Вы тут

Прэзідэнт: Патрэбна інвеставаць у тое, што мы ўмеем рабіць


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з намеснікам прэм’ер-міністра Пятром Пархомчыкам, які ўсяго як некалькі дзён працуе ў новай пасадзе. Да нядаўняга часу віцэ-прэм’ер з’яўляўся міністрам прамысловасці. Чалавек ён вопытны: прайшоў шлях ад рабочага да камерцыйнага дырэктара флагмана беларускай прамысловасці — Мінскага трактарнага завода. Некаторы час узначальваў яшчэ адзін прамысловы гігант краіны — Беларускі аўтамабільны завод.


На каласальны вопыт Пятра Пархомчыка звярнуў увагу і кіраўнік дзяржавы. Аднак адразу папярэдзіў: унікаць у пэўныя пытанні ўсё ж прыйдзецца. Калі прамысловасць для новага віцэ-прэм’ера — сфера абсалютна зразумелая, то энергетычны і нафтахімічны комплексы, лясная гаспадарка, дрэваапрацоўка з’яўляюцца адносна новымі кірункамі яго дзейнасці.

Імпартазамяшчэнне — пытанне нумар адзін

«Наша задача адна ў эканоміцы — не ўпасці ніжэй за мінулы год, — падкрэсліў беларускі лідар. — І галоўную ролю тут, вядома, павінна сыграць прамысловасць». Пры гэтым у прыклад прывёў сельскую гаспадарку, якая, па перакананнях Прэзідэнта, выйдзе на абяцаныя параметры — 104 %. «Для гэтага ёсць усё, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — І надвор’е нас пашкадавала, парадавала. Мы практычна ўбралі, ідзём да фінішу — збожжавыя. Восем мільёнаў, напэўна, атрымаем у гэтым годзе. А можа, і 8200. Гэта будзе выдатна! Плюс рапс, кукуруза. І калі ўсё складзецца, як складваецца цяпер, то 11 мільёнаў — гэта будзе рэкорд для нашай краіны. Мы атрымаем якаснае зерне, каб людзей нашых накарміць і каб хапіла для вытворчасці камбікармоў».

Аляксандр Лукашэнка чарговы раз акцэнтаваў увагу на тым, што ў гэты перыяд вельмі важна асвоіць новыя рынкі. У прыватнасці, Прэзідэнт прывёў у прыклад Зімбабвэ, дзе таксама можна працаваць. «Не трэба адкідваць ніякія рынкі, — адзначыў беларускі лідар. — Можам працаваць на Захадзе — будзем працаваць на Захадзе. На Поўдні, Поўначы, Усходзе — там, дзе толькі мы патрэбныя, дзе патрэбная наша прадукцыя. Усюды трэба працаваць. Ну што, мы гіганцкую эканоміку маем, як Расія? Не. Наша эканоміка кампактная. Што вырабляем — патрэбна. Усюды патрэбна. І харчаванне, і мінеральныя ўгнаенні, асабліва цяпер. Каб голаду не дапусціць, і Захад будзе набываць гэтыя ўгнаенні. Таму ні ад якіх рынкаў адмаўляцца не трэба».

Пры гэтым, як падкрэсліў беларускі лідар, пытаннем нумар адзін па-ранейшаму застаецца імпартазамяшчэнне. «Бяда, гэтыя санкцыі, нас прымусілі займацца імпартазамяшчэннем», — канстатаваў Прэзідэнт.

Новыя праекты і інвестыцыі

Спыніўся кіраўнік дзяржавы і на важнасці інвестыцыйных праектаў. Пры гэтым заўважыў, што «хвост», хоць і невялікі, застаўся на нафтаперапрацоўчых заводах у Мазыры і Наваполацку. Прэзідэнтам пастаўлена задача — сур’ёзна ўзяцца за гэтыя пытанні і завяршыць іх. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, на поўную магутнасць павінна працаваць і БелАЭС.

Закранулі падчас сустрэчы і пытанне вытворчасці беларускіх аўтобусаў на заводзе МАЗ. «Вельмі перспектыўная сфера, не паспяваем задавальняць попыт, — заўважыў беларускі лідар. — Таму ўсё, што трэба для МАЗа зрабіць, падстрахуйце, запатрабуйце, дапамажыце, але развіваць аўтобусную вытворчасць трэба». І ў гэтым кантэксце кіраўнік дзяржавы згадаў нядаўнюю паездку на Мёрскі металапракатны завод. «Добрае прадпрыемства, можа працаваць, — адзначыў ён. — Трэба больш актыўна яго задзейнічаць».

Гарбарная сыравіна — тое, аб чым таксама казалі падчас сустрэчы. «Вельмі патрэбная сёння вытворчасць, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Рынак — вязі не хачу. Аднак трэба напружыцца. Гэта ж не вытворчасць БЕЛАЗаў і іх продаж. Гарбарную сыравіну трэба дапрацаваць і прадаць з высокай дабаўленай вартасцю». Рашэнні ў гэтай сферы, па словах кіраўніка дзяржавы, усе прынятыя. У найбліжэйшы час будзе праверана, як яны рэалізоўваюцца.

Новыя праекты — аб гэтым таксама вялася размова. «Перш за ўсё, „Гродна Азот“, „Светлагорскі ЦЦК“, — удакладніў Прэзідэнт. — Па паперы мы гаварылі аб паглыбленай перапрацоўцы. Гэта таксама павінна быць даведзена да дасканаласці, каб мы не прадавалі паўфабрыкат, а прадавалі гатовыя вырабы і сябе забяспечылі кардонам і ўпакоўкай».

Аляксандр Лукашэнка перакананы: «Патрэбна інвеставаць у тое, што мы ўмеем рабіць». І нічога, па яго словах, не трэба выдумляць. «Калі ў нас ёсць школа аўтамабілебудавання добрая, велікагрузных, дапусцім, і іншых аўтамабіляў, давайце будзем паглыбляцца — там жа непачаты край работы, перш за ўсё па імпартазамяшчэнні, — сведчыць Прэзідэнт. — Стварылі мы цэлюлозу або нешта яшчэ з драўніны — давайце гэтую цэлюлозу пераўтворым у паперу, а паперу — у кардонную ўпакоўку».

А то атрымліваецца, што вязём за мяжу цэлюлозу, а потым адтуль — кардон, каб жаночыя калготкі ўпакаваць або парфумерыю. А можна і нават трэба, па словах беларускага лідара, гэта ўсё рабіць у сябе. Такім чынам, задача ад кіраўніка дзяржавы — паглыбленне тых кірункаў, якія сёння даюць эфект і запатрабаваныя на рынках.

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.