Вы тут

БАТЭ вяртае лідарства


У выхадныя адбылася знакавая падзея ў айчынным першынстве па футболе. Барысаўскі БАТЭ перамог салігорскі «Шахцёр», галоўнага канкурэнта за залатыя ўзнагароды, і пасля доўгага перапынку зноў вярнуўся на першае месца чэмпіянату. Пра гэта і іншае чытайце ў спартыўным аглядзе «Звязды».

1379972129637_24-22

1.Бітва футбольных волатаў краіны. Менавіта так можна было назваць рандэву барысаўскага БАТЭ і салігорскага «Шахцёра». Каманды Віктара Ганчарэнкі і Уладзіміра Журавеля апошнія гады дыктуюць моду ў беларускім футболе. Балельшчыкі з цікавасцю чакалі гэтай сустрэчы, але сапраўднай «бойкі» не адбылося. Чэмпіёны ўпэўнена перайгралі гарнякоў (3:0) і зноў трапілі на першы радок турнірнай табліцы. «Мы ўсцешаны, што выйшлі на першае месца, — зазначыў пасля сустрэчы Віктар Ганчарэнка. — У нас нарэшце атрымалася абысці «гарнякоў». Лік 3:0 — важкая перавага. Каманда нашага класа ўмее даводзіць падобныя сітуацыі да пераможнага канца». Адзначым і іншыя вынікі 24-га тура: «Нёман» у Гродне саступіў мінскаму «Дынама» (0:1), «Тарпеда» з Жодзіна на хатняй арэне перамагло «Гомель» (2:1), мазырская «Славія» была лепшая за «Дняпро» (2:1), «Белшына» ў Бабруйску не пакінула шанцаў «Мінску» (3:1), а «Нафтан» прайграў брэсцкім дынамаўцам (1:3). Цікава, што гэтую перамогу «Дынама» атрымала ўжо з новым трэнерам. Клуб з берагоў Буга скасаваў кантрактную дамову з Уладзімірам Курневам. Выконваць абавязкі галоўнага трэнера даручана карэннаму брастаўчаніну Андрэю Пракапюку

. Цікавыя вынікі, між іншым, аматарам спорту падкідвае не толькі вышэйшая ліга, але і першая. На лідзіруючых пазіцыях там «Слуцк» і «Гарадзея» — дасведчаныя каманды, якія з'яўляюцца асноўнымі прэтэндэнтамі на павышэнне. І кожны згублены імі бал падобны сенсацыі, выклікае супярэчлівыя эмоцыі. А чарговы тур якраз прынёс адзін з самых нечаканых вынікаў першынства: клуб «Смалявічы СТІ» на сваім полі перамог «Гарадзею» з хакейным лікам 4:0 і даказаў, што сапраўдны футбол жыве не толькі ў вялікіх гарадах! Адметна, што галявым дублем у гэтай сустрэчы адзначыўся былы футбаліст зборнай Беларусі Алег Страхановіч.

2. Мінскае «Дынама» ў Кантынентальнай хакейнай лізе атрымала ў сёлетнім сезоне ўжо 7-е паражэнне. На гэты раз «зубры» ў гасцях саступілі яраслаўскаму «Лакаматыву» (1:4). Адзінай шайбай у складзе сталічнай каманды вызначыўся Аляксей Калюжны.

3. На кантынентальным першынстве па валейболе, які праходзіць у Даніі і Польшчы, наша мужчынская зборная саступіла ў трох матчах групы «А» і не трапіла ў раўнд плэй-оф. Спачатку беларусы прайгралі бельгіцам (0:3), пасля — італьянцам (1:3), а ў апошняй сустрэчы ў напружаным супрацьстаянні яны саступілі зборнай Даніі (2:3).

4. На жаль, гандбольны клуб «Дынама» (Мінск) прайграў у першым матчы сёлетняга розыгрышу Лігі чэмпіёнаў. У апанентах «Дынама» быў французскі ПСЖ, які лічыцца самай багатай камандай свету. Цягацца на роўных з калектывам, за які гуляе ледзь не ўся зборная планеты, пакуль складана. 34:30 — менавіта з такім лікам беларускі чэмпіён саступіў французам. Ужо заўтра падапечныя Барыса Дэніча правядуць другі матч турніру. У другім туры Лігі чэмпіёнаў беларусы на паркеце Палаца спорту прымуць македонскі «Вардар». Пачатак гульні ў 19:00.

5. І напрыканцы яшчэ раз пра футбол. У Гродне завяршыліся рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па футболе «Скураны мяч» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Першае месца ў турніры заняла каманда «Нёман», якая прадстаўляла Шчучынскі раён. У галоўным матчы хлопцы з Гродзенскай вобласці перамаглі Бярэзіну» (Барысаўскі раён) 2:1.

Падрыхтаваў Тарас ШЧЫРЫ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.