Вы тут

Яшчэ раз пра адрозненні паміж дыетамі і пошук «той, што трэба»


Адзін расійска-шведскі кінапрадзюсар дзеліцца ў СМІ сваім вопытам пахудзення і пераадолення любові да выпечкі з дэсертамі. Маўляў, дзякуй шведскай нізкавугляводнай і высокатлушчавай дыеце LCHF (ад англ. low carb hіgh fat). Вугляводы ў ёй абмяжоўваюцца да 10-50 г у дзень, бялкі — да 100 г, а асноўныя калорыі арганізм атрымлівае з тлушчаў. Як вынік — мужчына страціў 15 кг (у 2013 годзе яго вага складала 107,5 кг).


Праверыўшы метад на сабе, стваральнік кампаніі па продажы фільмаў і тэлепраграм у Расію і краіны СНД вырашыў папулярызаваць яго — заснаваў спецыяльны інтэрнэт-праект, выдаў шведскі бестселер «Рэвалюцыя ў ежы...». Па яго словах, галоўная перавага LCHF — працяглае насычэнне і выдатная працаздольнасць.

Адначасова не забыўся прадзюсар і на заняткі спортам — 4-5 разоў на тыдні спартзала, пляжны валейбол, веласпорт і іншае...

Што сказаць? Шэраг спецыялістаў-дыетолагаў у нашай краіне не жадаюць ужо нават штосьці такое каментаваць. Маўляў, ну як можна зноў і зноў рэагаваць на глупства? Колькі можна перажоўваць тое, што любыя так званыя дыеты — гэта ўсяго толькі чарговы рэкламны ход чарговага «спецыяліста»/памочніка «спецыяліста», які жадае на гэтым зарабіць? Тым не менш паспрабуем пакапацца у тэме, каб узброіць сябе некаторымі аргументамі і фактамі.

Тлумачыць вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі медыцынскіх інфармацыйных тэхналогій Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія» Ігар КАЗЛОЎ:

— Лішак масы цела і атлусценне з'яўляюцца адной з самых актуальных медыка-сацыяльных праблем сучаснасці. Гэта значны фактар рызыкі сардэчна-сасудзістай паталогіі, цукровага дыябету і шэрагу іншых захворванняў і сіндромаў. Найбольш прымальным метадам барацьбы з атлусценнем з'яўляецца абмежаванне каларыйнасці рацыёну.

У свеце сёння налічваецца каля 15 тысяч разнавіднасцяў дыет для зніжэння вагі. Агульнымі прынцыпамі гэтых дыет з'яўляецца абмежаванне агульнай каларыйнасці ежы за кошт зніжэння спажывання тлушчаў і вугляводаў пры захаванні неабходнай дозы сутачнага спажывання бялку. Адрозненні заключаюцца ў ступені абмежавання каларыйнасці і прыярытэтнасці абмежавання тлушчаў і вугляводаў або іх збалансаваным абмежаванні.

«шведская» дыета — чарговая разнавіднасць дыеты з рэзкім абмежаваннем вугляводаў без істотнага абмежавання тлушчаў. Такая ж, як і дыеты Аткінса, Дзюкана, «крамлёўская» і многія іншыя. З пункту гледжання энергетычнага забеспячэння метабалізму — гэта так званыя кетагенныя дыеты, калі патрэба клетак і тканак у арганізме забяспечваецца не за кошт акіслення глюкозы, а за кошт акісленняў кетонавых цел (прадуктаў метабалізму тлушчаў). Гэта адзін з варыянтаў натуральнага энергетычнага забеспячэння арганізма. Пры галаданні або гіпакаларыйнай дыеце кетоз небяспекі не ўяўляе, пакуль не дасягае ступені кетаацыдозу. Такое развіццё кетозу магчымае ў выніку дзеяння дадатковых кетагенных фактараў, напрыклад, абязводжвання арганізма або алкагольнай інтаксікацыі. Дакладнае вытрымліванне ўмоў дыетатэрапіі ў спалучэнні з кваліфікаваным лабараторным і ўрачэбным маніторынгам неабходна для гарантыі бяспекі падобных дыет.

Тлушчавыя дыеты і тлушчавыя разгрузачныя дні даўно і паспяхова прымяняюцца ў лячэбным харчаванні ў тэрапіі лішняй вагі. І гэтаксама ў іх ёсць адзін агульны «мінус»: яны незбалансаваныя па якасным складзе. Таму і проціпаказанняў у падобных «тлушчавых» і безвугляводных дыет даволі шмат: гэта выражаны атэрасклероз, хранічная нырачная недастатковасць, праблемы з печанню, падстраўнікавай залозай, падагра і інш.

Варта, аднак, улічваць, што ўсе дыеты для зніжэння вагі з'яўляюцца ў той ці іншай ступені незбалансаванымі. Яны незбалансаваныя ўжо ад пачатку. Дысбаланс у тым, што арганізму прапануецца спажываць калорый менш, чым ён расходуе — іначай вагу не скінуць. Абмежаванне бялку ніжэй ніжняй мяжы сутачнай нормы прызнаецца недапушчальным, а значыць, структурны дысбаланс харчовых рэчываў — таксама агульная рыса ўсіх дыет для зніжэння вагі. Такім чынам, усе 15 тысяч відаў дыет для зніжэння вагі не адпавядаюць патрабаванню збалансаванасці.

Задача ў тым, каб выбраць для сябе дыету, найбольш прымальную для пастаяннага прымянення, якая адпавядала б індывідуальным асаблівасцям арганізма. Гэта, у пэўнай ступені, эксперымент на сабе, бо не існуе двух аднолькавых людзей і таму ніяк не можа быць універсальнай дыеты для ўсіх.

Варта прыгадаць вынікі мета-аналізу, праведзенага групай спецыялістаў на чале з Брэдлі Джонстанам з універсітэта МакМастар (Канада), апублікаваныя ў часопісе Амерыканскай медыцынскай асацыяцыі JAMA. Увогуле аналіз уключаў у сябе 59 артыкулаў, у якіх былі адлюстраваныя вынікі 48 клінічных выпрабаванняў. Агульная колькасць удзельнікаў склала больш за 7 тысяч чалавек (з сярэднім узростам 46 гадоў і сярэдняй вагой 94 кг). Даследаванне, праведзенае канадскімі вучонымі, паказала, што да істотнай страты вагі прыводзіць вытрымліванне любой дыеты з абмежаваннем тлушчаў і вугляводаў — незалежна ад яе брэндавай назвы.

«Атрыманыя даныя павінны яшчэ раз пераканаць тых, хто жадае пазбавіцца лішняй вагі, у тым, што няма ніякай неабходнасці ісці на повадзе ў моды і слепа трымацца нейкай адной сістэмы харчавання, таму што ў кожнай дыеты ёсць нейкія свае перавагі. Гэта важна, бо многія людзі адчуваюць цяжкасці з вытрымліваннем некаторых дыет, якія асацыююцца ў іх з парушэннем звыклага ладу жыцця. Нашы вынікі ўказваюць на тое, што пацыенты могуць выбіраць сярод праграм харчавання тыя, якія выклікаюць у іх найменшыя цяжкасці з вытрымліваннем рэкамендацый, галоўнае, каб пасля яны трымаліся іх, што ў выніку непазбежна прывядзе да зніжэння вагі», — заключаюць Джонстан і яго калегі.

Вось прыклад «рэвалюцыйнага» меню на адзін дзень:

09.45. Сняданак (яешня з трох яек, памідор, агурок, мацарэла, дамашні сыр, грудзінка ці бекон; кава з вяршкамі (35%), тварог (12%) з вяршкамі і смятанай (30%).

16.00. Хуткі перакус без адрыву ад работы (сыр хатні і маасдам, грэцкія арэхі; кава з вяршкамі).

20.30. Вячэра ў рэстаране (рулецікі з баклажанаў, узбекскія саленні, ташкенцкія памідоры; шашлык з бараніны з курдзючным салам, запечаны баклажан з кунжутнай пастай; сухое чырвонае віно).

00.55. Кубак цэйлонскага чаю з вяршкамі.

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Новая старая дыета

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.