Вы тут

Пакажыце дзецям піраміды!


Існуе міф, што падарожнічаць з дзецьмі — не лепшая ідэя: яны могуць захварэць, будуць надакучваць бацькам і не дадуць ім накупацца ў моры, ды і, маўляў, малечы ўвогуле не да далёкіх паездак. Аднак гэта не так: тое ж мора ўзмацняе імунную сістэму, ды і пакупацца можна разам.

Зарына Бабко, маці дзвюх малалетніх дочак і журналіст сямейнага экагіда «Яблык ад яблыні», паставіла перад сабой мэту развянчаць усе «міфы», якія заклікаюць адмаўляцца ад сумесных паездак з дзецьмі. Сёлета яна з сям'ёй пабывала на трох морах, і прывезлі яны з сабой толькі прыемныя ўражанні.

Напэўна, самая галоўная боязь — гэта страх, што дзіця захварэе. «Проста ўспомніце пра страхавы поліс, — раіць маці-падарожніца. — Урэшце, захварэць яны могуць і дома».

Амаль усюды малыя да двухгадовага ўзросту могуць ездзіць бясплатна — гэта тычыцца авіябілетаў, пражывання ў атэлі (маленькі ложак для немаўляці ў пакой ставяць бясплатна)... Але калі вы падарожнічаеце з больш дарослымі дзецьмі, тады прыйдзецца набываць усё «па поўнай праграме». Тым не менш тут можна сэканоміць: чым купляць у турыстычнай фірме паездку, дзе «ўсё ўключана», паспрабуйце самі сабе стаць тураператарам. «Даведайцеся больш пра саму краіну, пра цэны там, а самастойна забраніраваць нумары ў атэлі — не такая ўжо і цяжкая справа», — дзеліцца вопытам Зарына Бабко.

Зноў жа, толькі на першы позірк можа падацца, што маленькаму дзіцяці не цікавыя новыя гарады і краіны. Наадварот, малеча добра запамінае ўсё новае, калі бачыць гэта на ўласныя вочы — напрыклад, аповеды пра піраміды і вярблюдаў каля гэтых самых пірамід і вярблюдаў. Пагадзіцеся, ёсць розніца паміж тым самым, але расказаным на ўроках. Да таго ж у дзіцячым узросце лёгка запамінаюцца не толькі розныя гісторыі і факты, але і іншамоўныя словы. Таму падчас падарожжаў дзіця можа заадно і мову папрактыкаваць.

«Але што сапраўды будзе ледзь не сапраўдным «катаваннем» для карапуза, — як запэўнівае Зарына, — дык гэта прагулкі па музеях і карцінных галерэях». Тут можна пайсці на кампраміс — выбраць музеі, дзе шмат цікавых інсталяцый, да якіх можна дакрануцца (напрыклад, музей-тэатр Сальвадора Далі ў Фігерасе, Іспанія), спецыяльныя дзіцячыя музеі, паспрабаваць правесці для малых уласную экскурсію — так і ў саміх бацькоў будзе магчымасць паглядзець на шэдэўр з іншага боку.

Адзін з самых распаўсюджаных страхаў, з-за якіх малыя застаюцца дома, — пагроза, што дзіця можа згубіцца ў чужой краіне. Напрыклад, на пляжы, дзе шмат людзей, або ў атэлі... Маладая маці-падарожніца прызналася, што такія страхі ёсць і ў яе, але з мужам яны заўсёды дамаўляюцца, што калі, напрыклад, мама купаецца, то тата — «за няньку». А яшчэ на пляжах часта можна сустрэць такія ж сем'і з малымі дзецьмі. Тады з імі можна пасябраваць і хадзіць купацца па чарзе.

Зарына Бабко не толькі падарожнічае з малымі, але і піша на гэтую тэму ва ўласным блогу, праводзіць майстар-класы. Адзін з іх я наведала. Што цікава, наведвальнікі заўсёды дзеляцца і сваім вопытам ад падарожжаў з дзецьмі.

Так, Наталля Краўчук, маці траіх дзяцей, ездзіла з імі адпачываць у Румынію ў саляныя пячоры. Набываць тур было б дорага, таму жанчына знайшла ў інтэрнэце танны двухзоркавы атэль і забраніравала там нумар. «Паколькі жыць мы павінны былі там некалькі тыдняў, то некаторую працу малыя пачалі выконваць самастойна. У атэлі не было пральнай машыны, таму, напрыклад, свае шкарпэткі яны мылі самі. Калі сям'я вярнулася дадому, дзеці не забылі пра тое, чаму навучыліся».

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.