Вы тут

Добрыя справы не заканчваюцца!


Дзякуючы прапанове Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і ўхваленні гэтай ініцыятывы кіраўніком дзяржавы мінулы год прайшоў у Беларусі як Год моладзі. Актывісты БРСМ актыўна ўключыліся ва ўвасабленне ў жыццё многіх мерапрыемстваў, скіраваных на падтрымку маладых талентаў, патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, аказанне дапамогі тым, хто мае ў ёй патрэбу.

Уся гэтая дзейнасць арганізацыі і яе актывістаў знаходзіла адлюстраванне на старонках найстарэйшага ў краіне штодзённага беларускамоўнага выдання — газеты «Звязда» і ў прыватнасці яе маладзёжнага дадатку «Чырвонка. Чырвоная змена». Акцыі БРСМ да 70-годдзя Перамогі, валанцёрства, студэнцкае жыццё і вучоба, дзейнасць студатрадаў, магчымасці працаўладкавання, будні маладых спецыялістаў, якія атрымалі сваё першае працоўнае месца, — вось далёка не поўны пералік тэм, якія рэгулярна і ўсебакова асвятляліся на старонках нашага выдання. Што і гаварыць, давялося папрацаваць, бо прайшоўшы Год моладзі сапраўды быў багатым на самыя розныя падзеі і мерапрыемствы.

Аднак тое, што ён скончыўся, зусім не азначае, быццам моладзь зараз сядзе і «складзе рукі»! Упэўнены, зададзены Годам моладзі настрой на добрыя справы дасць свой плён і сёлета, і мы таксама пачуем пра мноства новых пачынанняў актыўных юнакоў і дзяўчат. Таму «Чырвонка. Чырвоная змена» сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі вырашыла распачаць праект пад назвай «Скарбонка добрых спраў». Яго мэта — паказаць гэтыя самыя канкрэтныя справы і заахвоціць моладзь ва ўсіх рэгіёнах краіны да ўдзелу ў падобных мерапрыемствах. Добраўпарадкаванне тэрыторыі, валанцёрства, дапамога ветэранам, правядзенне рознага кшталту спаборніцтваў, акцый — гэта можа быць што заўгодна. Аб'ядноўваць іх будзе адно — жаданне зрабіць добрую справу, дапамагчы, падтрымаць іншых. І пра гэтыя справы моладзі мы плануем пісаць цягам года. Далучайцеся!

Куратары праекта Надзея НІКАЛАЕВА і Сяргей РАСОЛЬКА


Паказаць сябе і знайсці сяброў

Рэспубліканская дабрачынная акцыя «Калядная ёлка — нашы дзеці» сёлета праводзілася ўжо 22-гі раз. Штогод у Мінск з'язджаюцца хлопцы і дзяўчаты з пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС рэгіёнаў трох краін: Беларусі, Расіі і Украіны. Гэтым разам сустрэча, зладжаная Дэпартаментам па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і Беларускім фондам міру, аб'яднала 1 650 дзяцей і падлеткаў, сярод якіх было нямала выхаванцаў школ-інтэрнатаў і дзіцячых дамоў.

Адным з галоўных мерапрыемстваў «Каляднай ёлкі» стала наведванне дзецьмі мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора і ўдзел у святочнай літургіі разам з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Паўлам. Прыкладна паўтысячы хлопцаў і дзяўчат падарылі яму свае творчыя нумары. Уладыка ў адказ блаславіў удзельнікаў акцыі, павіншаваў іх са святам Нараджэння Хрыстова і ўручыў святочныя салодкія гасцінцы.

— У Беларусь на Каляды мы прыязджаем ужо не першы раз, — расказалі вакалісткі ўкраінскага ансамбля скрыпачоў «Віяліначкі» з Чарнігаўскай вобласці Вольга РУБЕЙ і Адэліна ЛАПАЧУК. — Сёлета прывезлі адразу некалькі кампазіцый: вядомую народную песню «Шчэдрык», якую выконваюць на Каляды, і папуры «Вяночак украінскіх песень». У Беларусі нам вельмі цікава: святочная атмасфера, такія гасцінныя людзі. Вельмі падабаецца ваша мова, яна падобная да нашай, але адначасова адметная. Летась падчас такой жа паездкі займелі тут шмат сяброў, падтрымліваем сувязь і цяпер праз сацыяльныя сеткі.

— Галоўная задача нашай акцыі — даць дзецям магчымасць рэалізаваць свой творчы патэнцыял, — адзначыла сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Вікторыя МЯНАНАВА. — Мерапрыемства стала добрай традыцыяй, ды і самім удзельнікам яно вельмі падабаецца — гэта выдатная магчымасць завесці новыя знаёмствы, пабываць у цікавых мясцінах. Многія загадзя рыхтуюцца да паездкі і ўжо ведаюць, з кім са старых сяброў змогуць зноў сустрэцца. Таму можна сказаць, што акцыя цягнецца круглы год.

lyskavets@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.