Вы тут

Цыгарэтам дадуць прыкурыць


Ужо сёлета мы адчуем, як гэта — глядзець на свет без дымавой заслоны. Дапаўненні і змяненні ў галоўны антытытунёвы дакумент — Дэкрэт №28 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — знаходзяцца на разглядзе ў Савеце Міністраў.


З 194 краін свету 180, у тым ліку і наша, ратыфікавалі рамачную канвенцыю Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па барацьбе супраць тытуню. Існуе шмат спосабаў такой барацьбы. Беларусь нямала зрабіла за дзесяць гадоў, але наперадзе яшчэ больш важкія крокі. Сярод апошніх нашых дасягненняў — забарона рэкламы, спонсарства і іншага прасоўвання тытунёвай прадукцыі, а таксама забарона на адкрытую выкладку такога тавару ў месцах продажу. Зусім крыху засталося і да таго, як зменіцца цыгарэтная ўпакоўка (палову плошчы ўрэшце будуць займаць надпісы і карцінкі-папярэджванні аб шкодзе курэння). «Наспеў час абараняць тых, хто не курыць, хто працуе там, дзе могуць курыць, а таму патрабуецца поўная забарона на курэнне ў грамадскіх памяшканнях, — адзначае прадстаўнік Еўрапейскага бюро СААЗ, спецыяліст па кантролі за неінфекцыйнымі захворваннямі Ларс МОЛЕР. — Сусветная практыка паказвае, што ўладальнікі бараў і рэстаранаў застаюцца пры гэтым у выйгрышы — колькасць наведвальнікаў павялічваецца за кошт сем'яў з дзецьмі».

Крытычным момантам застаецца пакуль кошт на тытунёвую прадукцыю. Цэны ў нас ніжэйшыя, чым нават у суседніх краінах, не кажучы пра далёкае замежжа, дзе даўно пераканаліся, што рост цэн прыводзіць да зніжэння спажывання. Аднак патэнцыйны вытворца пры гэтым не церпіць страт: нават пры змяншэнні колькасці курцоў даход дзяржавы расце. Адначасова для дзяржавы адкрываюцца выдатныя магчымасці эканоміі сродкаў у галіне аховы здароўя, падкрэслівае спадар Молер. Пакуль жа ў Беларусі нізкі кошт на цыгарэты толькі правакуе кантрабанду гэтага тавару ў краіны-суседкі.

Як адзначае намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Людміла НАРОЙЧЫК, кошт цыгарэт у нас штомесяц расце, і рэзкага скачка да таго ўзроўню, што ёсць за мяжой, не чакаецца. «Міністэрства аховы здароўя робіць усё, што можа, — падкрэслівае Людміла Наройчык. — Шкода курэння відавочная, і многія людзі ўжо разумеюць абгрунтаванасць прыняцця жорсткіх захадаў, аднак мы маем справу з вельмі цяжкай залежнасцю і сур'ёзнымі стэрэатыпамі. Спадзяёмся, што рэалізацыя новых мер па барацьбе з тытунём сёлета дапаможа пераадолець стэрэатыпы».

Відавочна, зніжэнне курэння стане справай вельмі нялёгкай, бо пэўная катэгорыя людзей не «адпусціць» цыгарэту пры любым раскладзе. Таму цяпер дзяржава плануе працаваць на апераджэнне — каб залежнасць не прыцягвала новых ахвяр.

Што плануецца?

• Выраўнаваць электронныя цыгарэты да тытунёвых вырабаў. Адсюль забарона продажу электронных цыгарэт асобам ва ўзросце да 18 гадоў і выкладкі ў месцах гандлю.

• Пашырыць пералік месцаў, дзе будзе забаронены продаж тытунёвых і электронных цыгарэт, — у памяшканнях і на тэрыторыях, якія займаюць арганізацыі фізічнай культуры, спорту, установы адукацыі, аховы здароўя, санаторна-курортныя ўстановы.

• Забараніць спажыванне тытунёвых вырабаў і электронных сістэм курэння ў ліфтах і дапаможных памяшканнях дамоў, інтэрнатаў, на балконах і лоджыях агульнага карыстання, на пляжах, рабочых месцах і ў вытворчых памяшканнях, на прыпынках па ўсёй краіне.

• Забараніць курэнне ў аўтамабілях і памяшканнях у прысутнасці дзяцей да 14 гадоў.

• Забараніць курэнне ў памяшканнях, якія займаюць арганізацыі фізічнай культуры, спорту, фізкультурна-спартыўных збудаваннях і на іх тэрыторыях.

• Забараніць курэнне ў памяшканнях і на тэрыторыях дзяржаўных органаў культуры, аховы здароўя, адукацыі, гасцініцах, на пасажырскіх платформах вакзалаў, на аб'ектах грамадскага харчавання.

• Стварыць зоны для курэння, якія павінны адпавядаць патрабаванням Міністэрства аховы здароўя і па надзвычайных сітуацыях (мець такую сістэму вентыляцыі, каб ніякі дым не пранікаў у іншыя памяшканні). На вялікіх аб'ектах такія зоны могуць размяшчацца на вуліцы.

• Індывідуальныя прадпрымальнікі, юрыдычныя асобы, уладальнікі атрымаюць права на самастойную забарону курэння.

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.