Вы тут

Скажы мне, хто твой блогер...


Слова «тысячнік» (чалавек, які мае больш за тысячу падпісчыкаў на якой-небудзь з сацыяльных платформаў у інтэрнэце) даўно стала сінонімам паспяховасці. Мы запыталіся ў самых розных прадстаўнікоў моладзі, якія блогі яны чытаюць і як увогуле ставяцца да інфармацыі з сеціва.

Ягор КВАРТАЛЬНЫ, музыкант гурта «Нагуаль»:

— Я чалавек, не надта ўцягнуты ў сацыяльныя сеткі. Карыстаюся «УКантакце» і Facebook, спецыяльна заходжу паглядзець на новыя посты літаральна ад некалькіх людзей, якія адначасова маюць што сказаць і ўмеюць выкладаць гэта прыгожа. Адзін такі мой прыяцель, напрыклад, жыве ў Аргенціне, размаўляе ці то на пяці, ці то на шасці мовах, па адукацыі гісторык і любіць падарожнічаць. Натуральна, у яго часам выходзяць ашаламляльныя замалёўкі пра месцы, людзей і падзеі, ад якіх немагчыма адарвацца.

Іван ПРЫШЧЭПА, студэнт І курса спецыяльнасці «Лагістыка» Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ:

— Лічу гэтую з'яву добрай альтэрнатывай традыцыйным навінам у СМІ. Адзіная праблема — блогеры вельмі моцна ўплываюць на людзей, і не заўсёды гэты ўплыў станоўчы. З беларускіх аўтараў мне падабаюцца Антон Матолька і Іван Лятохін (абодва фатографы. — Аўт.). Першы, напрыклад, змагаецца з праблемай парковак у Мінску, робіць карысную справу. Увогуле, галоўная карысць блогаў, на маю думку, заключаецца ў тым, што ты заўсёды можаш параўнаць свае думкі і светапогляд з іншым. Гэта дапамагае фарміраваць больш аб'ектыўную карціну свету.

Валеры МАСКЕВІЧ, магістрант інжынерна-будаўнічага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта:

— Некаторыя смелыя думкі блогераў дапамагаюць бачыць нашу рэчаіснасць з самых розных бакоў. Я чытаю «фатографа-змагара з паркоўкамі» Антона Матольку, журналістаў Дзяніса Васількова і Віктара Малішэўскага, пісьменніка Віктара Марціновіча. Таксама падабаецца сачыць за актыўнымі ананімнымі блогерамі з розных гарадоў, каб здабываць інфармацыю пра культурнае і палітычнае жыццё ў рэгіёнах непасрэдна з першых вуснаў. У Facebook заходжу, каб палепшыць свае веды ў мастацтве, там таксама ёсць цікавыя аўтары. Унікальную і незвычайную інфармацыю пра гісторыю Беларусі чэрпаю з пастоў Глеба Лабадзенкі. Пра навінкі беларускай музыкі даведваюся ад Сяргея Будкіна. Як відаць, да блогераў я стаўлюся прыхільна, гэта дапамагае мне самаразвівацца.

Дар'я БЕЛАНОЎСКАЯ, студэнтка ІІІ курса спецыяльнасці «электронны маркетынг» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі:

— Блогі выбіраю, зыходзячы са сваіх інтарэсаў: літаратура, кіно, спорт, танцы, мода, замежныя мовы, кулінарыя. Напрыклад, у Іnstagram сачу за дзяўчатамі, густ якіх у адзенні мне падабаецца. Іх фотаздымкі мяне натхняюць. На YouTube гляджу каналы пра фітнес і бодзібілдынг — вельмі матывуе. На каналах аб замежных мовах знаходжу падборкі цікавых выразаў, вытрымкі з серыялаў і фільмаў. У блогах аб кулінарыі — рэцэпты смачных страў, незвычайныя парады па кухні.

Сама вяду Іnstagram і Twіtter — абнаўляю нячаста, проста захоўваю нататкі, якімі хочацца падзяліцца і якія хочацца пераглядаць. Таксама маю акаўнты на сайтах «Кинопоиск» і Lіvelіb — зручна адзначаць тое, што ты паглядзеў або прачытаў.

Уладзіслаў ТАТУР, каментатар Белтэлерадыёкампаніі:

— Кожны мой дзень не абыходзіцца без Twіtter. Думаю, гэта ідэальны рэсурс, асабліва для журналіста. Самы галоўны аспект маёй працы як тэлекаментатара — заўсёды быць у курсе апошніх навін, прычым не толькі спецыялізаваных, і інтэрнэт дазваляе гэта рабіць. У Twіtter ёсць блогі вядучых сусветных спартыўных СМІ, інсайдарскіх крыніц, журналістаў, футбольных клубаў і саміх спартсменаў, з іх і складаецца мая стужка. Я люблю, калі людзі падыходзяць да вядзення мікраблога адказна і з фантазіяй, кожнае паведамленне суправаджаецца фотаздымкам, ёсць пэўны стыль. Заўважна, калі у аўтара ёсць пэўная канцэпцыя вядзення, яго твіты ты пазнаеш нават калі яшчэ не бачыш, хто іх напісаў.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.