Знаёмішся з чарговай кнігай «Проза политики» аўтабіяграфічнага рамана народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца «Трудные дороги жизни», які выпускае Выдавецкі дом «Звязда», і ўспамінаеш вядомы выраз Мікалая Някрасава: «Поэтом можешь ты не быть, но гражданином быть обязан». Вядома, Мікалай Іванавіч — не паэт, але гэтае выказванне, што стала класічным, нагадвае пра вялікую ролю ў жыцці грамадства не толькі носьбіта паэтычных муз, але і любога творцы, незалежнага ад таго, якому віду мастацтва ён аддае перавагу. Не кожны можа быць паэтам, але любы чалавек, незалежна ад сваёй прафесіі, павінен быць па-грамадзянску адказным за лёс сваёй краіны. Ступень таленту пры гэтым нават не столькі важная. Галоўнае — усведамленне, што зямля, на якой ты жывеш, толькі твая. Павінен рабіць усё, залежнае ад цябе, каб яна квітнела і ніхто не пасягаў на яе. Калі ж ты дасягнуў важных вышынь у сваім жыцці, павінны быць адказны не толькі за сябе, але і за іншых людзей.