Вы тут

Незаконная міграцыя — транснацыянальная з'ява


Праблема нелегальных мігрантаў, якая ахапіла Еўропу, Беларусь амаль не закранула. Аднак, як лічыць Жан Іў Бушардзі, прадстаўнік кіраўніцтва Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі, усё можа змяніцца вокамгненна, і трэба быць гатовымі да масавага прытоку мігрантаў.

Як паведамілі «Звяздзе» ў Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў, за 2015 год праваахоўнікам удалося затрымаць 21 групу незаконных мігрантаў, колькасцю 84 чалавекі. За 2014 год — 11 груп (44 мігранты). У параўнанні з адпаведным тэрмінам пазамінулага года гэты паказчык павялічыўся ўдвая.


— Для Беларусі нелегальныя мігранты — гэта таксама праблема, — кажа Дзмітрый Савельеў, намеснік кіраўніка аддзела Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. — Іх затрымліваюць пастаянна. Робяць гэта і інспектары ДАІ на дарозе, і супрацоўнікі міграцыйнай службы падчас рэйдаў, і нават супрацоўнікі АМАПа, якія ў падазронай асобы могуць проста праверыць дакументы. Справа ў тым, што наша краіна займае транзітнае становішча паміж Расіяй і Еўропай. Замежнікі без перашкод атрымліваюць расійскую візу і шукаюць лепшага жыцця ў Еўрасаюзе. Пераважна гэта выхадцы з Блізкага Усходу і краін Паўднёва-Усходняй Азіі: Пакістана, В'етнама, Бангладэша, Індыі, Сірыі. А ёсць яшчэ тыя іншаземцы, што прыязджаюць да нас вучыцца і нейкім спосабам пасля спрабуюць легалізавацца ў Беларусі.

— Якім шляхам большасць з іх трапляе ў нашу краіну?

— Калі гаворка ідзе пра транзітную міграцыю, яны на аўтамабілях, мікрааўтобусах перасякаюць мяжу Беларусі і Расіі ў суправаджэнні некалькіх машын. Праязджаюць усю тэрыторыю Беларусі, і на мяжы з Еўрасаюзам іх сустракаюць праваднікі — мясцовыя жыхары, якія ў той ці іншай ступені звязаны з незаконным перамяшчэннем праз мяжу кантрабанды.

— Хто найчасцей дапамагае ім перайсці мяжу?

— Апошнім часам гэта робяць каўказцы, за што атрымліваюць буйныя сумы грошай. Паводле розных паказанняў затрыманых мігрантаў, яны даходзяць да 10 тысяч долараў з чалавека. І едуць нелегалы не толькі ў Польшчу, але і ў Латвію і Літву. Дзе з'яўляецца магчымасць перайсці мяжу, туды яны і лезуць. А на тым баку іх ужо чакаюць, сустракаюць. Сёння незаконная міграцыя стала транснацыянальнай з'явай. Колькі гадоў таму мы затрымалі групу афганцаў, якія прыехалі да нас з Расіі. Як высветлілася, іх гісторыя з праваднікамі пачыналася яшчэ ў Афганістане, пасля працягнулася ў Таджыкістане, потым іх пераправілі ва Узбекістан і пасля таго, як перасяклі яшчэ некалькі краін, яны апынуліся ў Беларусі.

— Выпадкі, калі азіяты выбіралі менавіта нашу краіну месцам сталага жыхарства, рэдкія?

— Чаму ж? Ёсць і такія. Каб узаконіць сваё пражыванне ў Беларусі, людзі за матэрыяльную ўзнагароду заключаюць фіктыўныя шлюбы. Гэта дае ім магчымасць атрымаць у нас дазвол на пражыванне. І калі замежнік стварае сям'ю, яму даюць від на жыхарства. Наша падраздзяленне сумесна з Дэпартаментам па грамадзянстве і міграцыі імкнецца падобныя шлюбы выяўляць. Крымінальнай адказнасці за іх у нас няма, але, калі ёсць арганізатар фіктыўных шлюбаў, можна гаварыць аб прыкметах незаконнай міграцыі. І падобныя выпадкі былі. Адзін в'етнамец у Беларусь прыехаў даўно, абзавёўся сям'ёй, і многія суайчыннікі звярталіся да яго, каб пераехаць жыць у нашу краіну. Ён за грошы шукаў ім жонак, а жанчынам — мужоў. Іх працаўладкоўвалі, пасля жанілі, і яны заставаліся ў нашай краіне.

— Мне падаецца, пазалеташні чэмпіянат свету па хакеі падкінуў вам дадатковых праблем...

— Так, напрыклад, падчас спаборніцтваў пад відам наведвання хакейных паядынкаў паявіўся прадпрымальны нігерыец і прывёз з сабой... 23 суайчыннікі (падчас спаборніцтваў замежныя ўладальнікі квіткоў маглі патрапіць на тэрыторыю нашай краіны без віз. — Аўт.). Яны, безумоўна, паказвалі білеты, казалі, што з'яўляюцца ўдзельнікамі бізнес-форуму, што таксама адбываўся ў Мінску. Час ад часу нават наведвалі хакей, але, калі тэрмін дзеяння іх рэгістрацыі скончыўся, яны павінны былі пакінуць Беларусь. Частка з іх тут засталася. Былі складзены адміністрацыйныя пратаколы, іх змясцілі ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, бо не было нават сродкаў на пражыванне і харчаванне. Як высветлілася пазней, яны спрабавалі праз Беларусь трапіць у Еўропу. Аператыўныя мерапрыемствы пацвердзілі, што гэта быў канал міграцыі, аднак у Следчым камітэце палічылі, што злачынных дзеянняў не было. Іх дэпартавалі з краіны і забаранілі ўезд на 5 гадоў.

— Аляксей Бягун, начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС, нядаўна прызнаўся, што Сірыя, якая знаходзіцца ў эпіцэнтры баявых дзеянняў на Блізкім Усходзе, займае другое месца па колькасці хадайніцтваў на атрыманне статусу бежанца ў Беларусі.

— Нелегалы з Сірыі ехалі і едуць у Беларусь. Што цікава, нават сярод легальных мігрантаў шмат тых, хто спрабуе сваім суайчыннікам за вялікія грошы дапамагчы незаконна перабрацца ў нашу краіну ці ў Еўропу. Некаторыя іх падманваюць. Грамадзянін Сірыі доўгі час жыў у Брэсце. Мае жонку, дзяцей. Займаўся гандлем — прадаваў тканіну на некалькіх рынках. Праўда, пасля ён вырашыў, што гандляваць тканінай, па-першае, нявыгадна, а, па-другое, трэба ж аплачваць падаткі, арэнду... А навошта гэта рабіць, калі можна сваім суайчыннікам дапамагаць пераязджаць у краіны Еўрасаюза? Па сапраўдных візах яны прыбывалі ў Расію, пасля ехалі ў Брэст. Іх, безумоўна, заўважалі. І мытнікі, і супрацоўнікі праваахоўных органаў часта запрашалі яго як перакладчыка. Ён ведаў многія нюансы, людзі па яго парадзе ішлі ў міграцыйныя органы, заяўлялі, што яны нелегалы і жадаюць атрымаць беларускую выязную візу, каб пасля законна трапіць у Польшчу. Ім яе рабілі, аб'яўлялі аб дэпартацыі, выклікалі гэтага перакладчыка. А той іх саджаў на цягнік да Цярэспаля, і пры сустрэчы з польскімі памежнікамі яны заяўлялі аб тым, што бежанцы. Большасць з іх прымалі, а пасля гэтаму сірыйскаму брастаўчаніну з-за мяжы прыходзілі значныя сумы грошай.

— І як вы яго затрымалі?

— А ён не дамовіўся па цане з апошняй групай, якая прыехала ў Беларусь. Яго падвяла сквапнасць. Ім здалося, што ён іх падманвае, і яны з ім пасварыліся. Камеры відэаназірання гэта зафіксавалі. Іх затрымалі, супраць яго далі паказанні. Агулам у Еўрасаюз ён перавёз 7-8 груп нелегальных мігрантаў.

— Якая верагоднасць таго, што сярод сірыйскіх нелегалаў могуць быць удзельнікі былых бандфарміраванняў?

— Вядомыя байцы «Ісламскай дзяржавы», якія ваююць на тэрыторыі Сірыі, знаходзяцца на кантролі ў нашым КДБ і ў памежнікаў. Усе ведамствы паміж сабой узаемадзейнічаюць. І я не скажу, што ў Беларусі выяўлена шмат падобных фактаў. Усяго затрымалі некалькі чалавек, якія знаходзіліся пераважна ў вышуку ў Расіі. Іх экстрадзіравалі.

taras@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.