Вы тут

Беларусь на 25-м месцы ў свеце па камфортным мацярынстве


Сёлета традыцыйны тыдзень маці праходзіць у нашай краіне з 12 па 18 кастрычніка. Само свята жанчын-маці будзе адзначацца 14 кастрычніка. А найбліжэйшыя сем дзён мусяць быць багатыя на тэматычныя мерапрыемствы ва ўсіх рэгіёнах краіны, і іх задача — умацаваць сямейныя каштоўнасці і падкрэсліць асаблівае стаўленне да галоўнага чалавека ў нашым жыцці.


— Беларусаў павінна быць болей. І каб так было, патрэбна больш моцных сем'яў, — падкрэсліла намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Лілія Ананіч.

Парламентарый адзначыла, што шэраг знакавых мерапрыемстваў Беларускага саюза жанчын сёлета запланаваны на Гродзеншчыне. У прыватнасці, у Жыровіцкім манастыры адбудзецца малебен за ўсіх жанчын, а пасля на яго тэрыторыі будзе высаджана алея «За Беларусь».

У нашай краіне Ордэнам Маці (а ён уручаецца за выхаванне пяці і больш дзяцей) узнагароджана ўжо больш за 11 тысяч жанчын. Сёлета яго атрымалі 682 маці, і мерапрыемствы па яго ўручэнні працягнуцца на гэтым тыдні.

Паводле слоў намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Валерыя Кавалькова, у Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для мацярынства. Адна з сацыяльных гарантый, якая падтрымлівае сям'ю пры з'яўленні дзяцей — праграма сямейнага капіталу. Першая з іх рэалізоўвалася з 2015 да 2019 года. Каб ёй скарыстацца, у сям'і павінна было нарадзіцца трэцяе ці наступныя дзеці.

— Аналіз дэмаграфічнай сітуацыі за 2015—2019 гады паказаў, што ў параўнанні з папярэдняй пяцігодкай колькасць трэціх і наступных дзяцей у сем'ях вырасла на 40 %, — адзначыў Валерый Кавалькоў. — У нас павялічваецца і колькасць шматдзетных сем'яў. Сёння ў краіне іх больш за 110 тысяч (па даных перапісу 2009 года іх было 62,5 тысячы). Таму праграма падоўжана на новы пяцігадовы тэрмін — да 31 снежня 2024 года. Акрамя таго, першая праграма паказала неабходнасць пашырэння кірункаў датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу з улікам патрэбаў шматдзетных сем'яў — на будаўніцтва і рэканструкцыю ці набыццё жылля, адукацыю ці медыцынскія паслугі. Па стане на 1 кастрычніка гэтага года, адкрыта амаль 90 тысяч укладаў-дэпазітаў «Сямейны капітал». Пры гэтым прынята больш за 22 тысячы рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сродкамі. З іх 90 % — на паляпшэнне жыллёвых умоў.

Намеснік міністра падкрэсліў, што ў краіне рэалізуецца і вялікая праграма сямейных дапамог. Дарэчы, дапамога на дзіця да трох гадоў сёння вышэйшая за мінімальную заработную плату. На першае дзіця яна складае 430 рублёў, на другое і наступных — амаль 490 рублёў. Значнымі з'яўляюцца і адзінаразовыя дапамогі. Для сям'і пры нараджэнні першага дзіцяці гэта 2 560 рублёў, другога і наступных — 3 585 рублёў. Дадатковыя выплаты ў нашай краіне ажыццяўляюцца пры нараджэнні двайнят і трайнят, гэта два бюджэты пражытачных мінімумаў на кожнае дзіцяці, або па 512 рублёў.

Сёння ў Беларусі дапамога выплачваецца на 463 тысячы дзяцей, а гэта значыць, што яе атрымлівае кожнае чацвёртае дзіця. За мінулы год у якасці дапамогі было выплачана 2,3 мільярда рублёў, а гэта 1,7 % ад ВУП.

А вось сем'ям з нізкім узроўнем даходаў аказваецца адрасная дапамога. У першым паўгоддзі бягучага года атрымальнікамі штомесячнай і аднаразовай дапамог сталі больш за 42 тысячы чалавек, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей. Дзеці да двух гадоў атрымліваюць бясплатнае харчаванне. Такую падтрымку атрымалі 12,5 тысячы дзяцей, прычым амаль 4 тысячы атрымліваюць яе незалежна ад узроўню даходаў сям'і. Кошт харчавання, якое атрымлівае дзіця, — 110 рублёў у месяц.

Штогод шматдзетным і іншым катэгорыям сем'яў дапамагаюць з падрыхтоўкай дзетак да школы. Сёлета такую дапамогу атрымалі больш за 100 тысяч шматдзетных сем'яў. Сярэдні памер гэтай выплаты — 56 рублёў на кожнага школьніка.

Тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, у тым ліку сацыяльнага абслугоўвання сямей і дзяцей (яны знаходзіцца ў Мінску і Гомелі) аказваюць паслугі па доглядзе за дзецьмі. Паслугамі нянькі могуць скарыстацца сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, а таксама двайнят і трайнят. Паслугі нянькі бясплатныя для сям'і з трайнятамі (гэта да 40 гадзін у тыдзень), і двайнятамі (да 20 гадзін у тыдзень), а таксама для няпоўных сем'яў і сем'яў, дзе расце дзеця-інвалід да чатырох гадоў. Гэтыя ж паслугі па сацыяльна нізкіх тарыфах (60 капеек у гадзіну) прапануюцца сем'ям, дзе выхоўваецца дзіця-інвалід ад 4 да 18 гадоў.

Валерый Кавалькоў падкрэсліў, што, нягледзячы на сусветны эканамічны крызіс, наша краіна не скарачае меры па падтрымцы сем'яў, а, наадварот, працуе над іх пашырэннем. З 1 верасня бягучага года для шматдзетных сем'яў павышаны крытэрый патрэбнасці пры прызначэнні штомесячнай сацыяльнай дапамогі са 100 да 115 % бюджэту пражытачнага мінімуму і павялічана працягласць тэрміну такой дапамогі з 6 да 12 месяцаў.

— Гэтая мера дазволіць аказаць сацыяльную падтрымку больш чым шасці тысячам шматдзетных сем'яў, — звярнуў увагу намеснік міністра. — Таксама ўведзены дадатковыя пенсійныя гарантыі для шматдзетных маці. Павялічаны з 9 да 12 гадоў перыяд догляду за дзецьмі да трох гадоў, які залічваецца ў стаж пры назначэнні пенсіі. Акрамя таго, жанчынам, якія нарадзілі чатырох і больш дзяцей і выхавалі іх да васьмігадовага ўзросту, даецца льгота па страхавым стажы, які неабходны пры назначэнні пенсіі па ўзросце. Для гэтых жанчын ён складае дзесяць гадоў. Для ўсіх астатніх — 17,5, і будзе штогод павялічвацца да 20 гадоў.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Лазар адзначыў, што Беларусь займае 25-ю пазіцыю ў свеце па ўзроўні камфорту для мацярынства і ўваходзіць у 50 лепшых краін свету па вядзенні цяжарнасці і арганізацыі родаў кваліфікаванымі медыкамі. У тым ліку Беларусь належыць да 1/5 краін свету, дзе 100 % родаў праходзяць пад наглядам кваліфікаванага персаналу. Наша краіна апярэджвае па гэтым паказчыку Аўстрыю, Венгрыю, Германію, Данію, Нарвегію, ЗША і Францыю (сярэднесусветны паказчык складае 71 %).

Адзін з асноўных паказчыкаў рэпрадуктыўнага здароўя жанчын — мацярынская смяротнасць — за апошнія 20 гадоў знізіўся ў 10 разоў. Мацярынская смяротнасць з акушэрскіх прычын у Беларусі адна з самых нізкіх у свеце. Летась быў адзін такі выпадак, сёлета іх не было ўвогуле. Паказчык дзіцячай смяротнасці летась складаў 2,4 на тысячу народжаных жывымі, і тут мы апярэджваем усе краіны СНД, а таксама Данію, Літву, Польшчу, Вялікабрытанію і ЗША. У рэйтынгу краін шчаслівага дзяцінства Беларусь займае 35-е месца сярод 175 краін.

Дзмітрый Лазар паведаміў, што прымаюцца далейшыя меры па ўмацаванні сістэмы аховы мацярынства і дзяцінства. У прыватнасці, з 1 студзеня 2021 года вызначана магчымасць адной бясплатнай спробы ЭКА пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў. Муж і жонка павінны быць грамадзянамі Беларусі, узрост жонкі не павінен быць большы за 40 гадоў. Такая магчымасць даецца толькі ў дзяржаўных медустановах — РНПЦ «Маці і дзіця», Гарадскім клінічным радзільным доме № 2 г. Мінска і Гомельскім абласным медыка-дыягнастычным цэнтры з кансультацыяй «Шлюб і сям'я». У будучым годзе плануецца ажыццявіць дзве тысячы спроб.

Гэтыя меры мусяць спрыяць выхаду з дэмаграфічнай ямы, у якой аказалася Беларусь. Паводле слоў старшыні праўлення грамадскай дабрачыннай арганізацыі «Цэнтр падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля» Веранікі Сярдзюк, калі ва ўсе папярэднія гады ў Беларусі нараджалася ад 100 тысяч дзяцей, летась іх упершыню было менш — 87 602 дзіцяці.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.