Вы тут

Як валанцёры дораць цеплыню і ўсмешкі дзецям


Хто з нас хоць раз у дзяцінстве не ляжаў у бальніцы? Памятаеце, як было сумна і няўтульна, калі заставаліся адзін на адзін са сваёй хваробай, думкамі і хваляваннямі. Чарговая сустрэча "Клуба валанцёраў" аб’яднала аматараў дарыць дзеткам, якія вымушаныя знаходзіцца ў шпіталях, цеплыню і ўсмешку. Мела рацыю Маці Тэрэза, калі сцвярджала: "адзіны лек ад адзіноты, адчаю і безнадзейнасці – гэта любоў".


Бальнічныя клоўны даюць майстар-клас па майстэрству смяшыць.

Сустрэча валанцёраў "Таблеткі ў кветкі" падалася мне сапраўды ўнікальнай. Наўрад ці дзесьці ў адным месцы збіраюцца аквагрымёры, бальнічныя клоўны, псіхолагі і ілюзіяністы. Дзяўчаты-аквагрымёркі ахвотна і з незвычайным імпэтам расфарбавалі тварык дзяўчынкі і падзяліліся сакрэтамі свайго майстэрства. Бальнічныя клоуны з "Фані ноус" навучылі сакрэтнай тактыцы "як падарыць усмешку". Спецыялістка па твісцінгу – мастацтва мадэляваць фігуркі з шарыкаў – Наталля Букоўская навучыла рабіць "паветраных" кветачак і сабачак. Ілюзіяніст Віталь Паўлаградскі расказаў і паказаў, як правільна "фокуснічаць". Псіхолаг Ірына Шмат, дырэктар сацыяльнага цэнтра "Шчаслівы малыш", выкладчык педагогікі школы сямейнага жыцця, пазнаёміла з псіхалагічнымі прыёмамі кантактавання з хворымі дзеткамі.

– Тры гады таму знаёмы валанцёр запрасіў мяне да сябе ў арганізацыю пры Кафедральным саборы, – апавядае сваю гісторыю Наталля Букоўская. – Там я ўпершыню пачула пра твісцінг. Адразу захапілася, бо ўбачыла штосьці новае для сябе. Першы раз я зрабіла тры сабачкі і две кветачкі, выйшла на вуліцу і пачала дарыць мінакам. Людзі былі вельмі ўдзячныя. Яшчэ я з’яўляюся бальнічным клоўнам, таму мне карысна ўмець штосьці асаблівае, чымсьці здзіўляць дзетак у бальніцы. Мы прыходзім туды, каб нейкім чынам адцягнуць іх ад сумных думак.

Што будзем рабіць: кветачку ці сабачку?

Ініцыятыва "Таблеткак у кветкі" зыходзіла ад дзвюх вопытных валанцёрак, арганізатарак "Клуба валанцёраў" Вольгі Севярынец і Вікторыі Чаплевай. Вольга некалькі год таму скончыла філфак БДУ. Валанцёрствам захапілася, калі была на другім курсе. "Убачыла абвестку аб зборы сродкаў на падарункі для дзетаў з прытулкаў і праз гэта далучылася да невялікага валанцёрскага руху св. Мікалая, – распавядае дзяўчына. – Валанцёр не выбірае, каму дапамагаць. Калі шмат год займаешся дабрачыннасцю, гэта становіцца хутчэй асэнсаваным вырашэннем, а не парывам пачуццяў".

Першая сустрэча "Клуба валанцёраў" адбылася яшчэ ў красавіку і прысвячалася дапамозе дзеткам з прытулкаў. На дзіва, да актывістаў падцягнулася шмат людзей з розных арганізацый. "Тады мы зразумелі, – тлумачыць Вікторыя Чаплева, – што ў нашай краіне няма пляцоўкі для павышэння кваліфікацыі і самаўдасканалення ахвотнікаў дапамагаць. Напрыклад, у Польшчы ёсць курсы па дапамозе малым, па працы з састарэлымі. У Беларусі валанцёрства існуе толькі на інтуітыўным узроўні. Так узнікла ідэя зрабіць тое, што аб’яднае ўсіх валанцёраў і навучыць іх чамусьці карыснаму".

Аквагрымёры папрацавалі...

– Часцяком валанцёры "выгараюць", стамляюцца, не бачаць вынікаў сваёй працы, – працягвае Вікторыя. – Калі прыходзіш на сумесныя сустрэчы, то бачыш, што ты не адзін, што шмат людзей могуць падтрымаць тваю ініцыятыву. Мы заўважылі цікавую рэч – розныя арганізацыі з цяжкасцю ідуць на кантакт адна з адной. Напрыканцы першай сустрэчы падыходзілі людзі і казалі, маўляў, мы варымся ў сваім соку і не заўважаем, што адбываецца вакол. Такія сходкі – выдатная магчымасць завязаць новыя кантакты.

Клуб дапамагае не толькі хворым дзеткам. Валанцёры таксама ладзяць сустрэчы з "цяжкімі" падлеткамі, людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, састарэлымі. Як правіла, ім усім не хапае ўвагі і жывой гутаркі, таму гэта лепшая дапамога. Працягнуць кветачку цеплыні і чалавечнасці мае магчымасць кожны.

Вераніка УЛАСЕВІЧ

veronika.ulasevich@mail.ru

Фота Кацярыны СЯРГЕЙ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.