары Беларусі, Расіі, многіх іншых краін. У 2018 годзе ў часе патрыятычнага аўтапрабегу па месцах баявой славы, які арганізавалі беларусы Браншчыны й Смаленшчыны, зямля з Хацуні была дастаўлена ў Хатынь.

Варта дадаць, што наша Беларускае зямляцтва ладзіць паездкі бранскай моладзі ў Хатынь. Ёсць у нас і такая традыцыя: у дзень трагедый (як хатынскай, так і хацуньскай) ускладаць кветкі да помніка ў Хацуні. Вось і нядаўна, 22 сакавіка 2020 года, дэлегацыя зямляцтва з удзелам гасцей з Гомеля ў дзень знішчэння Хатыні наведала Мемарыяльны комплекс “Хацунь”. Мы, сябры зямляцтва, усклалі кветкі на пліты мемарыяла, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць ахвяр. У акцыі Памяці разам са мной паўдзельнічалі ад зямляцтва Юры Маджараў, Іван Іванішка, Сяргей Сцяпура, Юры Маркевіч, Сяргей Шапедзька, Дзмітры Борд.

Хатынь і Хацунь — вёскі-гаротніцы, вёскі-сёстры з аднолькава трагічным лёсам. Нават назвы ў іх сугучныя. Памяць пра вайну, пра вялікую цану перамогі паядноўвае брацкія народы. Вось якія радкі ёсць у вершы журналіста, пісьменніка з Бранска (якога ўжо няма з намі) Аляксандра Мехедава: “Вскипает в жилах сорок первый год,/ И над деревней русскою танцует/ Весь в пламени кровавом хоровод./ Хацунь моя, Хацунь, сестра Хатыни!”

Мікалай Голасаў, кіраўнік Беларускага зямляцтва на Браншчыне

Даведка ГР. У тэксце “Звоняць званы Хатыні” (ГР, 29.03 2018) расказваецца аб прэс-канферэнцыі беларускіх навукоўцаў, ёсць такі абзац: “Вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага архіва Беларусі, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Селямянёў прэзентаваў зборнік дакументаў і матэрыялаў “Хатынь. Трагедыя і памяць”. У ім сабраны ўсе знойдзеныя на сённяшні дзень дакументы па знішчэнні Хатыні. “Гэтыя дакументы даюць поўную карціну падзей напярэдадні трагедыі, — адзначыў Вячаслаў Дзмітравіч. — Частка дакументаў нам была прадастаўлена вядомымі расійскімі гісторыкамі Дзмітрыем Жукавым ды Іванам Коўтунам, якім пашчасціла ў архівах ЗША выявіць данясенне оберлейтэнанта Абвэра Ганса Вагнера аб знішчэнні Хатыні. Раней жа мы не ведалі, які з батальёнаў прымаў удзел у самым агідным злачынстве супраць чалавечнасці”. Данясенні нямецкага падпалкоўніка ўтрымліваюць весткі пра тое, што ў аперацыі ўдзельнічала нямецкая рота. “Гэта ж азначае адно: у знішчэнні Хатыні прымалі ўдзел чыстакроўныя немцы, — робіць асаблівы акцэнт гісторык. — І гэта вельмі важна ведаць. Калі не было на руках архіўных дакументаў, то ў тым злачынстве “нядобрасумленныя гісторыкі” з‑за розных абставінаў, перш за ўсё палітычных, спрабавалі абвінаваціць каго заўгодна: украінцаў, палякаў і нават беларусаў. Дык вось: Хатынь спалілі войскі СС. Прозвішча гестапаўскага генерала, гітлераўскага ката Хатыні — Оскар Пауль Дзірлевангер. Гэта ён асабіста аддаваў загад на знішчэнне вёскі разам з яе жыхарамі. Прычым гэта далёка не адзінае яго злачынства. Нямала бязвіннай крыві простых мірных жыхароў праліў Дзірлевангер і ў іншых раёнах і абласцях Беларусі, аддаючы загады на масавыя крывавыя акцыі — у самім Лагойску, Смалявічах ды ў іншых месцах”.

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.