Вы тут

Хто выратуе спадчыну?


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 11.07.14 г.

___________________________________________________________________________

Адкрыццё XX курса Міжнароднай паслядыпломнай летняй школы “Няcвіжская акадэмія” адбылося 7 ліпеня ў Інстытуце культуры Беларусі. Сумесны адукацыйны праект нашай краіны і Рэспублікі Польшча дзейнічае ўжо дзесяць гадоў з мэтай павышэння прафесіяналізму спецыялістаў у галіне ландшафтна-паркавай архітэктуры, аховы і рэстаўрацыі каштоўных будынкаў і помнікаў культуры.

Нясвіжская акадэмія

 

Гэтым разам галоўнай тэмай курса стала паняцце інтэгральнасці і комплекснасці аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Распрацоўкай навучальнай праграмы і арганізацыяй школы займаліся Інстытут культуры Беларусі і Нацыянальны Інстытут Спадчыны г. Варшава пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі. Слухачоў «Нясвіжскай акадэміі», прадстаўнікоў Беларусі, Літвы, Украіны, Малдовы і Польшчы, чакае вучоба ў два этапы. Тэарэтыка-практычны будзе праходзіць па 19 ліпеня ў Беларусі, а потым — стажыроўка ў Польшчы з абаронай дыпломных работ і атрыманнем міжнароднага сертыфіката.

Праграма курса заснавана на практыка-арыентаваным падыходзе, што азначае правядзенне не толькі лекцый, але і майстар-класаў, «круглых сталоў», экскурсій па гістарычных мясцінах. Усё распісана літаральна па хвілінах, таму ад навучэнцаў патрабуецца вялікі запас вынослівасці і цярплівасці. На першым этапе слухачам прадстаўляецца магчымасць пазнаёміцца з экспазіцыяй Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, з’ездзіць у Замкавы комплекс «Мір» і наведаць музей-запаведнік “Нясвіж”. У прафесарска-педагагічным складзе — вядомыя архітэктары, рэстаўратары, археолагі, дызайнеры, прадстаўнікі кіраўніцтва  Інстытута культуры Беларусі, Нацыянальнага Інстытута Спадчыны г. Варшава ды іншых дзяржаўных культурных устаноў, дырэктары і супрацоўнікі музеяў, каардынатары праектных філіялаў і бюро.

Ці можна стварыць эфектыўную стратэгію адаптацыі культурнай спадчыны ў сучасным сацыякультурным асяроддзі, даволі імклівым, часта раўнадушным і вельмі зменлівым? Як правільна захоўваць гістарычныя цэнтры гарадоў і цэрквы, а таксама праводзіць якаснае рэстаўрацыйнае праектаванне? Што такое скансены і навошта яны будуюцца? Спецыялісты не толькі атрымаюць каштоўныя веды, але і наладзяць стасункі з замежнымі калегамі.

Падчас адкрыцця “Нясвіжскай акадэміі” Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Лешэк Шарэпка адзначыў, што хутка можа ўзнікнуць беларуска-польская рэстаўрацыйная школа і дзяржавы сумеснымі намаганнямі будуць абараняць сваю спадчыну. Першая і Другая сусветныя войны пакінулі пагібельны след на стане гісторыка-культурных аб’ектаў многіх краін. “Менавіта таму існуе вострая неабходнасць адраджаць тыя помнікі, якія моцна зруйнаваны, і клапаціцца пра тыя, якія захаваліся. Культурныя аб’екты, безумоўна, каштоўныя сваёй духоўнасцю, але дзякуючы ім можна развіваць турызм, падтрымліваючы на высокім узроўні фінансавае становішча краіны”, — падсумаваў дыпламат.

Марыя ВОЙЦІК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.