Вы тут

Трохмерны погляд на гісторыка-культурную спадчыну


У рамках навукова-практычнага семінара «Музей і выклікі сучаснасці: новыя падыходы і тэхналогіі», які на днях адбыўся ў Інстытуце культуры Беларусі, сабраліся прадстаўнікі беларускіх і замежных музейных устаноў, буйнейшыя міжнародныя эксперты ў галіне музейнай справы, прадстаўнікі недзяржаўных структур, якія зацікаўлены ў развіцці найбольш актуальных кірункаў музейнай дзейнасці. У беларускіх музейшчыкаў з'явілася ўнікальная магчымасць пераняць вопыт сваіх замежных калег з Літвы і Славакіі, якія ў гэтай справе прасунуліся ўжо далёка наперад.

— Ва ўмовах пераходу да інфармацыйнага грамадства навуковыя веды і новыя тэхналогіі становяцца вызначальнымі фактарамі сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця краіны, — падкрэсліў намеснік міністра культуры Беларусі Васіль ЧЭРНІК, павітаўшы ўдзельнікаў семінара. — Паступова інфармацыйныя тэхналогіі ўкараняюцца ва ўсе сферы жыццядзейнасці нашага грамадства. Фарміруюцца і кампаненты інфармацыйна-культурна-адукацыйнага асяроддзя, дзе не апошняе месца займаюць музеі і музейныя ўстановы. Развіццё камунікацыйных і інфармацыйных тэхналогій адкрывае магчымасці, якія дазволяць перайсці музеям на якасна новы ўзровень развіцця з мэтай павышэння агульнадаступнасці сваіх калекцый, забеспячэння захаванасці музейнага фонду, пашырэння формаў музейнай адукацыі, міжнароднага супрацоўніцтва і прасоўвання музейных паслуг. Адным з самых перспектыўных кірункаў з'яўляецца візуалізацыя і інтэграцыя лічбавых аб'ектаў. Знаёмства з еўрапейскім вопытам па яго ўкараненні пакладзе пачатак развіцця інтэграцыйных тэхналогій у музейнай сферы ў Беларусі на якасна новым узроўні.

На думку рэктара Інстытута культуры Беларусі Канстанціна РЭМІШЭЎСКАГА, стварэнню інфраструктуры, неабходнай для тэхналагічна складаных працэсаў дыгіталізацыі і візуалізацыі, павінны садзейнічаць недзяржаўныя, а менавіта бізнес-структуры. «Цяпер гэта норма, што прадстаўнікі бізнес-структур ва ўмовах новай канфігурацыі ў сферы культуры Беларусі, якая фарміруецца, становяцца яе актыўнымі ўдзельнікамі, як зараз кажуць, актарамі культурнай прасторы».

Невыпадкова ў семінары прымаў удзел генеральны дырэктар ЗАТ «БелХард Групп» Ігар МАМОНЕНКА, які зацікаўлены ва ўкараненні высокіх тэхналогій у шматлікія гістарычныя праекты:

— З аднаго боку, гэта яшчэ адзін крок на шляху таго, каб дзякуючы высокім тэхналогіям наша культурная спадчына была даступная ўсяму свету. Тэхналагічна мы займаемся падобнымі рэчамі, у тым ліку стварэннем 3D любых аб'ектаў. Вядома, сярод іх — найбольш прамысловых. Аднак мы зацікаўлены і ў перавядзенні ў «лічбу» культурных каштоўнасцяў, каб кожны чалавек з любой краіны свету меў магчымасць калі не памацаць, дык хаця б паглядзець пэўны прадмет з усіх бакоў. Вельмі хочацца, каб гэтыя каштоўнасці не знікалі, а гісторыя, наадварот, дапамагала нам знаходзіць новыя артэфакты. Прычым Еўрасаюз гатовы фінансаваць такога роду праекты, каб аб'яднаць намаганні многіх краін, бо гісторыя не абмежавана адной тэрыторыяй.

Ініцыятарам правядзення навукова-практычнага семінара стаў намеснік дырэктара ТАА «Тэхнамузей» Сяргей АЗАРОНАК. Хто, як не ён, ведае, што сёння без сучасных тэхналогій немагчыма ўявіць любую музейную экспазіцыю:

— Штуршок і асноўнае развіццё сучасных падыходаў да стварэння музейных экспазіцый на прынцыпова новых узроўнях, вядома, намі быў пакладзены пры стварэнні новай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Я з гонарам магу сказаць пра тое, што праектаванне будынка музея і стварэнне шматлікіх экспазіцый з'яўляліся вынікам працы не толькі навуковага калектыву музея, а практычна ўсіх навукоўцаў і музейных калег краіны. Са сваімі матэрыяламі праектавання мы звярталіся і да грамадства. Заўсёды даваліся вельмі канкрэтныя заўвагі, і гэта павышала якасць нашай экспазіцыі.

А тым часам, пакуль беларускія музейшчыкі расказвалі пра перспектывы ўзаемадзеяння айчынных музеяў з замежнымі, пра ўкараненне новых кампанентаў і інфармацыйных тэхналогій у музейныя экспазіцыі, пра сетку карпаратыўных музейных устаноў і новыя падыходы ва ўзаемадзеянні з сучаснымі наведвальнікамі, іх замежныя калегі дзяліліся тымі ноу-хау, якімі яны паспяхова карыстаюцца ў сваёй музейнай дзейнасці.

Генеральны дырэктар Музея Славацкага нацыянальнага паўстання, член прэзідыума Саюза антыфашысцкіх сіл Славакіі Станіслаў МІЧАЎ расказаў пра праект Славакіі па дыгіталізацыі ўсёй музейнай спадчыны. У праекце прымаюць удзел 32 музеі на тэрыторыі краіны, і, згодна з планам, за тры гады яны павінны алічбаваць 180 тысяч музейных прадметаў, а таксама 3 тысячы прадметаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Летась у кастрычніку ў горадзе Банска-Быстрыца адкрыўся цэнтр па алічбоўцы, дзе будзе ажыццяўляцца 30% працы па перавядзенні ў «лічбу» гісторыка-культурнай спадчыны краіны. Астатнія 70% ускладзены на прыватныя фірмы.

У цэнтры знаходзіцца сучаснае абсталяванне, якое дазваляе якасна апрацоўваць музейныя калекцыі, — зазначыў Станіслаў Мічаў. — Яно дазваляе пераводзіць у «лічбу» празрыстыя матэрыялы (негатывы, дыяпазітывы), прадметы з рэльефнай паверхняй (тэкстыль), плоскія прадметы (дакументы, рукапісы). Таксама з дапамогай высокатэхналагічнага абсталявання мы маем магчымасць ажыццяўляць здымкі аб'ёмных і буйнамаштабных прадметаў, макра- і мікраздымкі. Была праблема знайсці людзей, якія маглі гэта рабіць.

Галоўная мэта праекта — высакаякасная алічбоўка найбольш значных музейных калекцый культурнай спадчыны Славакіі, ідэнтыфікацыя, захаванне і інтэграцыя лічбавых аб'ектаў з сістэмай інфармацыі, стварэнне анлайн-доступу да алічбаваных матэрыялаў, каб музейныя калекцыі былі даступныя для навуковых даследаванняў і для шырокай грамадскасці. «Гэта магчымасць рэпрадукцыі гэтых аб'ектаў, мінімалізацыі маніпуляцый з прадметам, забеспячэнне капіравання ў выпадку страты арыгіналаў, — дадаў доктар філасофскіх і кандыдат гістарычных навук С. Мічаў. — Задача, якая стаіць перад намі сёння, — выхаванне грамадскасці з дапамогай віртуальных прэзентацый музейных калекцый, анлайн-адукацыйных праграм і семінараў.

Загадчык кафедры музеялогіі Вільнюскага ўніверсітэта Лаўжыкас РЫМВІДАС падзяліўся вопытам прымянення трохмернага сканіравання аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ў Літве. Таксама з дапамогай прэзентацыі прафесар паказаў магчымасці гэтага сканіравання.

— Гэта перспектыўная тэхналогія ў будучыні як для навуковых мэт, так і для камунікацый, для грамадства — лічыць Лаўжыкас Рымвідас. — Трохмерны свет для чалавека — вялікі выклік. Людзі даўно зразумелі, што ў радыусе сваіх вачэй і свайго мозга мы свет бачым трохмерным. Але калі мы спрабуем яго пэўным спосабам захаваць, у нас не атрымліваецца. Вялікі выклік для мастака, для навукоўцы і для кожнага з нас! У розныя гістарычныя перыяды ён вырашаўся рознымі спосабамі. Егіпцяне, напрыклад, прыдумалі, што лепш адлюстроўваць прадмет з таго боку, з якога ён лепш бачны. Аднак гэта было не тое, чаго хацелася. І свет заставаўся не адлюстраваным у трохмерным выглядзе, а пачуццё трохмернасці было штучным. За ўсю гісторыю навукі і за ўсю гісторыю нашага кантакту з рэальнасцю мы спрабавалі гэтага дасягнуць. XІX стагоддзе нам дало аўтаматычную фіксацыю рэальнасці: фотаздымкі, кіназдымкі, электронныя тэхналогіі сувязі. — Але праблема так і заставалася нявырашанай. І, нарэшце, гэтая тэхналогія з'явілася. З дапамогай трохмернага сканера можна зафіксаваць, напрыклад, скульптуру, а можна і якое-небудзь дрэва, якое знаходзіцца ад вас на адлегласці 10 кіламетраў, ці які-небудзь аб'ект пад зямлёй, што вельмі дапамагае пры археалагічных раскопках.

Толькі можна ўявіць, наколькі аблегчыў бы працу такі сканер беларускім навукоўцам, гісторыкам і музейшчыкам. Даследаванні праходзілі б значна хутчэй, а колькі ўнікальных аб'ектаў архітэктуры, я ўпэўнена, знайшлі б яшчэ нашы археолагі! Толькі сёння такое высокатэхналагічнае абсталяванне нам не па сілах: па-першае, няма такіх грошай, каб яго набыць; па-другое, няма спецыялістаў, якія маглі б яго засвоіць. Аднак усё наперадзе, і, як прызнаюцца замежныя госці, укладанне сродкаў у гісторыка-культурную спадчыну сёння прынясе вялікі прыбытак заўтра.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.