Вы тут

«Мы за вёску. Заўсёды»


Фермерскія гаспадаркі «Краглевічы» і «Аўрусевічы» — гэта непадзельная па духу сямейная справа Віктара Карповіча і яго зяця Генадзя Аўрусевіча, якія жывуць у Краглевічах, што ў Івацэвіцкім раёне на Брэстчыне. Мужчыны «ўцягнулі» ў фермерства ўсіх сямейнікаў: жонку Віктара Іванавіча — Алену Віктараўну, дачку Кацярыну (па мужу Аўрусевіч) і дачку Валянціну. У валоданні кожнага з фермераў па 40 гектараў зямлі, тры гектары падсобнай гаспадаркі — у Валянціны. Але гэта па дакументах. У жыцці — уся выдзеленая зямля апрацоўваецца родам Карповічаў разам, разам вырошчваецца, збіраецца і рэалізуецца ўраджай. І фінансы — пароўну. Як кажуць, і ў радасці, і ў смутку — усё папалам.


Прыклад патрыярхальнага ўкладу жыцця спадара Віктара — сёння вялікая рэдкасць, але гэта самае каштоўнае для яго пяці ўнукаў, якія адчуваюць сябе ў вёсцы шчаслівымі, бо ў іх (як прызнаюцца самі) ёсць усё, акрамя хіба што «чортавага кола». А з другога боку — разам весела, дружна і надзейна. Добра і вяскоўцам, бо Карповічы ніколі не адмовілі ў дапамозе ў грамадскіх вясковых справах, дапамагаюць і нямоглым, і адзінокім жыхарам вёскі.

Пра шлях да сваёй справы расказалі гаспадыня Алена Віктараўна з дочкамі, калі мы прыехалі да іх. Мужчын дома не было, яны паехалі па сваіх фермерскіх справах, а жаночая палова чакала нас на прасторнай верандзе за сталом на ўсю даўжыню памяшкання, з адмысловымі лаўкамі, зробленымі з густам «пад даўніну». За кубкам чаю з самавара і вялася гаворка...

— Выбар работы ў вёсцы невялікі. Калі мы прыехалі жыць у Краглевічы, я пайшла рабіць даяркай, а муж кім і дзе толькі не працаваў! І даглядчыкам, і конюхам, і ў брыгадзе паляводаў... Сем гадоў таму на сямейным савеце вырашылі, што самім трэба чымсьці займацца. Ідэю падаў галава нашай сям'і Віктар Іванавіч, які даўно сябруе з фермерамі Тамарай Міхайлаўнай і Васілём Васілевічам Камякамі з Коланска, — расказвае гаспадыня. — Віця мой наглядзеўся на іх і вырашыў сам заняцца фермерствам. Тамара і Васіль нам дапамагалі, вопытам дзяліліся. У іх значна большая гаспадарка, мы ж на сваіх палях вырошчваем толькі моркву і бульбу. Гэта асноўныя культуры. Для севазвароту ёсць палі пад луг, сенакос, сеем збожжавыя, буракі, капусту ўпершыню паспрабавалі летась пасадзіць — не пашкадавалі, усю рэалізавалі... З самага пачатку ўзялі для падсобнай гаспадаркі па тры гектары на сям'ю: я з мужам і дачка з мужам. Першы год быў не вельмі: не хапіла грошай нават пакрыць усе расходы.

— Не хацелася кінуць пасля першай спробы?

— Не-не. Наадварот, яшчэ больш упарта ўзяліся. Памылкі былі, як разумеем цяпер. Але ж як іначай набрацца вопыту? А праз некалькі гадоў замахнуліся аж на 80 гектараў. Сёння мы ўжо і самі ведаем, чым апрацоўваць, каб жучок ці чарвячок не пашкодзіў морквачку, калі падкормку ўнесці, пры якіх умовах лепш наогул не ўносіць, каб не нашкодзіць культуры.

З 2013 года пачаўся адлік краглевіцкіх фермерскіх гаспадарак: адна гаспадарка называецца «Краглевічы», другая — «Аўрусевічы». Працуюць сем'і разам, не падзяляючы палі: маўляў, гэта поле маё, гэта зяцева, а гэта — дачкі Валянціны.

— У нас усё разам. І ўраджай, і няўдачы дзелім на траіх. І выручку дзелім на тры сям'і, — дадае дачка Кацярына Аўрусевіч.

Віктар Карповіч у свой час скончыў гідрамеліярацыйны тэхнікум у Пінску, да арміі працаваў на трактары, потым на заводзе ЖБВ у Івацэвічах. Неяк на Купалле трапіў з сябрам на свята ў Стайкі, куды з выязным гандлем прыехала на Купалле і Алена. Яна сама была стайкаўская, старэйшая з чатырох дзяцей. На Купаллі маладыя людзі пазнаёміліся, і гэты дзень стаў для абодвух самым шчаслівым у жыцці. (Штогод з той пары сям'я адзначае знакавую сустрэчу.) Пажаніліся зімой. У студзені сёлета адзначылі жамчужнае вяселле.

Напачатку пасяліліся ў вёсцы Бараны пад Івацэвічамі. Калі малодшай Валі было тры гады, вярнуліся на Целяханшчыну ў Краглевічы, да бацькоў Віктара Карповіча, і чатыры гады жылі разам. Нявестка са свекрывёю ладзілі. Алена Віктараўна на кухні была гаспадыня, бо па адукацыі повар, а свякроў на двары ўпраўлялася. Працавала нявестка ў калгасе даяркай, уставала на досвітку, а калі не паспявала што зрабіць, свякроў дапамагала. І сёння Алена Віктараўна з удзячнасцю ўспамінае свякроў за дабрыню і спагадлівасць, за шчырае сэрца. Кажа, што лепшай ні ў кога ў вёсцы не было.

У 1999 годзе Карповічы атрымалі кватэру. Гэта дом, у якім і цяпер жывуць. Выкупілі, робяць рамонт, кажа гаспадыня. І ў Кацярыны з Валянцінай свае дамы.

— Не шкадуеце, што ў вёсцы засталіся? — пытаюся ў дачок, прыгожых маладых жанчын.

— Мы за вёску. Заўсёды, — адказвае Кацярына. — У нас трохпакаёвая кватэра ў Івацэвічах: трое дзяцей — вось і атрымалі. «Чаго ты не жывеш там?» — пытаюцца знаёмыя. А што мне там рабіць? У нас такая прыгожая вёска! Свабодна, па двары пахадзіць можна. Машына ёсць, сеў і паехаў, куды трэба. На танцы ў Івацэвічы, на мадэльнае дэфіле старэйшых дзяцей важу. Яны не адчуваюць, што жывуць у вёсцы. У Целяханах ёсць школа спартыўная, ездзім і туды. Дачка адна кажа, што ў нас не хапае хіба што «чортавага кола», а астатняе ўсё ёсць. А што кватэра? Клетка.

...Развітваліся мы ледзь не сябрамі. Запрашалі нас зноў у госці краглевіцкія людзі, якія знайшлі сябе ў фермерстве. Нялёгкая гэта справа, але калі з аптымізмам, дружна, то і па плячы. Ды і апора яны для вяскоўцаў у любой справе. Надзею маюць на прадаўжэнне фермерства. Разлічваюць і на меншых унукаў.

Валянціна БОБРЫК

Фота Валерыя МІСКЕВІЧА

Загаловак у газеце: Сямейная справа

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.