Вы тут

Кожны рэжысёр хоча ведаць, дзе схавалася чайка


Калі ў першым акце мужчына страляе з ружжа ў жанчыну, то ў чацвёртым — жанчына страляе ў адказ. У пэўнай ступені перайначаная чэхаўская цытата можа быць ключом да «дэшыфроўкі» «Чайкі» ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра Гродзенскага абласнога тэатра лялек Алега Жугжды.


Чэхаўская «Чайка» — адзін з самых папулярных класічных твораў у сучаснай беларускай тэатральнай прасторы. З рэпертуару Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек не сыходзіць «Чайка. Вопыт прачытання» Аляксея Ляляўскага, дзе ролі Трэплева і Трыгорына, перакрыжоўваючы лёсы гадоў, выконвае адзін акцёр. Гісторыяй узаемаадносін маці і сына, Аркадзінай і Трэплева, з'яўляецца перад гледачамі «Чэхаў. Камедыя. Чайка» Іскандэра Сакаева ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры. Апакаліпсіс становіцца галоўным героем «Чайкі» Мікалая Пінігіна на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Чым жа адметная інтэрпрэтацыя Алега Жугжды? І чаму «Чайкі» сёння вылятаюць на тэатральныя сцэны адна за другой?

Спектакль Алега Жугжды пачынаецца пралогам, у якім актрысы пераўвасабляюцца ў птушак-чаек, а акцёры цэляцца і страляюць у іх з палак-ружжаў. Заканчваецца сцэнай з кіно: Ніна, нібыта на запаволенай кінастужцы, дастае рэвальвер і, збягаючы ад Канстанціна, страляе ў яго. Рука з рэвальверам — метафара. Рэжысёр сцвярджае не ўласцівую нашаму стэрэатыпнаму ўспрыманню вітальнасць чэхаўскіх герояў. Яны прагнуць жыцця. Аднак «сюжэт для невялікага апавядання» — прыйшоў чалавек, пабачыў іншага чалавека і ад няма чаго рабіць знішчыў — спрацоўвае па прынцыпе даміно: адна касцяшка, якая раптоўна звалілася, цягне за сабой іншыя.

Залежнасць аднаго чалавека ад другога, якая стала акцэнтам спектакля, перадаецца і ў судакрананні «жывога» і лялечнага планаў. Часам акцёры перадаюць сваю ляльку-блізнятку ў рукі партнёру, падкрэсліваючы залежнасць героя і волю лёсу. Галоўныя героі прымушаюць гледача напружана і марна чакаць. Ад Аркадзінай (Ларыса Мікуліч) — слабіны і сапраўднасці (але ж яна ніколі не была простай жанчынай, і няма чаго спадзявацца пабачыць яе такой. Нішто не «расколе» яе перад гледачамі). Ад Траплёва (Аляксандр Рацько) — праявы ўпадніцтва. Але Траплёў у Жугжды не хваравіты, неўраўнаважаны юнак, пра якога з першай сцэны зразумела: гэты з сабой абавязкова што-небудзь зробіць — а досыць амбітны малады чалавек, які для сябе самога цалкам змяняе збег абставін. Гэта пачынаеш заўважаць з першай дзеі, з размовы Сорына і Траплёва. Дарэчы, не спяшайцеся паправіць — для рэжысёра важны менавіта такі націск у прозвішчы героя: Траплёў. «Дачны тэатр Канстанціна Траплёва» — пазначае Жугжда ў праграмцы і тут жа, у спісе дзеючых асоб, пазбаўляе герояў любых імёнаў, пакідаючы толькі пэўныя архетыповыя звесткі: актрыса, малады чалавек, яе сын, яе брат і г.д. Рэжысёр скіроўвае гледача да думкі, што яго «Чайка» — гэта гісторыя мужчыны і жанчыны, чалавека і чалавека, у якой, аднак, дэталі ўсё ж маюць значэнне.

Шмат якія з гэтых дэталяў, што транслююць рэжысёрскае прачытанне п'есы, асабістыя стасункі Алега Жугжды з тэкстам, увасоблены ў ляльках (сцэнаграфія Ларысы Мікінай-Прабадзяк). Так, у сцэне, дзе Аркадзіна і Трыгорын высвятляюць адносіны, лялька-белетрыст ператвараецца ў вялізную рыбіну, якая вось-вось выслізне з рук актрысы. Аркадзіна ў гэтай мізансцэне прадстаўлена «жывым планам»: жанчына што ёсць моцы трымае слізкае і гнуткае шчасце ў сваіх руках. І вядома, утрымлівае, бо вопытныя рыбакі пачынаюць і перамагаюць. Ці, напрыклад, калі ў фінале на сцэне з'яўляецца чучала чайкі, глядач пазнае ў ім аблічча Ніны, у нечым карыкатурнае. І адказ на пытанне «А ці была Ніна напраўду таленавітай актрысай, жыццё якой спляжылі?» — відавочны.

Няма нічога больш нязменнага, чым часовае. Ад настрою спектакля патыхае курортнай лёгкасцю — дачны тэатр сцвярджае аднасезоннасць, імгненнасць сцэн. Дзеянне разгортваецца на драўлянай кладцы над берагам возера. На галовах акцёраў — канацье, над іх галовамі — некалькі экранаў з выявай чароту, які варушыць вецер. Падаецца, што расказаная гісторыя зляціць разам з ім за шырокую ваду ды густыя туманы. Адвечная песня ветру ў чароце. Яе слухаюць жанчыны, што запісаліся на семінар «Як пазбегнуць мужчынскіх здрадаў?». Яе слухаюць мужчыны, якія шмат чаго дасягнулі, а мараць толькі пра тое, як на выхадных забыцца пра бізнес ды выцягнуць з вады некалькі вялізных рыбінаў. Яе слухаюць і спяваюць усе, хто хацеў бы разабрацца ў сваім жыцці, дзе на першы погляд нічога не адбываецца.

Ну і калі ўжо пра песні, то «Чайка» Алега Жугжды — гэта як песня Земфіры: «Хочется быть... / Чайка летит. / Чайка, лети». Яе асаблівасці — іронія і жыццесцвярджальнасць. І калі першым цяжка здзівіць, бо Чэхаў ад пачатку вызначыў жанр п'есы як камедыю, то жыццесцвярджальнасць — гэта невідавочнае, але акурат тое, што цэліць у нас сённяшніх. Веганаў і сыраедаў. Ёгаў і бегуноў. І адначасова цэліць у нас адвечных — хочацца быць кімсьці і з кімсьці. Хаця і не ва ўсіх гэта атрымліваецца.

Хочацца быць. Чайка, ляці. Стрэл. Заслона.

Алена Мальчэўская

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.