Вы тут

Ніву дажаць ды песні паспяваць


Актывісты суполкі “Голас Радзімы” паўдзельнічалі ў здымках тэлесюжэта, прысвечанага беларускім народным традыцыям


Дажыначнае святочнае застолле ў Мікалаеве. Фота Ірыны Русінай

Кіраўніца суполкі Таццяна Дзяменнікава прыехала з украінскага замежжа да мамы як заўсёды ўвосень, бульбу капаць. Родная вёска яе — гэта Сіманавічы, што ў Глускім раёне Магілёўшчыны. У рэдакцыю патэлефанавала ды расказала, як суполка паўдзельнічала напрыканцы жніўня ў здымках фільма. Папрасілі, казала, тэлевізійшчыкі мясцовыя перадаць атмасферу беларускіх Дажынак, паказаць, як працуюць жнейкі талакою ды разам адпачываюць. Заадно й песні беларускія паспяваць.

У нэце мы адшукалі фотарэпартаж з тых здымак. Паколькі ж ніву сапраўдную было, відаць, няпроста знайсці пад Мікалаевам для натурных здымак, давялося беларускам у прыгожых нацыянальных строях жаць… высокую траву. Фільм расказвае, як жнейкі ў апошні дзень жніва ладзяць свята. Як з песнямі на ніву йдуць, і з песнямі ж працуюць. Пры тым самая паважаная жанчына, размеркаваўшы ўсіх па ніве, першай пачынае жніво: у такой ролі выступіла Валянціна Джупіна.

Быў на здымачнай пляцоўцы й прыгожы дажыначны Сноп-гаспадар, у які паводле даўняй традыцыі кожная са жнеек давала сваю жменю зжатай збажыны. Той сноп, мы ведаем, неслі потым з песнямі праз вёску ды перадавалі гаспадарам нівы: у мікалаеўскім тэлефільме іх ролі выконваюць Таццяна Бусько ды Ігар Цітоўскі. Дажыначны сноп займаў ганаровае месца ля снапа зажыначнага — у чырвоным куце, пад абразамі ў хаце гаспадароў. Яны ж аддзячвалі жнейкам, дружнай талацэ за працу, давалі пачастункі — пачыналася застолле з танцамі й песнямі.

Прыкладна па такой сцэнарнай схеме й здымаўся фільм. У ім упершыню на прыродзе прагучала знакамітая беларуская песня “Касіў Ясь канюшыну”, якая ёсць у рэпертуары ансамбля “Родныя напевы”, што дзейнічае пры суполцы “Голас Радзімы”. Гучала яшчэ песня “Цячэ вада ў ярок”, а юная Юлія Паўлюк з прыгожай самападтанцоўкай выканала песню “Дзяўчынка-беларусачка”.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.