Вы тут

Раманныя авантуры Людмілы Рублеўскай


Вядомая пісьменніца расказвае аб прыхаваных спружынах, дзякуючы якім жывуць і дзейнічаюць героі серыі яе папулярных раманаў: Пранціш Вырвіч ды Баўтрамей Лёднік. Яе тыповыя героі — гэта спроба зруйнаваць стэрэатыпы, якія існуюць у свеце наконт беларусаў.


Тое, што Людміла Рублеўская задумвала па першым часе як чытанне-забаўлянку для падлеткаў (раман “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега” выйшаў у 2012 годзе ў Выдавецкім доме “Звязда”, перавыдадзены ў 2018‑м), становіцца з’явай у беларускай літаратуры. У серыі яе раманаў цяпер ужо шэсць твораў! І шосты — “Авантуры Вырвіча, Лёдніка й Чорнае Меланхоліі” — нядаўна пачаў друкаваць часопіс “Полымя”. То й нам не выпадае прайсці міма гэтае з’явы: бо адшукалі са шляхцюком Пранцішам Вырвічам герба Гіпацэнтаўр нейкую… родавую, скажам так, блізкасць. Паводле архіўных звестак, і шляхецкі род Ждановічаў у Вялікім Княстве Літоўскім быў пад тым жа гербам.

Зрэшты, усе ж людзі — браты, толькі мы пра тое часам забываем. А вось героі раманаў Людмілы Рублеўскай якраз і змагаюцца за тое, каб высакароднасць, прыстойнасць, унутраная годнасць людзей былі не пустым гукам — стрыжнем кожнае асобы. Зрэшты, можа й не змагаюцца. Проста самі так жыць імкнуцца, але ж і прыклад іншым падаюць. Сама ж аўтарка вызначае свой мегатвор як ментар-раман (гэта значыць: раман-выхаванне) і раман-падарожжа.

Нязмушанае ўваходжанне “рублеўскіх авантур” у плынь беларускай культуры, нацыянальнага космасу — сведчанне таго, што й раманы прыйшліся да густу чытачам, і выспела грамадства для таго, каб асэнсоўваць сябе як годную супольнасць са слаўнай гісторыяй ды найбагатай культурай.

А што Людміла яўна “капае залатую жылу”, ствараючы авантурна-прыгодніцкія раманы, сведчаць факты. У 2015‑м другую кнігу серыі “Авантуры студыёзуса Вырвіча” дасведчаныя людзі абралі “Кнігай года – 2015”, ладзіў праект Беларускі ПЭН-цэнтр. Праз год згаданая серыя раманаў увайшла у ТОП‑5 кніг аўтараў-жанчын ад Выдавецкага дома “Звязда”. У 2017‑м за раман “Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка й канфедэрата” (чацвёрты ў серыі) Людміла Рублеўская ўганараваная Нацыянальнай літаратурнай прэміяй у намінацыі “Найлепшы празаічны твор”. А летась пяцікніжжа ўвайшло ў «”Топ‑10” найлепшых кніг часоў беларускае незалежнасці» паводле партала Onlіner.by. І, спадзяемся, ужо не за гарамі прэм’ера кінастужкі “Авантуры Пранціша Вырвіча”, знятае паводле твораў пісьменніцы.

— Людміла, вашы “Авантуры Пранціша Вырвіча” з чаго вырасталі, з якога зернейка?

— З тых матэрыялаў, якія прачытала ды й сама напісала пра ХVІІІ стагоддзе. Абавязкова згадаю кнігу Адама Мальдзіса “Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVІІІ стагоддзя: нарысы побыту й звычаяў”. Ёй, дарэчы, у свой час натхняўся і Уладзімір Караткевіч. І, наколькі ведаю, па ягонай просьбе Адам Восіпавіч кніжку й пісаў. А гэтыя двое былі ў сяброўстве. Дык вось, я напісала шмат артыкулаў пра персон тае эпохі. Паглыбляючыся ў той час, зразумела: мне вельмі хацелася б і самой там пажыць. І быў прамежак часу між двума раманамі маімі, сур’ёзнымі. Прыкінула: што за сюжэт я магла б узяць, але менш крывавы й напружаны. А пісала перад тым пра 1937‑ы год. І вырашыла напісаць лёгенькую аповесць, арыентаваную на падлеткаў, з майго любімага ХVІІІ стагоддзя. А як толькі з’явілася задума, то адразу прыдумаўся й Вырвіч. Гэта, як мне бачылася, тыповы такі беларускі хлопец-прайдзісвет. Бо ў мяне ж адразу арыентацыя была на лёгкасць. Гэткі плутаўскі раман, як вызначаюць жанр падобных твораў даследчыкі. А можна сказаць: прайдзісвецкі раман.

— Ну а Баўтрамей Лёднік да Пранціша Вырвіча прыцягнуўся?

— Мусіць, так. Твор задуманы быў як невялічкая аповесць, у кожным раздзеле якой Вырвіч будзе сустракацца з новымі персанажамі. Тыя праектаванні-разважанні былі можа ў 2009‑м ці 2010‑м годзе. І другі персанаж прыдумаўся не адразу. Ён спачатку з’явіўся як эпізадычны, на адзін раздзел: стары, сівы, звяглівы заркавед, астролаг, алхімік. Пачала пісаць аповесць ды кінула, бо мяне захапіў новы сюжэт: цяжкі, звязаны з сучаснасцю й часам сталінскіх рэпрэсій. Так што вярнулася да распачатае аповесці ўжо як закончыла той раман. Бо я ўсё ж такі звычайна імкнуся даробліваць распачатае.

— Значыць, у свеце вобразаў не блукаюць на раздарожжах вашыя героі, не выканаўшы місію, прызначаную ім паводле творчай задумы аўтара…

— Думаю, яны й сапраўды не ў крыўдзе на мяне. Дык вось, Лёднік у другі заход мой у плынь аповесці набыў новыя рысы. Я пераасэнсавала яго, і Баўтрамей стаў досыць маладым, з байранічным характарам: гэткі рэфлексуючы інтэлігент. І як толькі тое было зроблена, то і ўтварыўся моцны тандэм. І тады ўсё пайшло! Прычым настолькі жывенька, нібыта героі адзін аднаго даўно чакалі, ды замест аповесці выпісаўся раман. За нейкім паваротам сюжэту я ўбачыла: аповесці гэтым двум цеснавата. Як і ў арыентацыі твора на падлеткаў. Таму й перастала на моладзь арыентавацца, пісала для сябе й для ўсіх, каму тое будзе цікава.

— Нешта з рэальнага сына Максіма спісвалі, “выхоўваючы” віртуальнага Пранціша Вырвіча?

— Мае дзеці, вядома ж, нейкім чынам уплываюць на тое, якім выпісваецца герой. Дарэчы, Максім з Веранікай з дзяцінства ў мяне былі гэткімі паддоследнымі трусікамі. Калі што-небудзь пісала — раманы свае, аповесці, казкі — то на пачатку ім расказвала нейкі раздзел, калі мы з імі недзе гулялі. Яны ўважліва слухаюць, а я потым расказанае запісваю. Арыентацыя на канкрэтных чытачоў-слухачоў мне дапамагала ў творчасці. А калі дзеці выраслі, то гэткая схема перастала працаваць: у іх ужо не заўсёды ёсць часу, каб мяне слухаць (смяецца). У дадзеным жа выпадку, як пісала першую частку — а там у мяне пайшоў экшн, артэфакты, стымпанк… — і маёй кампетэнцыі для таго, каб усё тое адолець, ужо бракавала. Распачала ўласныя даследванні, да таго ж і раілася з сынам, які на той час сядзеў ва ўсіх камп’ютарных гульнях, квэстах, дзе падобныя моманты ўжо былі хоць нейкім чынам пазначаныя, намацаныя. І вось сын-та й дапамагаў мне прыдумаць: як выкрасці Саламею з вежы Слуцкага замка.

— Сюжэт распрацоўвалі разам?

— Хутчэй механізм выкрадання. Прадумвалі: як тое можна зрабіць.

— У адным з водгукаў на раман Аксана Бязлепкіна піша, што вы робіце выклік сучаснай бездухоўнасці, жорсткасці, цямнечы ў літаратуры, паказваючы высакароднасць, патрыятызм, свабодалюбства прыгожых людзей. Вы спрабавалі ўкласці ў герояў рамана ўсё лепшае, што ёсць у нашай нацыі? Ці гэта толькі некаму так бачыцца?

— Пачынаць пісаць з пафасам што б там ні было — гэта згубна па самой задуме. А без гумару такое і ўвогуле б не чыталася, і не мела б такога розгаласу.

— Вы часам з Вырвіча яўна пасмейваецеся…

— А не толькі з яго — з усіх! Нават і аўтар з аўтара пасмейваецца: ёсць такія ўставачкі ў тэксце. У мяне ў свой час выпісалася такая праца: архетып галоўнага героя ды асяродка яго існавання — у часопісе “Роднае слова” быў артыкул надрукаваны.

Іван: З часу 90‑х, з “Роднага слова” памятаю, як рыхтаваў да друку вашыя агляды творчасці маладых беларускіх паэтаў…

— Было й такое. А сэнс маіх даследаванняў архетыпічных быў у тым, каб заглянуць у беларускі нацыянальны міф і ягоныя складнікі. Творыцца ж такі архетып з усяго корпуса літаратуры ў тым ліку з усяго, што прыўносяць туды паэты, празаікі, драматургі…

— Ну і з казак у тым ліку…

— Безумоўна! Менавіта з іх для нас і пачынаецца, можна сказаць, той архетыпічны свет. Многія складнікі на архетып працуюць. А вось тут атрымалася так, што мае тыповыя героі — гэта спроба зруйнаваць стэрэатыпы, якія існуюць наконт беларусаў. З замежжа беларуса па-ранейшаму бачаць як нейкага занядбанага мужычка ў лапцях, які крыўду нясець на плячах сваіх…

— Альбо на ўсялякі выклік знешняга свету кажа: можа так і трэба…

— Ды розныя ёсць стэрэатыпы! А мае абодва героі — то нібы два бакі гэтага, як я называю, архетыповага героя, прычым, якія дапамагаюць адзін аднаму. І ніяк іх у адным не змесціш. З аднаго боку — гэта збяднелы шляхціц Вырвіч, у якога капа з лішнім гонару. Але й высакародства, і дабрыня. Які можа булку ў гандляркі скрасці, калі галодны, але ж калі знойдзе кашэль, набіты грашыма — то яго пераступіць. А з другога боку развіваецца ў маіх тэкстах рэфлексуючы інтэлігент Лёднік. Які з простых людзей ды, як кажуць, сам сябе зрабіў. Карацей — асобы абедзьве складаныя. Са сваімі плюсамі ды мінусамі, у кожным шмат усяго намяшана. І не толькі лепшага.

— Але ў глыбіннай сутнасці гэтых герояў няма подласці, здрадлівасці — ёсць уласны гонар і тое, што называюць шляхетнасцю духа…

— Безумоўна.

— І ці можа тая духоўная шляхетнасць людзям, як лічыце, перадавацца на генным узроўні? Ці ў большай ступені гэта вынік належнага, высакароднага выхавання асяроддзем, соцыумам? Як сябе трымаць у розных сітуацыях, як паводзіць — тое, пэўна ж, на біяузроўні не перадаецца…

— У абодвух маіх герояў якраз асяродак іх існавання фарміруе характары. Лёднік мог вырасці азлобленым і грубым чалавекам, бо ягоны бацька быў гарбар, майстар па вырабе скур. Меў майстэрню ў Полацку, не разумеў моцнага імкнення сына да ведаў.

— У Полацку? Дык гэта ж, пэўна, з Францыскам Скарынам у вас былі пэўныя алюзіі?

— Абавязкова (смяецца).

— Праўда, бацька беларускага першадрукара, кажуць, быў спалучаны з купецкім саслоўем, з бізнесам — але ж таксама са скурамі…

— А бацьку майго героя вельмы злавала, што ў Бутрыма была алергія на пах скуры: ён увесь пакрываўся болькамі ды не мог прадаўжаць ягоную справу, працаваць у той майстэрні. Так што гэта быў такі няўклюдны, бескарысны ў гарбарскай справе нашчадак, які таму ад бацькі, акрамя кухталёў, нічога не бачыў. Але ў Лёдніка, так склаўся ягоны лёс, былі побач людзі, якія падтрымалі яго, далі асвету, паказалі іншы лад жыцця й спосаб мыслення. І вось тут, у гэтым вобразе, я выходжу на такую рэч: паказваю архетыповую Беларусь як краіну мультыкультурную. Мультыканфесійную. А тыя добрыя людзі ў лёсе герояў — гэта з аднаго боку кнігар Іван Рэніч: дабрэнны чалавек, адукаваны, прагрэсіст, хоць і трохі эксцэнтрычны. А з другога боку — габрэй Лейба, аптэкар. І сябар Івана Рэніча. Так што гэта, можна сказаць, два дзівакі сваіх народаў, якія сябруюць насуперак усім забабонам.

— У іх своеасаблівая духоўная роднасць.

— Так. І вось менавіта ў тым асяродку Бутрым змог вырасці ў чалавека Адраджэння. Ну а Пранціша ягоны бацька, хоць і быў п’янтос ды буяш на ўвесь павет, — ён сына загартаваў, ды яшчэ як! У Мальдзіса я прачытала, што дзяцей шляхты, выхоўваючы, будзілі часам стрэлам у столь пасярод ночы. Гэта каб не раслі спешчанымі. Ды пасылалі тое малое дзіця ноччу на поле сарваць некалькі каласкоў і прынесці. Каб нічога не баяўся гэты чалавек у жыцці. То праўда было. Пранціш узрастаў сярод вясковых дзяцей — як некаторыя з тых, хто ў ХІХ стагоддзі пачаў збіраць беларускі фальклор. А то былі першыя беларускія фалькларысты-шляхціцы. З аднаго боку з вясковымі дзецьмі ў яго была дыстанцыя, бо навучаў бацька: калі не шляхціц цябе штурхане, ударыць, то ты маеш права яму руку адсячы. І ўвогуле на месцы забіць. Да таго ж бацька прымушаў тых дзетак вясковых, якія гулялі з Пранцішам, пасля цалаваць хлопчыку ручку. І дзякаваць, што паніч зрабіў ласку з імі пагуляць. А з другога боку Пранціш быў апрануты гэтак жа, як яны, такі ж басаногі й вывозіў з бацькам на поле возам гной.

Вось так з малалецтва й фарміравалася ў чалавека шляхецкага саслоўя пачуццё гонару. Але тое саслоўе зняважана было ў часе савецкай прапаганды. Зрэшты, разуменне таго, што тая была за сацыяльная з’ява, страцілася й раней. А гэта ж было саслоўе ваяроў, абаронцаў Айчыны. Гэткіх беларускіх самураяў. Дарэчы, я шмат у чым бачу ў няпісаным кодэксе гонару тых сваіх шляхцюкоў паралелі з самурайскім кодэксам. І ў нашых продкаў як што якое здаралася — адразу было рушэнне, выступленне ў паход супраць ворагаў. Які б ты ні быў, дзе б ні заспела бяда цябе — падымайся, ідзі бараніць Айчыну. Бо гонар вышэй за ўсё. Мала хто, канешне, асабліва ў ХVІІІ стагоддзі, тое памятаў: бо на землях нашых пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай былі ўжо зусім іншыя парадкі. Дарэчы, я паказваю, што ў тым часе рабілася, і як магнаты прадавалі сваю Айчыну. Але ж Пранціш Вырвіч якраз з таго саслоўя, дзе, акрамя таго гонару, і няма ўжо нічога. І ён вырас з адчуваннем, што гэта ёсць тое, што яго трымае на зямлі. У тым ягоная галоўная вартасць як асобы. І ўвесь час мой Пранціш Вырвіч хваравіта гэты свой гонар будзе абараняць.

Гутарылі Іван і Валянціна Ждановічы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.