Вы тут

Салдат Паэзіі Керым Курбанняпесаў


У Беларусі з рабочым візітам знаходзіцца прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў. Беларусь і Туркменістан сёння актыўна развіваюць узаемаадносіны ў розных галінах. І нельга не сказаць, што такому характару дружбы спрыяюць даўнія цёплыя адносіны нашых народаў. Наш расповед — пра дружбу туркмена і беларуса ў ранейшым часе.


Неардынарнай асобай быў Ке­рым Кур­бан­ня­пе­саў.

Велічыня паэтычнага таленту Керыма Курбанняпесава — тая зорка, што яшчэ доўга будзе ўпрыгожваць бязмежную касмічную прастору. Плён творчасці такіх майстроў слова, як народны паэт Туркменістана, — гарантыя захаванасці ў вечнасці дзівоснай па сваіх яркіх фарбах і сваім глыбінным змесце туркменскай мовы. І, як на мой суб'ектыўны погляд, кожны штрых да памяці пра Паэта патрабуе захавання і перадачы нашчадкам. Прыйдзе час — і будзе вытканы галоўны дыван памяці пра Керыма Курбанняпесава. А пакуль я хачу распавесці толькі пра адзін фрагмент.

...Так ужо ў жыцці выдатнага чалавека і паэта атрымалася, што ў розныя яго гады гасцінны дом літаратара быў прытулкам беларускіх сяброў. І я, аўтар гэтых радкоў, вядома ж, удзячны лёсу за гады знаёмства, творчых зносін з Керымам Курбанняпесавым. Частым госцем у цудоўнага шахіра яшчэ раней быў і публіцыст, пісьменнік Мікалай Калінковіч. У пачатку 1980-х ён жыў і працаваў у Ашгабаце. Быў яшчэ адзін беларускі сябар паэта — ваенны журналіст Дзмітрый Песлякоў. У пачатку 1990-х я адшукаў яго ў Мінску і папрасіў расказаць пра сустрэчы з Керымам. Паэта да таго часу ўжо не было ў жывых. Памёр Керым-ага ў 1988-м... У сталым узросце знаходзіўся і палкоўнік у адстаўцы Дзмітрый Яфімавіч Песлякоў.

...Але вернемся да пачатку 1990-х, да нашай гутаркі з палкоўнікам Песляковым. Тады па нейкіх прычынах матэрыял так і не пабачыў свет. Але я не раблю ў даўнім запісе ніякіх правак. Тэкст быў знаёмы і майму суразмоўцу. І я перадаю змест невялікага інтэрв'ю цалкам, без зменаў. Тым больш што і рыхтаваўся матэрыял з разлікам на публікацыю не толькі ў Беларусі, але і ў адной з туркменскіх газет.


... — Дзмітрый Яфімавіч, як пазнаёміліся з Керымам Курбанняпесавым?

— Мінула з таго памятнага часу каля сарака гадоў. Але захавалася свежасць успрымання тых дзён. І, думаю, зусім не таму, што такая ўжо добрая памяць у мяне. Прычына, відаць, зусім у іншым.

Вельмі ўжо неардынарнай асобай быў Керым. Хоць чаму быў..? Такой асобай — яркай, адкрытай, — ён застаўся ў маёй памяці назаўсёды.

А тады... Тады стаяў гарачы ліпень 1957 года. Я служыў рэдактарам дывізіённай газеты «Советский воин». Друкарня, рэдакцыя знаходзіліся ў Ашгабаце. А воінскія часці былі раскіданыя і па іншых гарадах поўдня Туркменістана. Да таго часу я ўжо ведаў многіх прадстаўнікоў туркменскай творчай інтэлігенцыі.

Часта сустракаўся з Кара Сейтліевым, Берды Кербабаевым. Берды-ага жыў цераз дарогу ад рэдакцыі па вуліцы Хівалі Бабаева і часта наведваўся ў госці да ваенных журналістаў. У сваю чаргу і нас запрашаў да сябе дадому. Пасябраваў пісьменнік і з нашым камдывам, Героем Савецкага Саюза генерал-маёрам Тагірам Кусімавым, ураджэнцам Башкартастана.

Вельмі любіў Берды-ага чытаць салдацкія лісты ў рэдакцыю. Пісаў Кербабаеў і сам для салдацкай газеты. Хоць, здавалася б, хто нас, акрамя як у ваенным гарадку, чытае? Але прынясе артыкул, удакладніць, у якім нумары павінна выйсці. Абавязкова потым газету з публікацыяй папросіць. Вось такой была ўвага класіка туркменскай літаратуры да людзей у ваеннай форме. Такія ж цёплыя адносіны склаліся і з Кара Сейтліевым.

Берды-ага і Кара і пазнаёмілі мяне з Керымам Курбанняпесавым. Аднойчы раніцай прывялі яго ў рэдакцыю шматтыражкі. Мне здаецца, што нават памятаю словы старэйшыны туркменскага пісьменніцкага цэха: «Знаёмся... Гэта — Керым Курбанняпесаў, учарашні салдат, паэт, які падае вялікія надзеі». Тады я і даведаўся, што малады паэт працуе літкансультантам у Саюзе пісьменнікаў Туркменістана, што ён — ужо аўтар дзвюх паэтычных кніг.

З вялікай увагай ставіўся кла­сі­к турк­мен­скай лі­та­ра­ту­ры Берды Кербабаеў да лю­дзей у ва­ен­най фор­ме.

— Як часта Керым Курбанняпесаў бываў у гасцях у воінаў?

— Так здарылася, што неўзабаве штаб дывізіі, а разам з ім і рэдакцыю «дывізіёнкі», перавялі ў Кізыл-Арват. Здаецца, і шлях са сталіцы да нашага гарнізона не такі ўжо блізкі. Але Керым Курбанняпесаў прыязджаў у Кізыл-Арват літаральна кожны месяц. І часцей за ўсё з Кара Сейтліевым і літаратурным крытыкам Абдулой Мурадавым. Керым і яго сябры сустракаліся з асабовым саставам у самых розных часцях і падраздзяленнях, расказвалі пра развіццё туркменскай літаратуры, чыталі свае творы. Памятаю, якімі бурнымі апладысментамі дзякавала салдацкая аўдыторыя за чытанне Керымам урыўкаў з будучай паэмы «Дзед Таймаз». Кара Сейтліеў, ён жа тады быў міністрам культуры рэспублікі, заўсёды падкрэсліваў, што прывёз у Кізыл-Арват новыя вершы. Праз нейкі час мы пазнаёміліся першымі з главамі і новай паэмы Керыма Курбанняпесава...

— Вы ўспамінаеце «Дзеда Таймаза»... У галоўнага героя паэмы быў рэальны прататып...

— Аднойчы Керым угаварыў мяне наведацца ў калгас «Бальшавік», што непадалёк ад Геок-Тэпе. Не ведаю, на жаль, як цяпер называецца гэтае сельгаспрадпрыемства. У «Бальшавіку» паэт пазнаёміў мяне з Героем Савецкага Саюза Таганам Байрамдурдыевым. Прадставіў яго як чалавека, які паслужыў прататыпам дзеда Таймаза. І вось разгаварыліся мы з героем, угледзеліся адзін у аднаго — і высвятляецца, што мы знаёмыя яшчэ па жорсткіх баях пад Сталінградам! Байрамдурдыеў ваяваў кулямётчыкам, а я быў вайсковым разведчыкам. Вайну «дзед Таймаз» прайшоў ад Сталінграда да Эльбы. Зорку Героя атрымаў за баі ва Усходняй Прусіі. Вызначыўся пры фарсіраванні Одэра ў складзе 54-га гвардзейскага кавалерыйскага палка 14-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі.

Разам з Керымам і Кара Сейтліевым мы з нашым камдывам генералам Тагірам Кусімавым пабывалі ў Кара-Калінскім цэнтры субтрапічных раслін.

Тагір Таіпавіч быў унікальным чалавекам. Кавалер двух ордэнаў Леніна, ордэна Чырвонага Сцяга, двух ордэнаў Чырвонай Зоркі, ордэна Айчыннай вайны 1-й ступені. Звання Героя Савецкага Саюза быў удастоены за ўмелае камандаванне кавалерыйскім палком. Дарэчы, Днепр кавалерысты Кусімава фарсіравалі на Гомельшчыне. Прычым — двойчы. Вызвалялі Лоеўшчыну. Больш за 60 салдат і афіцэраў Башкірскай кавалерыйскай дывізіі былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза! Кусімаў скончыў дзве ваенныя акадэміі, быў чалавекам на дзіва дапытлівым. І, як мне здавалася тады, ім з Керымам Курбанняпесавым было цікава гутарыць. Можа, і тая акалічнасць дапамагала, што ў Туркменістан упершыню будучы генерал патрапіў яшчэ хлапчуком. У 1921 годзе, калі ў маладой Савецкай Расіі было голадна, бацька і сын Кусімавы накіраваліся ў хлебныя краі, пасвілі авечак у стэпах Казахстана, Туркменістана.

З той сустрэчы ў Кара-Кале, іншых паездак з Керымам па рэспубліцы я вынес такую дэталь, якая яскрава характарызуе яго як чалавека. Умеў Керым-ага (напэўна, і я ўжо ў тыя гады стаў да яго звяртацца «ага») здзіўляцца — і людзям, і прыродзе роднага краю. Імкнуўся заўсёды адкрыць для сябе нешта новае. Праяўляў дапытлівасць, ніколі не саромеўся задаваць пытанні. Зусім не баяўся выглядаць неадукаваным.

— Дзмітрый Яфімавіч, ведаю, што пасля Туркменістана вы служылі ва Узбекістане, у Ташкенце, у рэдакцыі легендарнай газеты «Фрунзевец»...

— Легендарнай — і для асэнсавання гісторыі беларускай літаратуры. Бо з газетай «Фрунзевец», рэдакцыя якой знаходзілася ў Ташкенце па вуліцы Сапёрнай, у гады Вялікай Айчыннай у эвакуацыі актыўна супрацоўнічаў народны паэт Беларусі Якуб Колас.

— А ўжо пасля вайны працавалі і супрацоўнічалі з газетай і многія іншыя беларускія літаратары: празаік Васіль Ткачоў, кінадраматург Алег Буркін... У «Фрунзевце» і мне давялося апублікаваць невялічкі артыкул пра Керыма Курбанняпесава. Зрэшты, у другой палове 1980-х пісаў для «Фрунзевца» і пра беларускіх пісьменнікаў — пра лёс паэта Сяргея Новіка-Пеюна, пра Алеся Адамовіча... Вы, калі жылі і працавалі ў Ташкенце, пра Туркменістан не забывалі?.. Ці працягвалі падтрымліваць адносіны з Керымам Курбанняпесавым у той перыяд?

— А як жа... І тады, калі быў у Ташкенце, і потым, калі служыў у Алматы. Керым быў з тых людзей, з якімі, калі пазнаёмішся аднойчы, дружбу не страціш. Ён прыцягваў да сябе. Упэўнены: нікому ён не быў дрэнным сябрам. З ім, заўважу, абыходзіліся па-рознаму і блізкія, здавалася б, таварышы. Ён жа заўсёды заставаўся Сябрам з вялікай літары.

Калі мяне перавялі ў «Фрунзевец», у рэдакцыю газеты Туркестанскай ваеннай акругі, то і тады я працягваў сустракацца з туркменскімі пісьменнікамі. У Ташкент Керым-ага прыязджаў і з Берды Кербабаевым, і з Кара Сейтліевым, і з іншымі калегамі-пісьменнікамі.

Праз нейкі час мяне прызначылі галоўным рэдактарам газеты Сярэднеазіяцкай ваеннай акругі «Боевое знамя». Давялося пераехаць у сталіцу Казахстана. І там, у Алматы, мы сустракаліся з Керымам. Аднойчы наша застольная гутарка праходзіла з удзелам маіх франтавых сяброў — казахстанскіх літаратараў, панфілаўцаў, між іншым: палкоўніка ў адстаўцы Дзмітрыя Снегіна і доктара філалагічных навук, Героя Савецкага Саюза Маліка Габдуліна. Дзмітрый Снегін тады рэдагаваў, калі не памыляюся, часопіс «Простор». Выдатны паэт, друкавацца ён пачаў яшчэ ў 1930-я гады. Фактычна з літаратуры пайшоў на вайну і з вайны вярнуўся ў літаратуру. Я вельмі палюбіў вершы франтавіка, які камандаваў артылерыяй у Панфілаўскай дывізіі... Трэба было бачыць, з якой цікавасцю распытваў Керым-ага і Маліка Габдуліна пра яго франтавое жыццё, творчую працу. Тады літаратуразнаўца ўзначальваў Алма-Ацінскі педагагічны інстытут, шмат друкаваўся. Керыма заўсёды акружалі цікавыя людзі. Пэўна, у дадатак да вялікага таленту, што падарылі паэту прырода, туркменскі народ, менавіта гэта ў значнай ступені сілкавала яго натхненне, дапамагала рабіць многія мастацкія адкрыцці.

* * *

...Час аддзяляе нас ад многіх памятных сустрэч. Але ёсць нейкае святло, што ідзе здалёк, прымушае сцвярджаць дабро, справядлівасць, прыгажосць. Да мяне такое святло прыходзіць, калі я ўспамінаю народнага паэта Туркменістана Керыма Курбанняпесава і палкоўніка, ваеннага журналіста Дзмітрыя Песлякова, чалавека, які лёсам сваім даказаў, што і ён — не чужы туркменскаму народу.

Максім ЛАДЫМЕРАЎ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.