Вы тут

Паэзія ў інтэр’еры вясковага жыцця


Калі часам у той ці іншай размове ўзнікае гаворка пра нямоглае вясковае жыццё з пункту гледжання духоўнага, то я ўспамінаю пра лёсы беларускіх пісьменнікаў, якія жылі ў маленькіх райцэнтрах альбо нават у звычайных вёсках. Адзін з іх — Іван ГУРБАН, чыя паэтычная кніга «Выбранае» толькі што пабачыла свет у Выдаўца Віктара Хурсіка. 


«Крочаць дзеці./ Снег рыпіць:/ — Нецікава стала жыць./ Я пякучы, / Як агонь,/ А бяруць мяне ў далонь./ Хоць іскрыся,/ Хоць ірдзей, — / Не спалохаеш/ Дзяцей!/ Паляжаў бы/ На дарозе, — / Гоніць прэч мяне 

/ Бульдозер./ Бацька мой — / Сівы мароз/ Лепш мяне сюды б/ Не вёз!/ Пад нагамі/ Снег рыпіць:/ — Невынсона стала жыць,/ І таму ў сакавіку/ Я растану, / Уцяку..» («Скарга»). Пачытаеш такую «скаргу» — і некаторае шкадаванне ўзнікае, што ў дзяцінстве не сустрэў гэтых сімпатычных радкоў. У іх жа — і настрой лютаўскіх коўзанняў на гары ля ракі, і захапленне бялюткім іскрыстым снегам, і прадчуванне вясенняга наступу на зімовых гаспадароў — лёд і снег... 

Іван Гурбан нарадзіўся ў 1922 годзе ў вёсцы Юшавічы цяперашняга Нясвіжскага раёна. А вось першую кнігу вершаў, адрасаваных дзецям, выдаў у 1979 годзе, — «Чубаценькі будзільнік». Наклад яе склаў 79 000 экзэмпляраў. А затым былі яшчэ зборнікі «Пахі вясны» (40 000 экзэмпляраў) , «Калі ветрык спачывае» (таксама наклад роўны 40 000 экзэмпляраў)... Напісаў жа Іван Яфімавіч шмат болей. Пісаў і вершы для дарослага чытача, сатырычныя творы. Толькі ў 1994 годзе, за пяць гадоў да сыходу з жыцця, вясковага паэта з Юшавіч прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. 

У прадмове да кнігі Анатоль Гурбан — сын паэта — вось што піша пра свайго бацьку: «... У пасляваенныя гады і да выхаду на пенсію працаваў краўцом, паляводам, загадчыкам магазіна, будаўніком, рабочым у меліярацыйнай арганізацыі. У 1964 — 1966 гадах працаваў старшынёй Юшавіцкага сельсавета. Што гэта былі за гады, добра ведаюць тыя, каму сёння 60-70 гадоў... Гэта быў перыяд, калі ўлада знішчала цэрквы, а ён верыў у Бога, быў камуністам і кожную нядзелю ездзіў у Нясвіжскую царкву на Новым месце... І ніхто з юшаўцаў не здаў яго. Потым быў загад ад аднаго з раённых кіраўнікоў залезці на страху Юшавіцкай царквы і знішчыць крыж. Ён не выканаў гэты загад і болей старшынёй сельсавета не працаваў... Таго, хто гэта зрабіў, праз пэўны прамежак часу ў лесе прыдушыла дрэвам. Насмерць...» І яшчэ: «Пісаць пачаў рана, яшчэ да вайны, у час вучобы ў польскай школе. А настаўнікам у яго быў вядомы ў будучым беларускі пісьменнік Пятро Бітэль. Ужо ў сталым узросце, будучы членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, бацька марыў аб сустрэчы са сваім былым настаўнікам, аднак, на вялікі жаль, сустрэліся яны ўжо ў другім свеце... Свой першы верш апублікаваў у майскім нумары часопіса „Работніца і сялянка“ за 1949 год. Як казаў мне бацька, у яго радні быў яшчэ адзін паэт-пачатковец — Гірко, сын сястры яго маці. У трыццатыя гады яны жылі ў вёсцы Траянава Капыльскага раёна. Яшчэ не паспеўшы напісаць штосьці значнае, адразу ж трапіў у поле зроку ўладаў як ненадзейны. Забралі прама са школы... Далейшы лёс яго невядомы...»

Акрамя паэтычнай дзялянкі, якую настойліва абрабляў таленавіты вясковы творца, Іван Яфімавіч выгадаваў разумных, працалюбівых дзяцей — Анатоля, Ларысу, Людмілу. Выраслі і ўнукі, якія ведаюць, кім быў іх дзед: праграмісты, філолаг, юрыст, вайсковец. Жывуць не толькі ў Беларусі, але — і ў Расіі, Ірландыі. У зборніку «Выбранае» змешчаны пераклады вершаў Івана Гурбана на рускую мову — іх ажыццявіў унук Далер. Праўнучка Сафія намалявала для зборніка партрэт свайго прашчура. Моцны беларускі род!

А напрыканцы — слова самому Івану Гурбану: «Кжуць, што душа не памірае,/ Не гарыць, не тоне ў вадзе,/ Мы не бачым, а яна жывая/ Прылятае ў госці да людзей./ Можа быць, і праўда прылятае/ Да свайго ранейшага жытла,/ Ды відаць не кожная, а тая,/ Што ў жыцці бязгрэшнаю была». І — нізкі паклон дзецям, унукам, праўнукам, якія памятаюць пра Івана Гурбана і паспрыялі нараджэнню сапраўднага кніжнага помніка вясковаму беларускаму паэту з Нясвіжскай старонкі. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.