Вы тут

Новая кватэра, стары дом...


Менавіта з жыллёвымі праблемамі давялося разбірацца на прыёме грамадзян старшыні Магілёўскага аблвыканкама Пятру РУДНІКУ.

Шматдзетная маці, якая працуе на прадпрыемстве «Магілёўхімвалакно», звярнулася да кіраўніка вобласці з просьбай дапамагчы разабрацца з ільготамі і фінансавымі магчымасцямі на пабудову новага жылля. Яна мае траіх дзяцей, жыве ў блоку інтэрната, працуе пакаёўкай на базе адпачынку, атрымлівае заробак у 2 мільёны рублёў плюс дапамогу на дзяцей, таму матэрыяльнае становішча гэтай сям'і нельга назваць трывалым.

Дзяржава, вядома, клапоціцца пра новае жыллё для шматдзетных сем'яў, таму жанчына можа быць па-за чаргой уключана ў спіс будаўнічага кааператыву: яна атрымае льготны крэдыт, а большую частку затрачаных на пабудову жылля грошай кампенсуе бюджэт.

Тым не менш, і пры гэтых спрыяльных умовах застаецца сума грошай, якую павінна ўнесці сама сям'я, і гэта не адзін мільён рублёў, і нават не два-тры. Разлічваць шматдзетная маці можа толькі на сябе, таму яна ўважліва слухала парады кіраўнікоў, якія вынікалі з разлікаў, праведзеных тут жа.

Пётр Руднік прапанаваў заяўніцы будаваць меншую па плошчы і колькасці пакояў кватэру, а таксама перавесціся на іншую працу ў «Магілёўхімвалакно», дзе быў бы большы заробак. Сёння прадпрыемства мае патрэбу ў кадрах некаторых спецыяльнасцяў, і пасля перанавучання можна атрымліваць большы заробак і мець, адпаведна, большыя магчымасці — для сябе і сваіх дзяцей.

Губернатар таксама настойліва параіў прадпрыемствам у дачыненні да сваіх лепшых работнікаў, якія маюць патрэбу ў новым жыллі, скарыстацца сістэмай будаўнічага зберагання, якую прапануе Беларусбанк. Для таго, каб атрымаць крэдыт на будаўніцтва, трэба назбіраць на разліковым рахунку 25% ад неабходнай сумы. Якраз яе і можа даць прадпрыемства — як беспрацэнтную пазыку добраму працаўніку. Шляхі вырашэння праблемы ёсць — трэба толькі думаць і працаваць, упэўнены Пётр Руднік.

Быць больш ініцыятыўнымі заклікаў кіраўнік вобласці і іншых заяўнікаў, якія клапоцяцца пра капітальны рамонт свайго дома. На вуліцы Касманаўтаў у Магілёве рамантуюць шмат старых дамоў, але да дома № 4 справа так пакуль і не дайшла. Жыхаркі яго прыйшлі на прыём да Пятра Рудніка, каб спытацца: чаму менавіта іх дом, насуперак ранейшым абяцанням кіраўніцтва гарвыканкама, выкінуты з тытульнага спіса на капітальны рамонт?

Старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір ЦУМАРАЎ растлумачыў, што сёлета гэты дом сапраўды выпаў са спіса, таму што ўлады вырашылі ў 2013 годзе завяршыць усе «даўгабуды» ў капітальным рамонце, а далей пачаць «з чыстага ліста» і не даваць больш пустых абяцанняў, бо грошай у бюджэце на ўсё не хапае. З гэтай прычыны ў спіс наступнага года на капрамонт у Магілёве трапляюць толькі два дзясяткі дамоў, і сярод іх якраз будзе № 4 па вуліцы Касманаўтаў.

Між тым жанчыны паскардзіліся, што калісьці на доме зрабілі новы дах, але не працуе сістэма адтоку вады, таму сцены вільготныя, і дому патрабуюцца не толькі балконы-лоджыі, але і тэрмарэнавацыя. Фотаздымкі кватэр пераканалі Пятра Рудніка, што такія работы сапраўды патрабуюцца. Разам з тым тэрмарэнавацыя зробіць кошт рамонту дома на палову большай, а гэта некалькі мільярдаў рублёў. Таму, лагічна, улады запыталіся ў жыхароў дома: а што яны самі могуць зрабіць для таго, каб ім жылося больш утульна і камфортна?
Размова ідзе не толькі аб грашовым удзеле ў рамонтных работах: рабіць гэта, натуральна, варта ў меру магчымасцяў жыхароў, але ўсё ж такі свой, асабісты, уклад у справу забяспечыць жыхарам дома больш трывалыя пазіцыі ў лісце чакання рамонту. Ёсць таксама патрэба ў ініцыятыве навядзення парадку ў двары і пад'ездах. Што ж, жыхары дома № 4 па вуліцы Касманаўтаў зусім не супраць добрай справы: у іх ёсць вопыт збірання грошай на фарбу для пад'ездаў, устаноўкі сучасных аконных блокаў. Жанчыны не сталі адмаўляцца ад удзелу ў суботніку.

— Там, дзе наводзяць парадак і сочаць за ім — не псуюць выгляд і не кідаюць смецце, — упэўнены старшыня аблвыканкама.
Пётр Руднік таксама параіў уладам Магілёва правесці агульнагарадскі суботнік напярэдадні міжнароднага фестывалю «Залаты шлягер», які хутка распачнецца ў абласным цэнтры. Камунальным службам будзе дарэчы дапамога гараджан.

Ілона ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.