Вы тут

Яны не вытрымалі і ўпалі з п'едэсталу


...А цяпер у зале з белымі сценамі мужчына клапатліва апырсквае з пульверызатара зялёненькі мох, які пакрывае напаўразбураныя скульптуры піянера і піянеркі, адыходзіць крыху, глядзіць на вынік, нібыта гэта не мох, а кветкі на любімым балконе... Гэта было першым уражаннем ад выставы "Піянерская вытрымка", якая праходзіць у галерэі сучаснага мастацтва "Ў". Прызнацца, я нават на нейкае імгненне палічыла гэтага мужчыну з пульверызатарам часткай экспазіцыі, такой ненавязлівай інсталяцыяй, што дэманструе, якім вялізным і старанна вырашчаным слоем імху парасло ў нашай рэчаіснасці ўсё, звязанае з піянерамі... Ды, зрэшты, што дзяўчына, народжаная за год да развалу СССР, можа ведаць пра піянераў, што цікавага можа для сябе знайсці на гэтай выставе?

...Сказаць па праўдзе, я нават і не адразу ўзгадала, што калісьці ўсё ж насіла піянерскі гальштук. Гэта быў не класічны чырвоны "аксесуар": па ім ішла зялёная палоска. Ды і як "насіла": нам з аднакласнікамі выдалі гэтыя незразумелыя рэчы на лінейцы ў чацвёртым класе, я прыйшла дадому і паклала гальштук у шафу. Назаўсёды. Пра "піянерскія абавязкі" нагадвала хіба што неабходнасць прыбіраць перад 9 Мая тэрыторыю каля помніка палеглым у вайну салдатам. Але ж мы і так гэта рабілі б, паколькі школа "трымала шэфства" над гэтым месцам. Так і склалася, што для мяне піянеры былі нейкім міфам са старых падручнікаў, якія чыталі яшчэ мае бацькі. А піянерская вытрымка — гэта такі загартаваны характар ці нешта накшталт...

...Гледзячы на "пабітыя жыццём" скульптуры, лаўлю сябе на думцы, што яны з усімі сваімі хібамі (у піянеркі няма носа, увесь твар у выбоінах, піянеру дасталася яшчэ больш — "падмарафечаны" твар, ды яшчэ і адно плячо некуды знікла) нагадваюць помнікі са старых могілак. На іх, здаецца, і не хаваюць нікога ўжо колькі гадоў, але ўзрост толькі дадае месцу таямнічай атмасферы, ад чаго людзі не лянуюцца прыдумваць пра яго ўсё новыя "страшылкі".

1373983199930_5lip-81111

У адным з тэкстаў да выставы, які напісала культуролаг Вольга Раманава

, згадваецца пра здабыткі дзіцячага фальклору на "піянерскую" тэму: розныя гісторыі пра труну на колцах, пляму на сцяне, катлету з чалавечым пазногцем і іншыя малапрыемныя рэчы, які пераказваліся ў піянерскіх лагерах.

Не, лепей адысці ад гэтых "выкапнёвых" піянераў, хаця б да іншай сцяны. Тут таксама "манументальныя" піянеры і піянеркі, дакладней, іх фота, зробленыя ў Беларусі, Расіі і ва Украіне. На некаторых здымках — такія ж "пацярпелыя", як і тыя, што стаяць пад мохам на выставе, на іншых — піянеркі з падмаляванымі ўжо ў нядаўні час вуснамі і гальштукамі. Ёсць "экзэмпляры", якім увогуле "пашанцавала" — ім, як у дзіцячай кніжцы-размалёўцы, хтосьці "падарыў" і каляровыя штаны, і кашулю, і нават скуру на твары не паленаваўся пафарбаваць. Усё, як належыць: адказны, старанны і дасканалы падыход, каб бралі прыклад. Выключна піянерская рыса!

...Маю маму прынялі ў піянеры напрыканцы сямідзясятых. Калі я спыталася ў яе, ці хацела яна насіць чырвоны гальштук, мама вельмі ажывілася:

— Не ведаю чаму, але я і ўсе мае сябры гэтага вельмі чакалі. Зразумела, не з-за ленінскіх запаветаў, якія ўжо і на той час былі мала актуальнымі. Дзецям падабаліся розныя мерапрыемствы: "касцёр", паходы. Мы добра бавілі час. Адмаўляліся ўступаць у піянеры вельмі рэдка, хіба што па рэлігійных прычынах. Тое, што ў пэўным узросце школьнік завязвае чырвоны гальштук, успрымалася натуральна, а вось адмовіцца ад яго — гэта ўжо сенсацыя...

Чарговая інсталяцыя "Піянерскай вытрымкі" — фоталабараторыя, а перад ёй — развешаныя на прышчэпках здымкі. Дарэчы, яшчэ адна асацыяцыя з назвай — "вытрымка" як тэрмін у фотасправе. Гэта час, за які закрывалася шторка ў фотаапараце. Наладзіў пэўным чынам гэтую "опцыю" — і вось табе якасны здымак. Цяпер мы масава карыстаемся лічбавай фотатэхнікай, таму "шторка" гэтая "працуе" часцей у памяці тых, каму ёсць што прыгадаць пра піянерскае жыццё. І ў кожнага, дзякуючы ёй, у "здымках", што мільгаюць у галаве, свая колькасць святла, свой негатыўны ці пазітыўны фон.

Але ж вернемся да картак, што вісяць на прышчэпках. На далёкіх шнурах — "жывыя" фота ўсмешлівых хлопцаў і дзяўчат, калектыўныя фотакарткі, дзе ўсе як адзін — са смешнымі напружанымі тварамі, а паперадзе — здымкі з "эксгумацыі" нашых "выкапнёвых". Можа, называць "эксгумацыяй" працэс выкопвання скульптур — гэта ўжо занадта, але па-іншаму пра змрочныя здымкі не скажаш.

Вось, у прынцыпе, і ўсе "экспанаты". А, ледзь не забылася на фільмы, што дэманстраваліся ў выставачнай зале па вечарах. Пра "герояў часу" заўжды здымаюць кіно, вось і пра піянераў яно ёсць. Давялося паглядзець стужку Аляксандра Міты пад назвай "Звоняць, адчыніце дзверы..." Па сюжэце дзяўчынка Таня намагаецца адшукаць каго-небудзь з першых піянераў (таго патрабуе яе ўдзел у гуртку "Чырвоныя следапыты"). Інтэрнэту, зразумела, у 1965 годзе яшчэ не было, таму ёй даводзіцца проста хадзіць па кватэрах і задаваць адно і тое ж пытанне. І яна трапляе ў госці да вядомага музыканта, які, аказваецца, і быў адным з першых піянераў:

— Вось мая заметка ў газеце, я тады быў пікарам (піянерскім карэспандэнтам)! А як падпісваўся: Бязбожнік!

...Мая бабуля піянеркай не была. Дзяцінства ў Заходняй Беларусі, якая пэўны час лічылася польскай тэрыторыяй, пасля — вайна, а там ужо і скончыўся піянерскі ўзрост. Затое большасць яе вучняў насілі чырвоныя гальштукі (бабуля шмат гадоў працавала ў школе). Яна расказвала, што калі была яшчэ зусім маладой настаўніцай, кіраўніцтва настойліва раіла правяраць, ці не носяць дзеці крыжыкі. Але ж у кіраўніцтва свая справа, яно далёка і заўжды вельмі занятае, а настаўнікі, асабліва калі яны жывуць у вёсцы, павінны вучыць дзяцей сваіх суседзяў, родзічаў і знаёмых. Неяк у школу ўсё ж заехаў вялікі начальнік і пачаў "рэйд": пастроіў клас у шарэнгу, дэманстратыўна сарваў з шыі ў некалькіх вучняў крыжыкі, пакідаў іх на зямлю і паехаў злосны. Не ведаю, як такі цуд стаўся, але бабуля тады нават вымову не атрымала...

...Пасля фільма — дыскусія. І відавочна, усім, каго бачу побач, ёсць што сказаць. Многія з тых, хто наведвае Мінск, лічаць, што ён у нечым амаль як машына часу, якая вяртае цябе ў СССР. У характарах, паводзінах тых, хто насіў чырвоны гальштук, так ці інакш выплывае "піянерская вытрымка" ці хаця б настальгія па такім мінулым. Так што не трэба шмат антуражу, каб узнавіць у памяці ўсё вышэйзгаданае, галоўныя экспанаты — у галаве, у думках таго, хто на выставу прыходзіць. І не варта казаць, што "гэта не пра мяне".

Кожны з нас часам "палівае мох", якім параслі тыя рэчы, што, здавалася б, хочуць быць выкінутымі з памяці.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.