Вы тут

Калі лепш аддаць дзіця ў школу?


У рэдакцыю прыйшоў ліст з цікавым пытаннем. Бацькі аддалі дачку ў першы клас вельмі рана, ледзьве ёй споўнілася пяць гадоў. Маўляў, разумненькая, хай вучыцца. Цяпер дзяўчынка ў трэцім класе, але зусім не хоча хадзіць у школу, вучыцца дрэнна, урокі садзіцца рабіць толькі з-пад палкі. Мама ў роспачы, усе метады пераспрабавала: і па-добраму прасіла-тлумачыла, і крычала, і пужала, што ў дзіцячы дом аддасць, казала, што, калі дачка вырасце, будзе дворнікам працаваць, бо нікуды больш не возьмуць з такімі адзнакамі. Нічога не дапамагае... Як быць бацькам? Што ім можна зрабіць, каб павысіць матывацыю дачкі да вучобы? І што не варта казаць, каб не пагоршыць сітуацыю?


Пракаментаваць гэты няпросты выпадак мы папрасілі дзіцячага і сямейнага псіхолага Таццяну Шаранда. Паводле яе слоў, для дзіцяці аднолькава шкоднае як спазненне ў развіцці, так і апераджэнне. «Справа ў тым, што для кожнага ўзросту характэрна развіццё той ці іншай псіхічнай або маторнай функцыі. Так задумана прыродай — усяму свой час. Навязанае ж ранняе развіццё дзіцяці адымае магчымасць правільнага развіцця той функцыі, якая ў гэты перыяд павінна актыўна развівацца. У выніку наступае так званы эфект, які ў прынцыпе і апісаны мамай.

На жаль, у дадзеным выпадку бацькі трапілі ў пастку памылковага грамадскага меркавання: маўляў, чым раней дзіця пойдзе ў школу, тым хутчэй яно пачне развівацца і плённа вучыцца. Але насамрэч гэта далёка не так.

Як правіла, у пяць гадоў у дашкольнікаў рука не гатовая да пісьма, нервовая сістэма не саспела да той ступені, каб утрымліваць канцэнтрацыю ўвагі на працягу 45 хвілін, таму дзіцяці цяжка, яно стамляецца, і гэта прымушае яго
думаць, што вучоба — непасільны і непрыемны працэс. Такая ўстаноўка замацоўваецца ў дзіцячай свядомасці і адбівае жаданне вучыцца ў будучыні.

У апісаным выпадку дзяўчынка вучыцца не з аднагодкамі, і, магчыма, праявілася складанасць у камунікацыях. Выбудоўваць  узаемаадносіны, правільна ўзаемадзейнічаць, адстойваць сваю пазіцыю дашкольнікі вучацца праз гульню.

А ў дзяўчынкі гэты перыяд быў скарочаны. Хутчэй за ўсё, яна недагуляла, недаатрымала нейкія эмоцыі.

Звычайна толькі бліжэй да 7 гадоў у дзетак з’яўляецца патрэба змяніць гульнявую дзейнасць на вучэбную, бо гульня перастае быць для іх найлепшай крыніцай развіцця.

...Часта, калі дзіця не спраўляецца са школьнымі патрабаваннямі, многія мамы адчуваюць сябе расчараванымі і падманутымі ў сваіх чаканнях. На дзіцячую галаву абрушваецца град папрокаў: няўседлівы, не стараешся... У дзіцяці можа скласціся ўражанне, што яго перасталі любіць.

То-бок не зусім перасталі. Але калі раней любілі безумоўна, проста за тое, што яно ёсць, то цяпер любоў патрэбна заслужыць. Якія б 
адзнакі дзіця ні атрымлівала, як бы ні засмучалі вас яго двойкі, яно павінна быць на сто працэнтаў упэўненым: вы яго любіце любым, школа абсалютна нічога не змяніла ў вашым да яго стаўленні.

Калі ў дзіцяці не ладзіцца з вучобай, пастарайцеся ўстрымацца ад натацый. Не крычыце, не абвінавачвайце, не крытыкуйце, не пагражайце, не запалохвайце, не параўноўвайце з іншымі дзецьмі, а проста сядзьце і паразмаўляйце. Спытайце, што не атрымліваецца. Прапануйце дапамогу. Скажыце дзіцяці, што будзеце яго любіць і падтрымліваць у любым выпадку, раскажыце пра свае няўдачы ў школе.

«Не будзеш вучыцца — станеш дворнікам» — гаварыць гэта дзіцяці ў сем-восем гадоў неэфектыўна. Пакуль у дзяўчынкі яшчэ не выбудавана прычынна-выніковая сувязь: калі яна дрэнна вучыцца, будзе дрэнная работа, будзе мала грошай. Таму гэта ўпустую выказаныя словы.

Пужаць дзіцячым домам — значыць чарговы раз падкрэсліваць умоўнасць сваёй любові да дачкі.

Іншымі словамі, будзеш добрай дзяўчынкай, будзеш адпавядаць маім чаканнем — значыць, буду любіць. У прынцыпе гэта стварае моцны штуршок да развіцця трывожнасці, няўпэўненасці і да неўрозу з наступным псіхасаматычным захворваннем. Гадоў дзесяць таму да мяне на прыём прыйшла мама, настаўніца матэматыкі, і прывяла сваю 8-гадовую дачку з цяжкай формай нервовых цікаў. Жанчына хацела паказаць, што яе дзіця ўжо валодае алгарытмамі і дыферэнцыяламі. Дзяўчынка, як алавяны салдацік, па просьбе мамы адчаканіла ўсё, што ведае. А потым... упала на падлогу ў жудаснай істэрыцы.

Тое, што адбылося, — вынік маміных праблем, трывог, імкнення рэалізавацца праз дзіця. Але далёка не ўсе жанчыны ў стане гэта прызнаць. Многія мамы адразу ж хочуць «адрамантаваць» дзіця, вядуць яго да псіхолага. Але я цвёрда пераканана, што ў першую чаргу самой маме варта пахадзіць да псіхолага, каб зразумець, як правільна выбудоўваць адносіны з дзіцем.

Акрамя таго, раю павялічыць колькасць фізічна актыўных гульняў. Цудоўна, калі яны будуць праходзіць на свежым паветры. А калі яшчэ і з аднагодкамі — гэта прынясе дзяўчынцы двайную карысць. Вельмі добра знайсці такі цікавы занятак, дзе дзіця пераключалася б, здымала напружанне, трывогу. Раю бацькам збірацца ўсёй сям’ёй і гуляць у настольныя гульні. Гэта выдатны спосаб развіць у дзіцяці навык працаваць па вызначаных правілах, такі неабходны любому школьніку.

Прычын нежадання хадзіць у школу і вучыцца можа быць шмат: канфлікты з аднакласнікамі, настаўнікамі, занадта высокая нагрузка. Паспрабуйце зразумець, чым выкліканы ваш выпадак. Падумайце, можа, варта перагледзець распарадак дня, адмяніць дадатковыя гурткі пасля ўрокаў. Няхай дзіця лепш адпачне, пагуляе ў двары. Магчыма, дзяўчынка недаатрымлівае ўвагу бацькоў і хоча прыцягнуць іх увагу непаспяховасцю, бо проста не ведае іншага дзейснага спосабу. Праводзьце з дачкой больш часу, шчыра цікаўцеся яе жыццём. Заўсёды можна знайсці, за што пахваліць дзіця. Рабіце гэта часцей.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.