Вы тут

«Гартаючы аблокі марамі…»


Летась у выдавецкай установе «Друкарскі Дом “Вішнёўка”» пабачыла свет адна, на першы погляд, прыкметная кніга — «Бабуліны шпулькі». Цыкл «цікавых гісторый для ўсёй сям’і» за аўтарствам Таццяны Каленік, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі.


З часу свайго выхаду зборнік паспеў засвяціцца на некалькіх прафесійных конкурсах, неаднаразова намінаваўся на розныя прэміі. Дайшоў нарэшце і да нас. Паглядзім жа, чым вабіць юных чытачоў пісьменніца.

Пачаць хацелася б з афармлення… Мабыць, не самыя прыцягальныя колеры для вокладкі і форзацаў з лішкам перакрываюцца цудоўнымі ілюстрацыямі ўжо ў самой кнізе. Ідэя з прыцягненнем і выкарыстаннем дзіцячай творчасці — сапраўдная знаходка. Адна асалода назіраць за тым, як маленькія (і не вельмі) чытачы небанальна інтэрпрэтуюць змест асобных кавалкаў, дзе-нідзе дастаткова вольна перакручваючы літаральнае значэнне напісанага. Наіўнае мастацтва ўвогуле сёння ў трэндзе, але ж у кнігу, як нам бачыцца, яно ўведзена не дзеля адпаведнасці модным павевам, а выключна для ўзбагачэння сэнсу аповеду.

Карцінкі дужа разнародныя, а логіка іх размяшчэння зусім не іерархічная (напрыклад, па прынцыпе «ад “лепшых” да “дрэнных”» ) — яна адпавядае логіцы развіцця сюжэта. Іншымі словамі, дзеці, хутчэй за ўсё, малявалі менавіта тое, што іх зачапіла. Атрымалася, што, хаця «мастакі» і праілюстравалі не па адным фрагменце, кожны наступны малюнак — адкрыццё. Прызнацца, падчас чытання нават пачынаеш чакаць старонку з карцінкамі. Крышачку сорамна лавіць сябе на такіх думках, і тым не менш…

Некаторыя малюнкі сваім мастацкім рашэннем выяўляюць лаканічную абстрактнасць, іншыя ж выкананы з замахам на рэалізм; адны створаны фарбамі, іншыя — алоўкамі; некаторыя да смеху дзівацкія (як, напрыклад, апошняя ў кнізе ілюстрацыя), некаторыя, наадварот, сур’ёзныя… Што іх аб’ядноўвае? Усе яны незвычайныя і цікавыя. Аўтару гэтых радкоў, напрыклад, асабліва спадабаўся малюнак з выявай знаходлівай, але хцівай вароны, абвешанай прыдбаным багаццем, з нафарбаванымі пазногцямі і даўгімі чорнымі вейкамі.

Цяпер крыху пра сам твор. Як шчырыя дзіцячыя ілюстрацыі сочацца яркімі фарбамі, так і літаратурны тэкст з кожнай старонкі струменіцца сакавітай моваю з характэрнай лексікай. Найбольш уражваюць трапныя ўвасабленні, калі наваколле раптам ажывае і неадушаўлёныя прадметы набываюць уласны голас. Як, прыкладам, тут: «Дабеглі да кладачкі, якая пацешна пагушкала над ракою-мяжою… да таго берага, які пакідаў за плячыма гэты, а ад яго так не цярпелася збегчы… да танюткіх былінак, абуджаных спевам вясёлай хады, у якія хацелася нырнуць і плысці, плысці, гартаючы аблокі марамі…»

Са знаходак можна выдзеліць і адсутнасць яўнай часавай прыналежнасці аповеду (за выключэннем асобных месцаў). Хаця пісьменніца і не хавае таго факта, што размова вядзецца аб мінулым, аб дзяцінстве сёння ўжо дарослых людзей (у тэксце фігуруюць нават канкрэтныя хронакаардынаты — сямідзясятыя), гэта не кідаецца ў вочы, што спрыяе ідэнтыфікацыі з героямі. Разбурае гармонію хіба што толькі перабольшаная «даросласць» персанажаў-дзяцей, іх мудрасць не па гадах: «…“Нічога, мая першая спроба толькі падалася дарэмнай.

На самай жа справе, я ўзнагароджана новымі ведамі”, — супакоіла сябе Аля…»

У цэлым, «Бабуліны шпулькі» — вартая рэч з найцудоўнейшай моваю, але крайне неакрэсленай аўдыторыяй. Складана сказаць, каму адрасавала твор сама пісьменніца: ці то  малалетняй дзятве, ці то падлеткам. А можа, і ўвогуле твор прызначаны для дарослых, якія любяць час ад часу згадаць былое? Магчыма, сутыкнуўшыся з гэтым пытаннем, аўтарка і прыдумала выратавальную фармулёўку «цікавыя гісторыі для ўсёй сям’і».

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.