Вы тут

«Я спаў у палатцы, а мой брат — на голай зямлі»


На лініі граніцы каля польскай агароджы знаходзіцца вялікая група бежанцаў, сярод якіх шмат жанчын і маленькіх дзяцей. «На працягу сутак да стыхійнага лагера прыбылі некалькі невялікіх груп, у агульнай колькасці амаль 200 чалавек, — расказалі ў Дзяржпагранкамітэце — У цэлым сітуацыя застаецца напружанай. Умовы надвор'я, недахоп ежы і вады ствараюць пагрозу фізічнаму стану людзей, якія шукаюць абароны ў краінах ЕС. За мінулыя суткі непасрэдна ў лагеры бежанцаў аказана медыцынская дапамога дзвюм жанчынам з-за пераахаладжэння і траўмы галавы. Таксама ўначы медыкі пагранічнай службы дапамаглі дзіцяці, у якога былі выяўлены прыкметы пераахаладжэння. Распаўсюджаная інфармацыя аб выпадку гібелі сярод бежанцаў не адпавядае рэчаіснасці».


Для аказання экстраннай дапамогі, асабліва ў начны час сутак, з-за істотнага паніжэння тэмператур паблізу лагера пастаянна дзяжураць медыцынскія брыгады. Таксама з улікам існуючых магчымасцяў пасільная падтрымка бежанцаў прадуктамі харчавання аказваецца з боку беларускіх улад, гуманітарных арганізацый і валанцёраў. «З польскага боку знаходзяцца ваеннаслужачыя, якія не дапускаюць прадстаўнікоў СМІ, міжнародных і гуманітарных арганізацый для аказання дапамогі бежанцам і вырашэння цяперашняй сітуацыі», — паведамілі ў ДПК.

Амаль усе дзеці ў лагеры прастуджаныя, дужа халодныя ночы. Аб гэтым сёння карэспандэнту БелТА расказаў 14-гадовы бежанец, які разам з сям'ёй засеў у стыхійным лагеры каля польскай граніцы. «Мы ідзём у Германію або Вялікабрытанію. Прасілі, каб Польшча прапусціла нас. У адказ палілі газам мяне, маму, братоў — усіх без разбору», — распавёў бежанец. Ён паскардзіўся на складаныя ўмовы ў лагеры, найперш на холад. «Я сёння спаў у палатцы, а мой брат — на голай зямлі, — заўважыў малады чалавек. — Мы ўдзячныя беларусам. Нам даставілі ваду, дзеляцца ежай. Але вельмі цяжка пераносіцца холад».

Прадстаўнікі Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў азнаёміліся з сітуацыяй у лагеры бежанцаў на граніцы з Польшчай. «Сітуацыя катастрафічная, і праз дзень яна будзе яшчэ горшая, думаю. Неабходна нешта рабіць. Пастаўкі гуманітарнай дапамогі будуць прадоўжаны», — адзначыў прадстаўнік УВКБ ААН у Беларусі Мулусеу Мамо. Ён падкрэсліў, што ўмовы, якія склаліся ў лагеры, не самыя лепшыя. Сустрэлася з бежанцамі і прадстаўнік міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Рэспубліцы Беларусь Махым Аразмухамедава. Паводле яе слоў, краінам неабходна звярнуць увагу на гуманітарны кантэкст сітуацыі і гуманнае вырашэнне і ўрэгуляванне сітуацыі. Важна, адзначыла Махым Аразмухамедава, прадоўжыць аказанне гуманітарнай дапамогі з улікам індывідуальнасцяў і правоў кожнага з людзей.

Раней сакратар Святога Прастола па адносінах з дзяржавамі (кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Ватыкана) архібіскуп Пол Рычард Галахер у сувязі з крызісам на польска-беларускай і літоўска-беларускай граніцы заклікаў еўрапейскія ўлады ўзяць на сябе адказнасць у пытаннях мігрантаў і бежанцаў, паведаміла РІА «Навіны». «Мы заклікаем усе бакі прыняць на сябе адказнасць і вырашыць гэты вельмі сур'ёзны гуманітарны крызіс», — сказаў сакратар Святога Прастола. Пол Рычард Галахер таксама заклікаў краіны Еўрасаюза праявіць гуманныя адносіны да мігрантаў. «Што датычыцца пазіцыі царквы, мы ведаем, што, напрыклад, у Польшчы царква крытыкуе падыход урада да гэтага пытання і спрабуе заклікаць улады да больш гуманнага і гібкага падыходу, — цытуе ТАСС сакратара Святога Прастола. — Я заклікаю ўсіх глядзець на гэту сітуацыю не ў колькасных адносінах, а з пункту гледжання лёсаў людзей, такіх жа, як мы, якія сутыкнуліся з вельмі сур'ёзнай сітуацыяй».

Як стала вядома, каталіцкая царква ў Польшчы выступіла за правядзенне агульнанацыянальнай кампаніі па зборы сродкаў для мігрантаў на граніцы з Беларуссю. Грошы, якія плануецца сабраць ва ўсіх польскіх касцёлах, будуць перададзены дабрачыннай арганізацыі для забеспячэння ў прыгранічным рэгіёне на паўночным усходзе Польшчы перадумоў «доўгатэрміновай інтэграцыі бежанцаў», якія хочуць застацца ў Польшчы.

Пры нармальных адносінах, размове Беларусь гатова сумесна з палякамі вырашаць праблему бежанцаў. Аб гэтым у эфіры «Альфа Радыё» заявіў старшыня праўлення беларускага таварыства «Веды» Вадзім Гігін. Разважаючы пра міграцыйны крызіс, ён адзначыў, што Парыж, Рым, Мадрыд і іншыя еўрапейскія цэнтры сілы не спяшаюцца дапамагаць Варшаве, паколькі ў тым ліку помсцяць ёй за яе даўнюю лінію адносна бежанцаў. «Праявіць салідарнасць — гэта ўзяць і размясціць бежанцаў па розных краінах ЕС. Чаму яны з гэтым не спяшаюцца? Гэта такая салодкая помста Польшчы і прыбалтыйскім краінам, таму што, калі быў крызіс у 2015—2016 гадах, яны нахабна, ганарліва, фанабэрыста заяўлялі, што мы нікога не прымем, не для таго мы ўступалі ў ЕС, каб бежанцаў прымаць у сябе. І не прынялі ў выніку. Таму, думаю, цяпер у Мадрыдзе, Рыме, Афінах, Парыжы з вялікай цікавасцю назіраюць, як Качыньскі, Наўседа, Ландсбергіс і іншыя будуць самі спраўляцца з гэтым выклікам», — заўважыў Вадзім Гігін. Акрамя таго, аналітык звярнуў увагу на яшчэ адзін важны момант, які на Захадзе лічаць за лепшае замоўчваць. «Трэба адкрыта сказаць, куды, чаму ідуць бежанцы і чаму з'явіўся гэты паток. Арганізавана ўстойлівая мафіёзная структура, якая базіруецца перш за ўсё на тэрыторыі Польшчы. І польскія ўлады аб гэтым цудоўна ведаюць. У гэтай структуры ёсць адгалінаванні ў Іраку, Германіі. Беларускія ўлады, як мы ведаем, за апошні час затрымалі каля 15 чалавек, якія арганізоўваюць гэтыя нелегальныя патокі. Там ёсць украінцы, палякі, ліванец, яшчэ хтосьці, але беларусаў няма. Вось у чым справа», — падкрэсліў Вадзім Гігін.

Праўда, пакуль да ўзважанага дыялогу далёка. Міністэрства абароны фіксуе абсалютна неадэкватную рэакцыю кіраўніцтва Польшчы наконт вырашэння той сітуацыі. «Замест дыялогу і прыняцця дзейсных мер па вырашэнні міграцыйнага крызісу нашы суседзі прадаўжаюць беспрэцэдэнтнае нарошчванне сілавога складніка каля граніц Беларусі, — адзначылі ў Мінабароны. — Засяроджванне 15 тысяч ваеннаслужачых, танкаў, сродкаў ППА, іншага цяжкага ўзбраення нельга назваць адэкватнай рэакцыяй. Больш гэта нагадвае стварэнне ўдарных груповак войскаў. Дзеянні польскіх ваенных ідуць уразрэз усіх міжнародных і двухбаковых дамоўленасцяў».

Улічваючы нежаданне ваеннага кіраўніцтва Польшчы ісці на дыялог, адхіленне нашых крокаў, накіраваных на вырашэнне пытанняў у рамках міжнародных нормаў, а таксама неабгрунтаваныя абвінавачанні ў адрас Узброеных Сіл і Рэспублікі Беларусь у цэлым, беларускае ваеннае ведамства вымушана прымаць адэкватныя меры рэагавання як самастойна, так і ў рамках наяўных дамоўленасцяў з нашым стратэгічным саюзнікам. «Мы не будзем бразгаць зброяй, у адрозненне ад нашых суседзяў. Створаная сістэма рэагавання на падобныя выпады дазваляе нам зрабіць усё, каб абараніць суверэнітэт і незалежнасць краіны, — заявілі ў Мінабароны. — Нашым суседзям Узброеныя Сілы Беларусі раяць спыніць істэрыю і ашалелы мілітарызм і пайсці па шляху вырашэння ўсіх пытанняў у рамках дыялогу».

Пётр ДУНЬКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.